У Беларусі зноў дазволілі дастаўку лекаў і іншых аптэчных тавараў — гэтым разам да 1 ліпеня. Першымі сэрвіс перазапусцілі аптэчныя сеткі ADEL і «Добрыя лекі». Кур'еры развозяць заказы ў Мінску і абласных цэнтрах пры куплі ад 30 рублёў.
А ўпершыню дастаўку гэтых тавараў дазволілі ў маі мінулага года на піку першай хвалі каранавіруса. У зацверджаны ўрадам спіс увайшлі 29 аптэчных арганізацый, але на справе сэрвіс запусцілі толькі некалькі буйных сетак. Ды і працаваў ён нядоўга: 1 ліпеня скончылася дзеянне дазволу, а падаўжаць яго не сталі. Аднак пілотны праект рэанімавалі праз пяць месяцаў — 30 снежня быў падпісаны Указ № 512, які дазволіў аптэчным сеткам развозіць лекі пакупнікам да 1 ліпеня 2021 года.
Як і раней, замовіць можна толькі дастаўку безрэцэптурных лекаў і спадарожных тавараў — касметыкі, сродкаў гігіены, медтэхнікі і прадуктаў харчавання. А вось БАДы і прэпараты, якія патрабуюць рэцэпта ці адчувальныя да тэмператур, можна папрасіць даставіць у найбліжэйшую аптэку і потым забраць самавывазам.
Аптэчныя сеткі ADEL і «Добрыя лекі» пасля значнага перапынку пачалі развозіць лекі па дамах у Мінску і ўсіх абласных цэнтрах. Сэрвіс таксама запрацаваў у Полацку і Наваполацку. Геаграфію дастаўкі вырашылі паступова пашыраць.
У той жа час магчымасць дастаўкі ў найбліжэйшую аптэку дзейнічае таксама ў раённых цэнтрах. Для выбару месца самавывазу даступныя больш за 320 аптэк ва ўсіх рэгіёнах.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: gmpnews.ru
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/leki
[5] https://zviazda.by/be/tags/dastauka