Вітаўтас Жэймантас — вядомы літоўскі журналіст, пісьменнік. Узначальваў рэдакцыю вячэрняй гарадской газеты ў Вільні. Напісаў некалькі кніг для юнага чытача. Перакладае на літоўскую мову беларускую літаратуру. Дарэчы, літоўскі літаратар з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. А зусім нядаўна ў Вільні пабачыла свет яго кніга пра вядомых беларусаў, хто быў звязаны з Вільняй у першай палове XX стагоддзя.
— Ваша кніга «Родным духоўным словам» — вынік шматгадовай працы па пошуку адрасоў беларускай культуры, беларускай літаратуры ў Вільні, Літве. Як, з чаго ўсё пачыналася?
— Напэўна, са слана, якога я, шасцікласнік, першы раз жыўцом пабачыў у Гродзенскім заапарку… Або з бруку вуліц старога Гродна (чамусьці да гэтага часу, яшчэ з дзіцячых часоў, засела думка, што яна была вельмі падобная на брук вуліц майго роднага Вільнюса). А яшчэ, можа быць, з маладой дзяўчыны, якая засяроджана і бязгучна дзьмула ў «жалейку» — нешта круглае, празрыста бліскучае… Яно лавіла і ярка адлюстроўвала нават дробныя блікі святла; стварала ў невялікай Бярозаўцы, на шкляном заводзе «Нёман» нешта дзіўнае, незямное… Яно і прымусіла мяне напісаць эсэ «Сонца ў кроплі шкла».
— Вы былі ў Бярозаўцы, на Лідчыне?!. Гэта адзін з маіх любімых куткоў у Беларусі.. Лідчына, Навагрудчына, Мір, Карэліцкі край…
— І я горача люблю старажытны Гродзенскі край! А яшчэ, можа быць, пачатак ідзе ад здзіўлення ў Жодзіне, калі я дрыготкімі ад хвалявання рукамі караскаўся разам з журналістам, а пазней і пісьменнікам Анатолем Мясніковым ў кабіну волата «БЕЛАЗ»… Ад пошукаў гэтых «БЕЛАЗаў» у Літве і радасці, калі знайшоў… Так успаміны школьных экскурсій дапаўняліся журналісцкімі камандзіроўкамі. Я тады працаваў у літоўскай рэспубліканскай газеце «Tіesa» («Праўда»). Газета вельмі сябравала з беларускай газетай «Звязда». Я цяпер згадаў толькі два адрасы, куды нас запрашалі «звяздоўцы». За дзесяць гадоў, якія прапрацаваў у «Тіesa», я, сумесна з калегамі са «Звязды», аб’ездзіў многія гарады і вёскі Беларусі. Навучыўся не толькі разам спяваць «Касіў Ясь канюшыну», але і з кожнай паездкі прывозіў шмат цікавых уражанняў. Пісаў пра нафтавікоў Наваполацка, гарбараў Віцебска, вытворцах халадзільнікаў «Мінск», півавараў Ліды. Пісаў і пра белавежскіх зуброў, нашчадкі якіх цяпер ўваскрэсілі раней знішчаную папуляцыю літоўскіх зуброў. Пра старадаўні горад Гродна, пра славутасці возера Нарач, і пра многае іншае. Гэтыя сустрэчы з Беларуссю глыбока заселі ў сэрцы. Я стаў усё глыбей вывучаць і беларуска-літоўскія літаратурныя сувязі. А яны, да майго здзіўлення, глыбокія, шырокія і вельмі пладавітыя. Бо цвет беларускай класікі — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Танк — у маладосці былі цесна звязаныя з Літвой. Многія іншыя беларускія паэты, пісьменнікі, асветнікі — Максім Гарэцкі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Янка Быліна, Казімір Сваяк, Аляксандр Зязюля, Міхась Машара, Змітрок Бядуля, іншыя — таксама звязаны з Вільняй. (Гэта асобная тэма, поўная літаратурных знаходак.) У літоўскай прэсе я ўжо апублікаваў некалькі дзясяткаў артыкулаў пра беларускіх творцаў, якія жылі і тварылі ў Літве. Гэтыя публікацыі і ляглі ў аснову кнігі «Родным духоўным словам». Але канца гэтай тэмы я яшчэ не бачу.
— Героямі вашых нарысаў выступаюць, у асноўным, тыя дзеячы беларускай і збольшага літоўскай асветы, якія жылі ў Вільні ў першыя тры-чатыры дзесяцігоддзі XX стагоддзя. А што наогул было характэрна для таго часу ў беларускім жыцці Вільні?
— Я думаю, што ў той час самае характэрнае ў беларускім, як, зрэшты, і ў літоўскім жыцці, было актыўнае нацыянальнае адраджэнне. Таму і прадмову да кнігі я назваў «Літоўцы і беларусы — людзі агульнага лёсу». Калі царскае самадзяржаўе дазволіла нацыянальны друк, у Вільні ў 1906 годзе выйшла «Наша доля», першая легальная газета на беларускай мове. Яна была настолькі папулярная, што разавы тыраж 1‑га нумару склаў 10 тысяч асобнікаў. На жаль, царскія ўлады хутка яе зачынілі, а выдаўцоў — судзілі. Але беларускія патрыёты не спалохаліся, адразу пачалі выпускаць новую газету «Наша ніва». Там сталі публікавацца Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Янка Купала, Якуб Колас, Зоська Верас, Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш., іншыя беларускія творцы, асветнікі. У беларусаў цяга да роднага слова была вялікай! Нягледзячы на тое, што царскія, а пазней і польскія ўлады ўсяляк перашкаджалі развіццю беларускага друку, у Вільні да вайны выходзіла некалькі дзясяткаў беларускіх перыядычных выданняў: грамадска-палітычных, рэлігійных, культурных, дзіцячых, нават часопіс для пчаляроў «Беларуская борць», выдаваліся і беларускія кнігі. Вільня ў той час была адным з асяродкаў беларускай культуры. Але, так кажучы, не трэба забываць і пра Каўнас, у тую пару часовую сталіцу Літвы, дзе таксама актыўна дзейнічалі беларусы, беларускія грамадскія аб’яднанні. Тут з 1918 года пачало працаваць Міністэрства беларускіх спраў Літвы, першымі міністрамі якога былі вядомыя беларускія дзеячы Язэп Варонка, Дамінік Сямашка. Міністэрства ахоўвала інтарэсы беларусаў, клапацілася пра іх эканамічныя, культурныя запыты, пра беларускую асвету, беларускі друк. Акрамя таго, у Каўнасе дзейнічалі актывісты Беларускага Культурна — асветніцкага Таварыства, плённа працаваў і Беларускі Выдавецкі Цэнтр. У Каўнасе выходзілі часопісы «Часопіс», «Беларускі сцяг», газета «Крывічы», выдаваліся беларускія кнігі, у тым ліку ў 1924 годзе выйшаў і «Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік». Такое вось шырокая беларуская спадчына ў Літве, вядома, дапамагала ў зборы матэрыялаў для публікацый. Была толькі адна цяжкасць — тады беларусы пісалі і кірыліцай, і лацінкай. Выходзілі параллельна две азбукі і ўжо згаданыя газеты «Наша доля» і «Наша ніва». Праблемы ўзнікалі ў напісанні імёнаў, прозвішчаў, уласных назоўнікаў. Па-свойму іх называлі і пісалі на літоўскай, рускай і польскай мовах. Напрыклад, вядомы беларускі пісьменнік і асветнік Максім Гарэцкі, які жыў у Вільні, мог быць Гарэцкі, Гарецкі, Харецкі, Goreckіs, Gareckіs, Horeckіs, Hareckіs… Ідэнтыфікаваць асобу, шукаць яе ўскладняла і распачатая беларусізацыя імёнаў і прозвішчаў: Іван — Янук, Januk, Уладзімір — Uladzіmіr… Акрамя таго, беларускія аўтары сталі пазбягаць польскіх літар sz, sz, cz, і замест іх пачалі, як і літоўцы, пісаць літары c, s, z. Новыя літары з’явіліся ў прозвішчах (A. Stankіevіc), псеўданімах (Vіncuk Adwazny), назвах газет (Bіelaruskaje zyccіo) і кніг (Kazіukowa Zanіmstwa або Fr. Bahusewіc: jaho zyccіo і tworcasc). Таму пошук у старых каталогах бібліятэк і архівах, дзе вельмі важная паслядоўнасць літар, быў цяжкім. Але дапамагала веданне беларускай, рускай і польскай моў. А з цяжкасцямі дасягнуты вынік толькі павялічваў радасць знаходкі.
— Хто з персанажаў вашай кнігі найбольш блізкі, найбольш цікавы вам?
— У маёй новай кнізе дзевяць герояў, дзевяць дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння, пісьменнікі, паэты, публіцысты, якія да вайны вучыліся, працавалі, тварылі ў Літве. Гэта Адам Станкевіч, Станіслаў Глякоўскі (Stasіuk z‑nad Nіomna), Аляксандр Астрамовіч (Андрэй Зязюля), Ян (Янка) Семашкевіч (Янка Быліна), Вінцэнт (Вінцук) Гадлеўскі, Язэп Германовіч (Вінцук Адважны), Канстанцін Стэповіч (Казімір Сваяк), Віктар Шутавіч і Уладзіслаў Талочка. Можа адразу ўзнікнуць пытанне, чаму няма класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, якія таксама жылі ў Вільні, там пачыналі ствараць? Таму, што яны ў Літве добра вядомыя, іх спадчыну вывучаюць цэлыя інстытуты і музеі, названыя імёнамі вялікіх творцаў. І тут я наўрад ці знайду нешта новае, а паўтарацца не хацелася б. Героі маёй кнігі менш вядомыя, але яны імпануюць сваёй самабытнасцю, актыўнай барацьбой за нацыянальнае адраджэнне, любоўю да роднай мовы, да свайго народу, і вялікім жаданнем тварыць. Хто з іх найбольш блізкі, найбольш цікавы? Усе яны мне цікавыя, дарагія. Адам Станкевіч, напрыклад, у Вільні выдаваў газеты «Крыніцa», часопісы «Хрысьціянская Думка» і «Шлях Моладзі». Напісаў шмат кніг, у тым ліку і «Doktar Francіsak Skaryna — pіersy drukar bіelaruskі 1525–1925» (1925), «Bіelaruskaja mowa u skolach Bіelarusі XVІ і XVІІ st.» (1928), «Rodnaja mowa u swіatynіach» (1929), « Вітаўт Вялікі і Беларусы» (1930), «Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Белорусі» (1933), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня» (1934), «Bіelaruskі chryscіjanskі ruch» (1939), «Хрысьціянства і Беларускі народ» (1940), іншыя працы. Дарэчы, А. Станкевічам я ўпершыню зацікавіўся, калі ў часопісе «Калоссе» (1938, № 3, 4; 1939; № 1, 2, 3) знайшоў яго вялікую студыю «З літуанізмаў у беларускай мове». Станіслаў Глякоўскі, вядомы больш пад псеўданімам Stasіuk z‑nad Nіomna, актыўна супрацоўнічаў у беларускім друку, у Вільні выдаваў кнігі на беларускай, фінансаваў выданне дзіцячай газеты «Пролескі», творчыя праекты беларускіх пісьменнікаў. Аляксандр Астрамовіч, пад псеўданім Андрэй Зязюля, пісаў шчырыя лірычныя вершы. У Вільні выпусціў кнігі вершаў «Z rodnaha zahonu» (1913), «Alencyna wіaselle» (1923), у Пецярбургу паэму «Слова праўды аб мове і долі беларуса» (1917). У вёсках збіраў беларускі фальклор і разам з Антонам Грыневічам у 1912 г. выдаў двухтомнік «Беларускія песні з нотамі». Падобнае я магу сказаць і пра іншых герояў кнігі.
— Несумненна, і Адам Станкевіч, і Станіслаў Глякоўскі, і Андрэй Зязюля, і Янка Быліна, і Вінцук Адважны, і Уладзіслаў Талочка, і Вінцэнт Гадлеўскі, і Віктар Шутавічы — не ўвесь беларускі Вільнюс… Пра каго яшчэ збіраецеся напісаць? Ці будзе працяг кнігі «Родным духоўным словам»?
— У перыядычным друку ўжо былі мае артыкулы, героямі якіх з’яўляліся Максім Танк, Максім Гарэцкі, Наталля Арсеннева, Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Руль, Аляксей Зарыцкі, які пераклаў паэму «Чатыры пары года» нашага класіка К. Данелайціса. Пісаў і пра газеты «Наша доля» і «Наша ніва». Але ў Літве беларуская тэма — невычэрпная. У Вільні каля 30 назваў вуліц маюць беларускае паходжанне, пачынаючы ад вуліцы Янкі Купала, Якуба Коласа і заканчваючы Мінскай, Лідскай, Полацкай… У старым горадзе шмат мемарыяльных дошак прысвечана беларускім дзеячам. А ў бібліятэцы Літоўскай Акадэміі Навук — дзясяткі назваў беларускіх газет, часопісаў, сотні кніг. Туды зойдзеш — можна месяцамі не выходзіць. Я адчуваю журналісцкую, пісьменніцкую асалоду, займаючыся гэтымі тэмамі. Цяпер больш зацікавіўся жыццём і творчасцю Алаізы Пашкевіч (Цёткі) — 1876–1916. Яна жыла ў Вільні, выйшла замуж за Сцепанаса Кайрыса, аднаго з заснавальнікаў сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, працавала ў бальніцы, побач з якой я жыў. Яе дзейнасць шматгранная, яна і беларуская паэтка, і празаік, і грамадска-палітычны дзеяч і актрыса, педагог. Стаяла ля вытокаў першай легальнай газеты на беларускай мове «Наша доля», рэдагавала дзіцячы часопіс «Лучынка». Аўтар зборнікаў «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская», кніжак для дзяцей «Першае чытанне для дзетак беларусаў», «Лемантар», «Гасцінец для малых дзяцей»… Цікавы лёс і ў амаль сто гадоў пражыўшай беларускай паэткі, пісьменніцы, мастачкі, грамадскага дзеяча Зоські Верас (сапраўднае імя — Людвіка Савіцкая-Войцік) — 1892–1991. Жыла яна ў Вільні з 1923 года, працавала адміністратарам рэдакцый газет «Беларускай сялянска-работніцкай грамады», рэдагавала дзіцячыя часопісы «Заранка», «Пралескі». Публікавала свае літаратурна-мастацкія, публіцыстычныя творы ў часопісах «Шлях моладзі», «Студэнцкая думка». Паэтка шмат дапамагала беларускім палітычным вязням, якія знаходзіліся ў Лукішскай турме. Гэта яна з турмы ўпотай вынесла рукапісы беларускага пісьменніка Міхася Машара, які сядзеў там, і з дапамогай Станіслава Глякоўскага выдала кнігу. Дарэчы, у Лукішскай турме некалькі пазней як палітычныя зняволеныя тэрмін адбывалі і паэт Максім Танк, і героі маёй кнігі Адам Станкевіч, Вінцук Гадлеўскі. Так што, беларускіх тэм болей чым досыць! Было б здароўе, каб раскрыць іх…
— Вы спрабавалі перакладаць на літоўскую мову творы беларускіх празаікаў… Раскажыце, калі ласка, аб гэтым некалькі падрабязней.
— З беларускага перакладаць стаў параўнальна нядаўна. Будучы ў Мінску, купіў «Беларуска-рускі слоўнік». Першыя пераклады былі з творчасці Лідзіі Арабей — мяне зацікавіла яе літоўская тэма. Пазней зацікавіла проза Максіма Гарэцкага і Максіма Танка. Абодва вельмі цікава пісалі пра даваенную Вільню. Пераклаў некалькі вершаў Францыска Скарыны і Максіма Багдановіча, казак Вольгі Караткевіч, апавяданняў Алеся Карлюкевіча, літаратурных мініяцюр Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Георгія Марчука. Рады, што мае намаганні былі заўважаныя ў Мінску: у 2010 годзе я быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Ганаруся тым, што ва ўнікальнай кнізе «Францыск Скарына на мовах народаў свету», якая ў 2014 годзе выйшла ў свет дзякуючы выдавецкаму дому «Звязда», ёсць і мой пераклад на літоўскую мову. Узяўся і за больш буйны твор Алеся Карлюкевіча — аповесць-казку дзецям «Як Шубуршун па Свіслачы падарожнічаў». У 2015 годзе яе асобнай кнігай выпусціла выдавецтва «Трис жвайгждутес» («Тры зорачкі»), якой кіруе таксама член Саюза пісьменнікаў Беларусі Яронімас Лауцюс. Гаворачы аб перакладах, магу толькі пашкадаваць, што да гэтага часу няма «Беларуска-літоўскага слоўніка».
— Ведаю, што вы прыязджалі некалькі разоў у Мінск, пабывалі ў Гродне. Ці павезлі потым з сабой якія-небудзь «беларускія сюжэты»? Напісалі нешта пра Беларусь?
— Два разы быў запрошаны на з’езд Саюза пісьменнікаў Беларусі. Некалькі разоў у Мінску, пазней і ў Гродне удзельнічаў у літаратурных дыспутах, знаёміўся і з працай Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу. Скарыстаўшыся бязвізавым рэжымам, пабываў у Гродне, палюбаваўся старым горадам, паплаваў па Аўгустоўскім канале, прывозіў у Гродна і ўнука. Вядома, вяртаючыся з кожнай паездкі, прыводжу дадому і процьму ўражанняў. А, маючы на??ўвазе, што мяне больш за сорак гадоў «корміць» журналістыка, пасля кожнай паездкі рука сама цягнецца выліць ўражанні. Публікаваўся з беларускімі матэрыяламі ў рэспубліканскіх газетах «Ліетувас айдас» («Эхо Літвы»), «ХХІ амжюс» («ХХІ стагоддзе»), «Ворута» (назва мясцовасці), часопісах «Гайрес» (Вехі), «Жвайгждуте» («зорачка») і, вядома, у лічбавай газеце Саюза журналістаў Літвы, якую рэдагую вось ужо амаль дзесяць гадоў. Маю беларускую тэму пашыраў і ўдзел беларусаў у розных мерапрыемствах, якія праходзілі ў Літве. Пісаў аб паспяховым удзеле беларускіх кнігавыдаўцоў на Віленскіх міжнародных кніжных выставах-кірмашах, аб выставах беларускіх мастакоў, гастролях беларускіх тэатраў. Так што, жыццё працягваецца, будзе пра што пісаць.
— А як сёння развіваецца ў Літве гістарычна-дакументальная, краязнаўчая літаратура?
— Думаю, што паспяхова. У савецкі час быў зроблены ўхіл на рэвалюцыйную тэматыку, на барацьбу з прыгнётам нацыі, простага народа. Цяпер можна даследаваць і пісаць літаральна пра ўсё. Адсутнасць ідэалагічных канонаў дазваляе інтэрпрэтаваць падзеі па-рознаму. Добра, што стракатасць меркаванняў стварае перадумовы да разважання, але дрэнна, зразумела, што ў гэтай стракатасці можна і заблытацца. Думаю, што добрай тэндэнцыяй у гістарычна-краязнаўчым руху з’яўляецца і жаданне лепш спазнаць гісторыю, культуру і побыт іншых народаў, якія пражываюць у Літве. Бо Літва — гэта не толькі літоўцы. Пра беларускі пласт я ўжо казаў, ёсць яшчэ і рускі, польскі, яўрэйскі, а яшчэ — татарскі, караімскі культурны пласт. Прыемна, што ўсе народнасці хочуць і могуць паглыбіцца ў свае гістарычныя карані. Гэтаму спрыяюць перыядычны друк і кнігі, якія выходзілі на беларускай, рускай, польскай, яўрэйскай, караімскай мовах. Не адзін раз, заканчваючы свае артыкулы ў літоўскай прэсе, я казаў, што нам, літоўцам, трэба лепш ведаць жыццё народаў, якія жывуць побач.
Гутарыў Кірыл Ладуцька
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[2] https://zviazda.by/be/tags/litva