Сярод падарункаў да юбілею аўтара «Дзікага палявання караля Стаха» — і кніга гісторыка літаратуры Анатоля ВЕРАБ'Я.
У выдавецтве «Беларуская навука» пабачыў свет зборнік выбраных артыкулаў пра Уладзіміра Караткевіча «Блізкае і дарагое». Аўтар — кандыдат філалагічных навук Анатоль Верабей. Нагадаем, што дасведчаны літаратуразнавец, гісторык беларускай літаратуры, шматгадовы выкладчык філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1990 — 2020 гг.), мэтанакіравана і паслядоўна займаецца даследаваннем жыцця і творчасці класіка беларускай літаратуры, аўтара неўміручых твораў «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», іншых раманаў, аповесцяў, апавяданняў, п'ес, вершаў... У 1985 годзе выйшла кніга А. Вераб'я «Жывая повязь часоў: Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча». Пасля да чытача прыйшлі яго кнігі «Абуджаная памяць: Нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча» (1997; даследванне было адзначана Літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка Саюза беларускіх пісьменнікаў), «Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць» (2005). Дзякуючы намаганням літаратуразнаўцы ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» рэалізоўваецца праект па выданні Збора твораў У. Караткевіча ў 25 тамах. Так фанатычна, самаахвярна служыць справе захавання і пашырэння спадчыны класіка хіба што толькі Анатоль Верабей.
Новая кніга ўяўляе сабой зборнікі артыкулаў, надрукаваных у розныя гады. Уважлівае знаёмства з імі падказвае, што і ў гэтым выданні даследчык імкнецца да стварэння цэласнага партрэта шматаблічнага пісьменніка. Пра гэта сведчаць ужо і самі назвы раздзелаў, у якіх згрупаваныя артыкулы: «Праблемы жыцця і творчасці»; «Беларускі літаратурны кантэкст»; «Сусветны літаратурны кантэкст»; «Рэгіянальны кантэкст». Творчасць, пісьменніцкая біяграфія Уладзіміра Караткевіча разглядаецца ў судакрананні з Францыскам Скарынам, Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Янкам Купалам, Якубам Коласам, Максімам Багдановічам, Уладзімірам Жылкам. А. Верабей паказвае адносіны класіка са сваімі сучаснікамі — з Максімам Танкам, Юльянам Пшырковым, Янкам Брылём, Уладзімірам Калеснікам, Васілём Быкавым, Генадзем Кісялёвым, Алегам Лойкам, Адамам Мальдзісам.
Адным з любімых пісьменнікаў У. Караткевіча быў Канстанцін Паустоўскі. А. Верабей адзначае: «Уладзіміра Караткевіча многае збліжае з К. Паустоўскім. Абодва пісьменнікі вучыліся ў Кіеўскім універсітэце, там фарміраваліся яны як асобы і творцы. І адзін, і другі былі нястомнымі вандроўнікамі. Яднае іх і глыбокая духоўная роднасць.
У лісце да К. Паустоўскага ад 26 сакавіка 1965 г. У. Караткевіч пісаў: «Дорогой Константин Георгиевич!
Заранее прошу извинить меня за то, что, быть может, отниму у Вас несколько минут рабочего времени. Но ведь может случиться так, что человеку уже нельзя не написать старому, испытанному другу, пусть даже этот друг и не подозревает о твоем существовании. А вы для меня именно такой друг в любую минуту жизни...»
Дарэчы, існуе пазнака на рукапісе п'есы У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі», што твор быў закончаны ў Тарусе 30 жніўня 1963 г. А пад уражаннем той паездкі было напісана апавяданне «Барвяны шчыт». Ёсць ва Уладзіміра Караткевіча і паэма «Таруская віла». Тэматычна твор звязаны з дарагім для К. Паустоўскага горадам Таруса ў Калужскай вобласці.
А. Верабей перакананы ў тым, што класікаў рускай і беларускай літаратуры «... збліжае рамантызм іх творчасці. Думаецца, што У. Караткевічу імпанавалі думкі рускага пісьменніка пра тое, што «рамантычная настроенасць не дазваляе чалавеку быць хлуслівым, цёмным, баязлівым і жорсткім», што ў рамантыцы заключаецца высакародная сіла. У апавяданні «Лятучы галандзец» У. Караткевіч сцвярджаў, што каб не зачарсцвець душою, трэба верыць у легенды, не страчваць светлага і чыстага ўспрымання рэчаіснасці».
Кастусь ЛЕШНІЦА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/kastus-leshnica
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/anatol-verabey