Любімая навагодняя меладрама, расхопленая мільёнамі на цытаты, адзначае сёлета 45 гадоў! Фільм быў створаны ў 1975 годзе і ўпершыню паказаны па першай праграме Цэнтральнага тэлебачання СССР 1 студзеня 1976 года ў 17.45. З таго часу адрас — вуліца Будаўнікоў, 25, кватэра 12, — дзе адбываюцца ўсе гэтыя лірычныя, камічныя, а для кагосьці і драматычныя падзеі, стаў яшчэ адным сімвалам Новага года, як ёлка або мандарыны. Ёлку купіла, мандарыны — таксама, чагосьці не хапае. Ну, канешне, навагодніх прыгод! У Магілёве ж таксама ёсць вуліца Будаўнікоў і нават з домам нумар 25. Ну што, ідзём у госці?
Будавалі, будавалі і нарэшце так і назвалі: Будаўнікоў
Калі набірала тэлефонны нумар абазначанай кватэры, нават хвалявалася. Але, напэўна, адрас сапраўды магічны. Валянціна Кацельнікава, гаспадыня кватэры, нават не здзівілася, быццам чакала, што я ў госці напрашуся. Толькі ўдакладніла: адкуль? Са «Звязды»? І дазволіла: «Прыходзьце».
Дом хоць і не шаснаццаціпавярховік, як у кіно, — усяго два паверхі, але заблытацца і нават згубіцца, самі разумееце, можна і ў дзвюх соснах. Кватэра, дзе мяне чакалі, у пад'ездзе нумар два. Ведала, але я ўсё роўна памылілася. Там, дзе па логіцы павінен быць другі пад'езд, насамрэч аказаўся першы. Валянціна мне потым спачувала. «Нас увесь час блытаюць. То хуткая дапамога не да таго пад'езда пад'едзе, то міліцыя нешта пераблытае. А ўсё таму, што ў дамах пад'езды звычайна адлічваюць справа налева, а ў нас усё наадварот: злева направа. Побач блізнюк-двухпавярховік, дык у іх усё як мае быць. А вось мы «асаблівыя».
Кватэра маленькая, але кіношная таксама памерамі не ўражвала. Невялічкі вузкі калідор і сціплых памераў зала. Усёй той кватэры каля 34 квадратаў. Адна сцяна — спрэс фота дзяцей і ўнукаў. Здымкаў столькі, што на цэлы фотаальбом хопіць.
— У нас заўсёды сям'я вялікая была, — расказвае Валянціна. — У дзяцінстве мы жылі ў гэтай кватэры ўшасцярых: бацькі, я, два малодшыя браты і бабуля. І радаваліся, што кватэра асобная, хоць і без выгод. Яны з'явіліся значна пазней, пасля рэканструкцыі. Але тады, у 1962-м, і такі варыянт задавальняў. Вакол адны баракі, а мы як паны ў сваёй двухпакаёўцы. Тады тут і вуліцы яшчэ не было, увесь мікрараён называўся Магілёў-2. Толькі ў 1964-м нарэшце пачалі будаваць дарогу, а ў вуліцы з'явілася назва — Будаўнікоў. Напэўна, таму, што тут увесь час нешта будавалі.
Праз прапіску стала кіназоркай
Фільм выйшаў на экраны, калі Валянціна ўжо скончыла школу. Яго якраз паказвалі на яе дзень нараджэння — 1 студзеня. «Вось дык сюрпрыз!» — здзівілася сям'я, калі пачула адрас ад Яўгена Лукашына. А тут яшчэ і суседзі з другога паверха прыбеглі і крычаць: «Вы чулі? Вашу кватэру па тэлевізары паказваюць!» Вох і насмяяліся ж тады жыхары кватэры з кіношнай прапіскі!
— У фільме, праўда, размова ішла пра трэцюю вуліцу Будаўнікоў, — усміхаецца Валянціна. — Але ж яна ў нашым горадзе адна. А дзесьці ў пачатку 2000-х мы і самі на экран трапілі. Мясцовае тэлебачанне здымала сюжэт да юбілейнай даты фільма, а потым круціла яго па кабельным тэлебачанні. У нас яго, на жаль, не было. Затое калегі па рабоце доўга яшчэ віншавалі: «Валя, мы ж цябе па тэлевізары бачылі».
Адзначаць Новы год па-сапраўднаму з ёлкай і падарункамі Валянціна пачала толькі тады, калі сама стала маці. Бацькі амаль ніколі ёлку не ставілі, а Новы год хадзілі з дзецьмі адзначаць да сяброў у тыя самыя баракі, дзе раней і жылі. Было весела, цікава, шматлюдна. Потым баракі знеслі, сем'і раз'ехаліся, Новы год стаў выключна сямейным святам. І без ёлкі яго сустракаць было нават сумна. У доме з'явіліся шкляныя шары, шышкі, ліхтарыкі і вось гэтыя, зараз ужо рарытэтныя, ватныя Дзед Мароз і Снягурка вытворчасці Брэсцкай фабрыкі сувеніраў. Яны былі набыты ў папулярнай калісьці краме цацак на вуліцы Ленінскай.
Не жаніх, дык нявеста
Блытаніны з адрасам раней было нават больш. Тады ж дамафонаў наогул не існавала. Але прынца на канапе, як кіношная Надзя, Валянціна ў сваёй кватэры не знаходзіла. Хоць тэарэтычна адным ключом, як Лукашын, можна адкрыць дзверы не толькі сваёй кватэры, асабліва калі яна ў новым доме. Не будаўнікі ж пра замкі павінны думаць. Але жыццё часам падкідвае не менш забаўныя сюжэты, чым у кіно.
— Побач з намі сталовая, і там часта па суботах вяселлі гулялі, — згадвае Валянціна. — Справа якраз была дзесьці ў пераднавагоднія дні. Глядзім каля тэлевізара з дочкамі, і тут званок у дзверы. Адкрываю, а там нявеста з сяброўкай. Сяброўка ўмольна: «Схавайце нашу нявесту!» Я спачатку разгубілася: нічога сабе сюрпрыз! Але потым пагадзілася: няхай хаваецца. Хоць і выказала меркаванне, што жаніх наўрад ці здагадаецца, дзе яе шукаць. Так яно і адбылося. Сяброўка пайшла, а нявеста сядзела з намі хвілін 40. Прыйшлося мне выйсці на вуліцу паглядзець, ці шукае хто прапажу. Пахадзіла каля сталовай, там музыка грыміць, госці танцуюць, ніхто пра нявесту і не згадвае. Мяне аж смех разабраў — нішто сабе вяселле. Вярнулася і параіла нявесце ісці і нагадаць пра сябе самой. Яна ледзь не ў слёзы. Шкада яе стала, пайшла зноў жаніха шукаць. На гэты раз убачыла двух разгубленых хлопцаў, адзін з якіх і аказаўся тым самым жаніхом. Але без выкупу аддаваць нявесту не пагадзілася. Я ж яе амаль гадзіну берагла. І яны прынеслі каробку цукерак і бутэльку гарэлкі. Цырк на дроце, адным словам!
Ніякай заліўной рыбы — толькі аліўе і шуба
Ніводны Новы год у Савецкім Саюзе не абыходзіўся без гэтых фірменных страў. Трэба было яшчэ паклапаціцца інгрэдыенты дастаць. Гэта цяпер усё на любы густ і ў некалькіх ва-
рыянтах. А раней жыццё нашмат цікавейшым было. Прыходзілася ўвесь час за нешта змагацца. Дочкі Валянціны перыяд гэтага татальнага дэфіцыту не засталі. Але традыцыя, закладзеная ў савецкія гады, жывая ў сям'і дагэтуль.
— Аднойчы я паленавалася рабіць шубу, але зяць адразу ж адчуў, што нешта не так, — смяецца суразмоўца. — І я прызналася, што шубы няма. Але высновы зрабіла. А вось заліўную рыбу не раблю прынцыпова. Шмат валтузні з ёй. А пасля таго як кіно паглядзела, наогул нават жадання не ўзнікае.
«Іронію лёсу...» жанчына гатова глядзець колькі заўгодна, хоць ведае фільм да апошняга слова і жэста. Але ён нейкім неверагодным чынам вяртае ў тыя дні, калі ўсё ў жыцці здавалася простым і зразумелым, калі ўсе жылі на пад'ёме, у прадчуванні нейкай вельмі значнай падзеі. Жылі весела і з адчыненымі дзвярыма.
— 31 снежня збіраліся ў суседзяў на другім паверсе, 1 студзеня беглі да нас, — дзеліцца ўспамінамі Валянціна. — У нас і дзеці былі прыкладна аднаго ўзросту. Дружна нешта гатавалі, за стол садзіліся за гадзіну да бою курантаў — праводзілі стары і сустракалі новы год. Потым суседзі пераехалі, а дочкі мае павыходзілі замуж. Пайшлі ўнукі, і зноў мы адзначалі свята шумнай кампаніяй. У пачатку гэтага года разам сустракалі Раство. Хадзілі на Падніколле — там цяпер проста казка. Узялі паёк для перакусу і дзве гадзіны гулялі па парку, фатаграфаваліся, сустракалі знаёмых — весела было.
На жаль, сёлета ўпершыню прыйдзецца святкаваць Новы год паасобку. З-за пандэміі не зможа прыехаць з Санкт-Пецярбурга старэйшая дачка з сям'ёй. І хоць яны кожны дзень часам нават па два разы на скайпе, адчуванні іншыя. Хочацца, каб яны былі побач, але ж не ўсё ад нас залежыць. Дачка нават ужо і падарункі перадала — набор касметыкі Іў Рашэ на Новы год і новы танометр да дня нараджэння. Новы год хоць і супадае з маім асабістым святам, адчування, што гэта адно і тое ж, няма. Для мяне Новы год — гэта выключна 31 снежня. А потым пачынаецца дзень нараджэння. Калісьці мы загадвалі на Новы год шмат розных жаданняў. Спяшаліся пісаць іх на сурвэтцы, палілі пад бой курантаў, кідалі ў келіх з шампанскім і выпівалі. Нешта збывалася, але не заўсёды. Магчыма, штосьці рабілі не так. Сёлета мне хочацца загадаць адзінае жаданне. Каб дзеці і ўнукі былі здаровыя і хутчэй скончылася гэтая пандэмія, каб мы зноў сабраліся за вялікім сямейным сталом. А яшчэ хочацца, каб былі мір і згода. Сёння нехта жадае змяніць наш уклад жыцця, але мне здаецца, што лепш не будзе. Можа стаць яшчэ горш, бо будаваць заўсёды цяжэй, чым захоўваць тое, што дасталося ў спадчыну. Няўжо гэта незразумела? Часам мне вельмі хочацца зазірнуць у найбліжэйшую будучыню: што нас там чакае? Спадзяюся, што нешта лепшае. Магчыма, наступны год прынясе ўдачу. І трэба крышачку пацярпець, каб потым парадавацца спаўна.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/novy-god
[5] https://zviazda.by/be/tags/magilyou