Асноўныя палажэнні праекта Праграмы развіцця на пяцігоддзе прэзентавалі ў Міністэрстве эканомікі. Па сутнасці, гэта абрысы будучай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021–2025 гады, якія будуць разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе.
У фармаце фарсайтаў
Як патлумачыў міністр эканомікі Аляксандр ЧАРВЯКОЎ на прэс-прэзентацыі, у патрыхтоўцы дакумента былі задзейнічаны эксперты па кожным з накірункаў сацыяльнай і эканамічнай частак будучай праграмы, якія рабілі акцэнт на вопыце практыкаў і прапановах бізнесу. Дарэчы, у распрацоўцы былі задзейнічаны таксама навукоўцы профільнага інстытута Мінэканомікі, Акадэміі навук, адукацыйныя ўніверсітэты, эксперты даследчых цэнтраў ІПМ і БЕРОК, прадстаўнікі саюза прадпрымальнікаў, прыватных устаноў адукацыі, медыцынскіх цэнтраў і іншыя. Работа, сапраўды, была карпатлівай: пачынаючы з 2019 года, у фармаце фарсайтаў выпрацоўваліся стратэгічныя накірункі развіцця краіны. Галіновыя накірункі далей адпрацоўваліся непасрэдна з бізнесам і профільнымі міністэрствамі: эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва і архітэктуры.
— Таму праект Праграмы — гэта вынік сумеснай працы, у першую чаргу навукоўцаў, бізнесу, грамадскіх арганізацый і экспертаў органаў дзяржкіравання, — падкрэсліў міністр.
Ён адзначыў, што пры яе распрацоўцы ўлічваліся і праблемы, якія засталіся нявырашанымі ў папярэдняй пяцігодцы, і таксама сітуацыя ў свеце, якая рэзка змяняе канфігурацыю ўмоў развіцця. Гаворка, у прыватнасці, аб больш жорсткай канкурэнцыі, пратэкцыянізме, рэгіяналізацыі і абмежаванні ў допуску да новых тэхналогій і выхадзе на фінансавыя рынкі. Сярод унутраных абмежаванняў Аляксандр Чарвякоў назваў зніжэнне дэмаграфічнага патэнцыялу, адставанне па вытворчасці працы ад еўрапейскіх дзяржаў і высокую залежнасць эканомікі ад вуглевадароднай сыравіны.
— Таму праграма развіцця павінна не толькі рэагаваць і нівеліраваць выклікі і абмежаванні, але і ствараць аснову для будучага росту, — перакананы ён.
Сацыяльная накіраванасць захаваецца
Кажучы пра абрысы развіцця эканомікі, міністр агучыў тры яе асноўныя рысы. Перш-наперш, дзяржава працягне захоўваць сацыяльную накіраванасць, дзе галоўная мэта — рост дабрабыту людзей.
— Асноўная ўвага будзе нададзена даходам насельніцтва, цэнам, занятасці, даступнасці жылля, а таксама высокатэхналагічным паслугам у сферах аховы здароўя і адукацыі, — падкрэсліў міністр.
Другая рыса эканомікі датычыцца далейшага развіцця індустрыяльнага патэнцыялу ў традыцыйных галінах прамысловасці і сельскай гаспадаркі, але толькі на новай тэхналагічнай базе і лічбавай аснове.
І, нарэшце, трэцяя асаблівасць — неабходнасць фарміравання новых высокатэхналагічных галін і прадпрыемстваў.
У якасці прыярытэтаў распрацоўшчыкі праекта Праграмы вылучаюць чатыры асноўныя накірункі. Першы, відавочна, адзін з найважнейшых — шчаслівая сям’я. Па задуме аўтараў праграмы, яго рэалізацыя прадугледжвае ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, у аснове якіх здаровая сям’я, падтрымка маладых і клопат пра старэйшае пакаленне.
Другі прыярытэт — моцныя рэгіёны. І тут акцэнт робіцца на камфортныя і бяспечныя ўмовы жыцця і працы ў любым кутку краіны.
Трэці — інтэлектуальная краіна. У аснову гэтага прыярытэту пакладзены адукацыя і навучанне, развіццё навукі, падтрымка вынаходніцтва і рацыяналізатарства, раскрыццё творчага патэнцыялу.
Чацвёрты прыярытэт — дзяржава-партнёр. Маецца на ўвазе ўмацаванне дыялогу і ўзаемнага даверу паміж дзяржавай і чалавекам, дзяржавай і бізнесам, дзяржавай і грамадствам.
— І калі першыя тры прыярытэты адказваюць за развіццё чалавечага патэнцыялу (якасць працоўнай сілы, яе высокага інтэлекту і стварэнне камфортных і бяспечных умоў у рэгіёнах), то чацвёрты прыярытэт дазваляе атрымаць сінергетычны эфект ад шчыльнага ўзаемадзеяння паміж дзяржавай, грамадствам, чалавекам і бізнесам. А сукупнасць прыярытэтаў дазваляе забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і дабрабыт нашых грамадзян, - перакананы Аляксандр Чарвякоў.
Адсюль лагічна вынікае канструкцыя Праграмы, якая складаецца таксама з чатырох ключавых блокаў: паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, умацаванне эканамічнага патэнцыялу і лічбавая трансфармацыя, рэгіянальнае развіццё і стварэнне спрыяльнага рэгуляторнага асяроддзя.
Ад рэгіянальных медцэнтраў да змены фармату ўступных кампаній
Пачнём з першага — паляпшэння якасці жыцця насельніцтва, якое вызначаецца ўзроўнем медыцыны, адукацыі, сацыяльнай абароны і даходамі насельніцтва.
Безумоўна, у ахове здароўя даступная і якасная медыцына — аснова высокага ўзроўню, якога дасягнула грамадства. У развіцці медыцыны на пяцігодку распрацоўшчыкі бачаць тры асноўныя накірункі.
Па-першае, зніжэнне ўзроўню захваральнасці насельніцтва і эпідэміялагічная бяспека. Асноўнымі мерамі ў гэтым будуць прафілактычныя скрынінгі і дыспансерызацыя. Будуць узмоцнены меры па прадухіленню распаўсюджання хвароб і інфекцый, мінімізацыі наступстваў каранавіруса.
Другі накірунак тычыцца фарміравання высокатэхналагічнай медыцыны ў рэгіёнах. Плануецца стварыць сетку з 12 міжрэгіянальных цэнтраў аказання спецыялізаванай медыцынскай дапамогі. Цэнтры будуць аснашчаны неабходным сучасным дыягнастычным абсталяваннем.
Трэці накірунак — лічбавізацыя медыцыны, якая будзе пабудавана на ўкараненні адзінай тэлекамунікацыйнай інфраструктуры аховы здароўя на базе 5G. Што гэта дасць? Інтэлектуальныя сістэмы дадуць магчымасць дыстанцыйнага маніторынгу здароўя, а тэлемедыцына і рабатызацыя — правядзення высокатэхналагічных аперацый.
Між іншым, акрамя медыцыны ў сацыяльным блоку акцэнт робіцца і на развіцці адукацыі. Задача, якую абазначылі распрацоўшчыкі, — забяспечыць такі ўзровень адукацыі, пры якім чалавек змог бы лёгка і свабодна ставіць перад сабой мэты і задачы і дасягаць іх з актуальным наборам ведаў і ўменняў, заставацца запатрабаваным цягам усяго жыццёвага цыклу.
Так, у сістэме сярэдняй адукацыі акцэнт будзе рабіцца на ранняй прафесійнай адукацыі і самавызначэнні, фарміраванні ў школьнікаў інавацыйных і прадпрымальніцкіх навыкаў. Для гэтага прапануецца павялічыць вучэбныя гадзіны па дакладных навуках: фізіцы, хіміі, матэматыцы. У сістэме вышэйшай адукацыі прадугледжваюцца змены фармату ўступных кампаній, а таксама павышэнне практыка-арыентаванасці адукацыйнага працэсу. Для старэйшага пакалення (55+) будуць укараняцца праграмы дадатковай адукацыі, у тым ліку навучанне інфармацыйным тэхналогіям.
З’явіцца новая структура — дзяржкарпарацыя
Другі блок праграмы тычыцца ўмацавання эканамічнага патэнцыялу і лічбавай трансфармацыі. У вырашэнні гэтага пытання росту эканомікі асноўнымі вектарамі развіцця павінны стаць павелічэнне ўнутранага спажывання, разгортванне новага інвестыцыйнага цыкла і рэалізацыя экспартнай стратэгіі. Што тычыцца першага, гаворка аб стымуляванні куплі айчынных тавараў, другога — росту вытворчасці працы, павелічэнні канкурэнтаздольнасці і экспартных магчымасцей, стварэнні развітой інфраструктуры ва ўсіх рэгіёнах краіны.
— Больш жорсткая канкурэнцыя на рынках свету патрабуе новых арганізацыйных бізнес-мадэлей прадпрыемстваў, — перакананы міністр эканомікі. — Прадугледжваецца стварэнне новай арганізацыйнай структуры — дзяржаўнай карпарацыі — на аснове аб’яднання па прынцыпе вытворчых ланцужкоў: ад вытворцы сыравіны да канчатковага прадукту.
Як патлумачыў Аляксандр Чарвякоў, на першапачатковым этапе прапрацоваецца стварэнне сямі дзяржкарпарацый у прамысловай галіне. Што гэта дасць?
Па-першае, аб’яднае рэсурсы і скароціць выдаткі. Па-новаму вырашыць пытанні з фінансавым аздараўленнем некаторых арганізацый.
Па-другое, павысіць аддачу ад дзяржактываў, перш за ўсё за кошт удасканалення сістэмы кіравання імі. Канчатковая мэта — выбудаваць рацыянальную схему ўзаемадзеяння паміж прадпрыемствамі, каб ствараць і прадаваць не проста тавар, а прадуктовы комплекс тавараў і паслуг, у тым ліку сэрвіснае і гарантыйнае абслугоўванне.
Паводле слоў міністра, ужо адпрацаваны перспектывы па першай пілотнай дзяржкарпарацыі сельгасмашынабудавання з агульным аб’ёмам выручкі больш за тры мільярды рублёў. Плануецца, што яна стане значным гульцом на сусветным рынку сельгастэхнікі.
Яшчэ адна навацыя ў сістэме ўзаемадзеяння — кластарызацыя, якая аб’яднае навуку, прыватны бізнес і буйныя дзяржкарпарацы агульнай мэтай — стварэннем інавацыйнага прадукту.
У рэгіёнах кластары з’явяцца ў найбольш перспектыўных сферах: біятэхналогій і «зялёнай» эканоміцы, хіміі і нафтахіміі, аўтамабілебудаванні і гэтак далей. Такім чынам павінна з’явіцца 13 кластараў. Як, напрыклад, ужо адбылося ў нафтахімічнай галіне на базе «Нафтана» і Полацкага ўніверсітэта, дзе створаны кластар, які пачынае актыўна развівацца.
Кааперацыйныя ланцужкі і 5G у вёсцы
Асноўная мэта — скараціць розніцу ва ўзроўні і якасці жыцця людзей у рэгіёнах. Лакаматывамі павінны стаць абласныя цэнтры і гарады з насельніцтвам 80 тысяч чалавек. Іх развіццё павінна ўцягнуць прылеглыя раёны і сфарміраваць агульны тэрытарыяльна-гаспадарчы комплекс.
— Калі казаць аб прыярытэтах развіцця, то Мінск і абласныя цэнтры сканцэнтруюцца на прыцягненні інвестыцый у высокатэхналагічныя вытворчасці. Для гэтага ў іх ёсць вытворчы і навукова-даследчы патэнцыял, — перакананы міністр.
Да гэтага працэсу плануецца падключыць прыватны бізнес. Яму прапануюць невыкарыстоўваемыя пляцоўкі дзяржпрадпрыемстваў, удзел у праграмах імпартазамяшчэння і кааперацыйных ланцужкоў з буйнымі прамысловымі прадпрыемствамі (МАЗам, БелАЗам, Гомсельмашам і іншымі).
У гарадах з насельніцтвам звыш 80 тысяч чалавек з’явяцца індустрыяльныя пляцоўкі, падрыхтаваныя па прынцыпе «апошняй мілі» з інжынернай інфраструктурай.
У малых і сярэдніх гарадах, сельскіх раёнах акцэнт прапануецца зрабіць на паглыбленні перапрацоўкі мясцовых рэсурсаў і сельгаспрадукцыі, стварэнні прадпрыемстваў на гэтай аснове.
Але для прывабнага жыцця па-за горадам неабходна наблізіць інфраструктуру да гарадской: бяспечныя дарогі, садкі, школы, здраўніцы, гадзінная дасягальнасць да месца працы, сувязь 5G.
Паводле слоў Аляксандра Чарвякова, усё гэта прадугледжана ў пяцігадовай праграме.
Грунтоўны дакумент абмяркуюць на месцах
І, нарэшце, чацвёрты блок — фарміраванне спрыяльнага інстытуцыянальнага асяродку. Галоўным пунктам тут выступае, па словах міністра, стварэнне прывабнасці беларускай юрысдыкцыі для бізнесу і інвестараў.
— Таму на разгляд Усебеларускага народнага сходу выносяцца меры па дадатковых гарантыях абароны правоў добрасумленнага бізнесу і інвестараў, — патлумачыў ён.
Па-першае, прапануецца перагледзець падставы для прыцягнення эканамічных агентаў да крымінальнай і адміністратыўнай адказнасці за правапарушэнні ў эканамічнай галіне. За эканамічныя правіны — толькі эканамічнае пакаранне.
Па-другое, для інвестараў прапануецца ўвесці стабілізацыйную агаворку, сутнасць якой у тым, каб не павялічваць падаткі на тэрмін да 5 год у межах інвестыцыйнай дамовы.
Далей — увесці прававы рэжым спецыяльнай інвестдамовы, калі дзяржава гарантуе інвестару выкуп часткі прадукцыі, створанай на новых вытворчасцях.
Для інавацыйных праектаў і праектаў на асобных тэрыторыях плануецца пашырыць памер інвестыцыйных вылікаў, якія можна аднесці на затраты.
Акрамя таго, неабходна пашырыць паўнамоцтвы мясцовых органаў кіравання па пытаннях рэгулявання зямельных і маёмасных адносін.
Увесь пералічаны вышэй пласт тэм — гэта толькі абрысы плануемых змен, якія яшчэ будуць насычацца прапановамі з месцаў падчас абмерванняў у рэгіёнах на круглых сталах і дыялогавых пляцоўках з удзелам дэлегатаў УНС. Безумоўна, карэкціроўкі будуць дарэчы, бо грунтоўны дакумент, якім будзе кіравацца краіна ў сваім развіцці на сярэднетэрміновую перспектыву, патрабуе рэгіянальнай актуалізацыі.
Застаецца толькі адно пытанне: на які вынік мы разлічваем?
Як паведаміў Аляксандр Чарвякоў прысутным на прэс-прэзентацыі журналістам, рэалізацыя ўсяго комплексу мер дазволіць за пяцігоддзе забяспечыць ВУП у памеры 121,5% (больш за 81 мільярд долараў у 2025 годзе), рэальных грашовых даходаў насельніцтва — 120,2%, інвестыцый у асноўны капітал — 122,4% (а гэта амаль 210 мільярдаў рублёў за пяць год), экспарту тавараў і паслуг — у 1,4 разы і павялічыць яго да больш чым 50 мільярдаў долараў у 2025 годзе.
— У сваю чаргу, дасягненне зададзеных параметраў дазволіць стварыць неабходныя ўмовы для паляпшэння дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва, — рэзюмаваў міністр эканомікі.
Вольга АНУФРЫЕВА
Фота БелТА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[4] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-ekanomiki
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-charvyakou
[6] https://zviazda.by/be/tags/praekt-pragramy-sacyyalna-ekanamichnaga-razviccya-na-2021-2025gg
[7] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod