Першы энергаблок Беларускай АЭС выйшаў на намінальны ўзровень сваёй магутнасці — 1170 МВт. На станцыі працягваецца этап вопытна-прамысловай эксплуатацыі, які распачаўся 22 снежня, у Дзень энергетыка. Цяпер на 100-працэнтнай магутнасці працягнуцца статычныя і дынамічныя выпрабаванні і цягам 15 дзён будзе праведзена комплекснае апрабаванне абсталявання і сістэм энергаблока... Як спалучаць работу на стратэгічным аб'екце і быць шматдзетным бацькам, чаго каштуе вучыцца ўсё жыццё і адказваць за маладыя кадры? Пра ўсё гэта карэспандэнту «Звязды» расказаў намеснік начальніка рэактарнага цэха Беларускай АЭС Сяргей ГОРЫН, беларус па нараджэнні, які вырас у Расіі, а 12 гадоў таму вярнуўся на галоўную атамную будоўлю краіны ўжо расіянінам, аднак за гэты час ізноў стаў тутэйшым. Удзячная за размову я мушу быць у тым ліку і яго дачцэ Лізе, якая нагадвае бацьку пра ўсе яго абяцанні: ад паездкі з лекцыяй у школу да даўно запланаванага інтэрв'ю, для якога знайшоўся час, нягледзячы на напружаную работу падчас чарговага этапу на станцыі. У свае восем дзяўчынка разумее работу атамшчыка і будуе планы, куды пайсці вучыцца, каб стаць, «як тата».
Псіхалагічная ўстойлівасць і адказнасць
Рэактарны цэх — элітнае структурнае падраздзяленне атамнай электрастанцыі, у якім здольны працаваць далёка не кожны. А ўвогуле, каб стаць інжынерам-атамшчыкам, трэба па-сапраўднаму любіць сваю прафесію. Так лічаць на АЭС і маюць рацыю. Работа ў атамнай галіне — гэта і высокая адказнасць, і вучоба на працягу ўсяго жыцця, незалежна ад узросту, стажу работы і пасады.
Варта адзначыць, што нават дыплом прэстыжнай ВНУ не з'яўляецца гарантыяй работы на пасадзе інжынера па кіраванні рэактарам. Ужо на атамнай станцыі маладому спецыялісту трэба будзе прайсці складанае выпрабаванне: псіхолага-фізіялагічнае абследаванне, у выніку якога вопытныя псіхолагі вызначаць, ці здольны малады інжынер па сваіх псіхалагічных якасцях да работы на адказнай пасадзе. Калі ж у кандыдата будуць выяўлены, напрыклад, няўстойлівасць увагі, схільнасць да рызыкі ці прыняцця паспешлівых рашэнняў ва ўмовах высокай адказнасці, да работы па кіраванні рэактарам яго не дапусцяць, падкрэсліў Сяргей Горын.
— Каго ж бяруць у атамшчыкі?
— Мы шукалі вопытных спецыялістаў, якія маюць профільную тэхнічную адукацыю і вопыт работы з цеплагідраўлікай. Запрашалі іх на работу, затым адпраўлялі на перападрыхтоўку ў Обнінскі інстытут атамнай энергетыкі, на стажыроўку на дзеючыя АЭС. Пасля яны праходзілі доўгі курс тэорыі і практыкі ўжо на беларускай станцыі,
у тым ліку на поўнамаштабным трэнажоры пульта кіравання энергаблокам у вучэбна-трэніровачным цэнтры атамнай электрастанцыі. Цяпер многія з іх — вядучыя інжынеры кіравання рэактарам, начальнікі змен.
Зразумела, на першай Беларускай АЭС знайшлі работу і маладыя спецыялісты — выпускнікі беларускіх ВНУ, якія з 2014 года працуюць на станцыі. Многія з іх ужо «дараслі» да вядучых інжынераў па кіраванні рэактарам.
Вопытных спецыялістаў запрашалі таксама з атамных электрастанцый Украіны і Расіі, у маладых супрацоўнікаў ёсць магчымасць пераймаць практычны вопыт, а не толькі асвойваць «атамныя азы» ў тэорыі.
Па сутнасці, малады спецыяліст пасля інстытута — гэта чысты аркуш. Перш чым сесці за блочны пульт кіравання ядзерным рэактарам, дыпламаваны інжынер павінен прайсці не адну прыступку кар'ернай лесвіцы: ад аператара рэактарнага аддзялення да старшага аператара, інжынера па эксплуатацыі рэактарнага абсталявання і, нарэшце, да вядучага інжынера па кіраванні рэактарам.
Такім чынам, ад студэнцкай парты да практычнай работы па кіраванні рэактарам праходзіць не менш за тры гады, падчас якіх малады спецыяліст атрымлівае прафесійны вопыт, праходзіць навучанне, здае экзамены і залікі і на фінішы трымае найадказнейшы экзамен у Дзяржатамнаглядзе на атрыманне ліцэнзіі на права кіравання ядзерным энергетычным рэактарам.
— Як арганізавана работа ў рэактарным цэху?
— Паколькі вялікае месца ў нашай рабоце займаюць навучанне і пастаяннае падтрыманне кваліфікацыі, той, хто марыць працаваць на АЭС і ў рэактарным цэху ў тым ліку, павінен прывыкнуць да думкі, што ўсё яго жыццё пройдзе з кніжкай у руках. Акрамя пастаяннай вучобы, персанал падтрымлівае кваліфікацыю ў межах адпаведнай праграмы, што дзейнічае на станцыі. Работнікі рэактарнага цэха трэніруюцца на поўнамаштабным трэнажоры блочнага пульта кіравання. Для іншых спецыяльнасцяў распрацаваны свае лакальныя трэнажоры.
Работа ў рэактарным цэху арганізавана ў тры змены па восем гадзін. Каб станцыя працавала кругласутачна, патрэбны пяць змен супрацоўнікаў. У кожнай змене — шэсць чалавек. Графік работы — тры рабочыя дні, затым два выхадныя. Паколькі нехта можа захварэць ці пайсці ў адпачынак, на кожнай пасадзе ў змене прадугледжана па сем чалавек. Пяцёра працуюць. Адзін заменіць калегу на час водпуску. Яшчэ адзін у рэзерве. А тых, хто працуе на блочным пульце кіравання, увогуле восем, таму што хтосьці з інжынераў пастаянна знаходзіцца на павышэнні кваліфікацыі. А яшчэ спецыялістаў са змены першага энергаблока нельга проста перамясціць на работу на другім энергаблоку, бо кожны блок мае сваю спецыфіку.
Сімвалізм і «атамная» дынастыя
Стрэсу, як некаторыя думаюць, у рабоце няма, проста прывыкаеш быць заўжды напагатове. Значна цяжэй «уліцца ў работу» пасля адпачынку. А ўвогуле ў «атамнай» рабоце вельмі дапамагае сям'я, упэўнены наш герой. Яго бацькі, як і бацькі жонкі Юліі — таксама атамшчыкі. Больш за тое, дарагая палавіна Сяргея Горына — вядучы спецыяліст па арганізацыі навучання персаналу ў вучэбна-трэніровачным цэнтры БелАЭС. А яго бацька Уладзімір Дзмітрыевіч — намеснік галоўнага інжынера атамнай электрастанцыі і начальнік вучэбна-трэніровачнага цэнтра — адказвае за падрыхтоўку персаналу. Швагер Вадзім Сарокін — начальнік змены рэактарнага цэху. Многія значныя для сям'і даты таксама сімвалічна звязаны з атамнай галіной.
— Як у вас атрымалася гэткая «атамная» дынастыя, улічваючы ўсю складанасць і адказнасць прафесіі?
— І мае, і Юліны бацькі родам з Беларусі, яны сябравалі яшчэ тады, калі мы ўсе жылі ў Кузняцоўску (цяпер гэта горад Вараш) ва Украіне, калі будавалася Ровенская АЭС. Тады, праўда, Юля яшчэ нават не нарадзілася, быў толькі яе старэйшы брат Вадзім. Калі мне было пяць, наша сям'я паехала ў Балакава, а Юліна засталася ў Варашы. Праз нейкі час іх кантакты згубіліся. І вось праз гады я сустрэўся з Вадзімам на будаўніцтве ўжо БелАЭС (аказалася, ён таксама пераехаў у Беларусь). Яго пазнаў па рэзюме мой бацька, і сяброўства аднавілася. Юлія ў той час жыла ў Кіеве — хацела быць як мага далей ад атамнай галіны, але не атрымалася.
Я люблю падарожнічаць, а ў Кіеве ніколі не быў, вось і паехаў паглядзець горад, а спыніўся ў Юлі. І там нахабна пацікавіўся, ці ёсць у яе хлопец. Яна адказала: «Не». «Ну, тады, значыць, будзеш маёй дзяўчынай», — кажу. «А вось і буду», — пагадзілася Юля. Пару разоў я яшчэ да яе прыехаў, адзін раз яна да мяне, а пасля я яе ўжо з рэчамі забраў. У яе і дзень нараджэння, дарэчы, 22 снежня — на Дзень энергетыка.
Цяпер у нашай сям'і трое дзетак. 8-гадовая Ліза ходзіць у трэці клас, а ў 2020-м 6 мая нарадзіліся хлопчыкі-двайняты — акурат у той дзень, калі на пляцоўку першага энергаблока даставілі першую партыю ядзернага паліва. Атрымалася двайное свята і зноў нейкі сімвалізм. Сябры жартам прапаноўвалі назваць іх Пратон і Нейтрон, аднак падрастаюць Аляксандр і Максім. Калі ў іх выявіцца аналітычны склад розуму, буду толькі вітаць іх рашэнне таксама пайсці ў атамную галіну.
— Цяпер на вас двайная нагрузка: засцярога ад уплыву і атамнай энергіі, і каранавіруснай. Штосьці змянілася ў рабоце?
— Меры засцярогі ад каранавіруса вельмі падобныя на правілы, якія прадугледжаны для атамшчыкаў у зоне кантралюемага доступу. Кожны абавязаны насіць «пялёстак» — спецыяльны рэспіратар і пальчаткі. Здымаеш іх асаблівым чынам, каб не дакранацца да вонкавай паверхні і ніякія часціцы з амуніцыі на цябе не трапілі. Тыя ж правілы прадугледжаны і для прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, і гэта частка агульнай культуры бяспекі на АЭС.
Атамшчыкі — інтэрнацыянальны народ, запэўнівае Сяргей Горын. На станцыі ў пераважнай большасці працуюць беларусы, аднак шмат і ўкраінцаў, і расіян. Ды і жонка Юля ўкраінка, а дзеці, як і бацька, маюць грамадзянства Расіі.
«Атамныя» выпрабаванні — як на ўсіх станцыях
Цяпер на першым энергаблоку станцыі праходзяць чарговыя выпрабаванні абсталявання ў розных рэжымах.
— Навошта столькі розных праверак?
— Адказ відавочны — каб быць упэўненымі ў бяспечнай рабоце і рэактара, і сістэм бяспекі, і іншага абсталявання. Энергаблок будзе працаваць не адно дзесяцігоддзе. Каб гады яго работы былі паспяховыя, мы павінны цяпер, на этапе вопытна-прамысловай эксплуатацыі, усё добра праверыць. Гэта не наша «вынаходніцтва», а сусветная практыка. Усе выпрабаванні наш першы энергаблок, дарэчы, пераадольвае паспяхова.
— Што зараз адбываецца ўнутры рэактара і як ядзерная энергія становіцца электрычнай?
— Працягваецца кіраваная ланцуговая рэакцыя дзялення ядра урану з выдзяленнем вялікай колькасці цяпла (ядзернай энергіі). Вадкі цепланосьбіт, які цыркулюе праз рэактар, перадае гэтае цяпло ў парагенератар. У ім утвараецца пара, якая прыводзіць у рух турбіну. Механічная энергія пары перадаецца турбагенератару і пераўтвараецца ў электрычную, якая па лініях электраперадачы трапляе ў энергетычную сістэму краіны, а адтуль — у кожны дом. Усё вельмі проста.
— Наколькі звычайна запуск атамнай станцыі расцягнуты па часе?
— Трэба разумець, што АЭС — не халадзільнік і не тэлевізар, якія можна ўключыць націсканнем адпаведнай кнопкі і гэтак жа выключыць. Пуск энергаблока — складаны, адказны і шматэтапны працэс. Этапы фізічнага і энергетычнага пуску ўжо пройдзены. Зараз ідзе вопытна-прамысловая эксплуатацыя. Пасля яе адбудзецца прыёмка энергаблока і пераход да прамысловай эксплуатацыі. Упэўнены, што ўсе этапы мы пераадолеем паспяхова, і наша краіна атрымае надзейны, бяспечны і эфектыўны энергетычны аб'ект, які будзе служыць на карысць людзям і стане асновай энергетычнай бяспекі Беларусі.
Ірына СІДАРОК
Фота Андрэя САЗОНАВА і з сямейнага архіва Горыных
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaes-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/reaktar
[5] https://zviazda.by/be/tags/specyyalist