Кожны навучэнец мае права на якасную адукацыю, але гэтага немагчыма дасягнуць без актыўных, матываваных, мэтанакіраваных і таленавітых педагогаў. Менавіта таму і з’явілася праграма «Настаўнік для Беларусі». Гэты праект разлічаны на тых, хто гатовы змагацца з адукацыйнай няроўнасцю, хто не баіцца новага і верыць што кожнае дзіця павінна мець шанец на развіццё свайго патэнцыялу.
Стаць яго ўдзельнікамі могуць не толькі выпускнікі педагагічных спецыяльнасцей і вопытныя настаўнікі: у гэтым годзе праграма стала даступнай для ўсіх уладальнікаў дыпломаў аб вышэйшай адукацыі — апошнія праходзяць адпаведную перападрыхтоўку ў магістратуры БДПУ.
Зараз у рэгіёнах краіны выкладаюць ужо больш за 30 «настаўнікаў для Беларусі» (9 дзельнікаў першага набору і 22 — другога), праграма ахапіла літаральна ўсю краіну (19 школ-партёраў). Педагогі ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах, хакатонах і фестывалях, эксперыментуюць з дыстанцыйным навучаннем, праводзяць анлайн-летнікі і ставяць спектаклі (апошнія — з удзельнікамі праекта «Праз тэатр», які арганізавала IT-кампанія «Вайзор Геймз»).
У гэтым годзе фонд «Новая школа» плануе набраць новых «настаўнікаў для Беларусі», каб пашырыць сваю прысутнасць у рэгіёнах і стварыць унікальныя адукацыйныя магчымасці для большай колькасці дзяцей.
«Настаўнікі для Беларусі» павінны будуць выкладаць на стаўку на працягу двух гадоў і працаваць над праектам, важным для дзяцей і мясцовай супольнасці. Фонд «Новая школа», заснаваны БПС-Ашчадбанкам, кампенсуе выдаткі на жыллё і гарантуе ўдзельнікам штомесячную стыпендыю ў памеры 250 рублёў. Партнёры праграмы — анлайн-гіпермаркет 21vek. by і EPAM Systems — прадастаўляюць ноўтбукі для работы.
Другая хваля набору працягнецца да 28 лютага 2021-га ўключна. Даведацца аб падрабязнасцях можна тут - http://teach4.by/uchastnikam [4], запоўніць анкету тут - http://teach4.by/anketa [5]
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] http://teach4.by/uchastnikam
[5] http://teach4.by/anketa
[6] https://zviazda.by/be/tags/nastaunik-dlya-belarusi-0
[7] https://zviazda.by/be/tags/praekt-nastaunik-dlya-belarusi