З 21 па 24 студзеня на базе Наваполацкага вучылішча алімпійскага рэзерву (ВАР) пройдзе трэці этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона, паведаміў [1] БелТА дырэктар вучылішча Валерый Гушчын.
Урачыстае адкрыццё адбудзецца 22 студзеня, а ў наступныя два дні на дыстанцыю выйдуць каля 170 дзяўчат і юнакоў. «У гэтым годзе ў традыцыйных зімовых стартах ўдзельнічаюць зборныя ўсіх абласцей, Мінска і Наваполацка. Гэта комплексныя змаганні. У першы дзень спаборніцтваў адбудзецца мас-старт, у другі — змяшаная эстафета. Удзельнікі будуць падзелены на 4 ўзроставыя групы. Самыя малодшыя спартсмены — 2008- 2009 гадоў нараджэння, самыя старэйшыя — 2002-2003 гадоў», — распавёў Валерый Гушчын.
У залежнасці ад узросту дзяцей чакае розная дыстанцыя. Самыя юныя біятланісты выйдуць на круг у 700 м без вінтовак. Зброя будзе чакаць іх на стрэльбішчы. Спартсменам трэба будзе страляць па мішэнях са становішча лежачы са спецыяльных падставак для вінтовак. Іх старэйшыя таварышы выйдуць на дыстанцыю ў 2 км у поўнай баявой выкладцы. Пераможцаў вызначаць у індывідуальным і камандным заліках.
У гэтым годзе з-за эпідэміялагічнай сітуацыі адмовіліся ад традыцыйнага запрашэння заўзятараў з Наваполацка. Не будзе і глядацкіх трыбун. Праўда, аматары біятлона змогуць паглядзець прамую трансляцыю захапляльных зімовых гонак на YouTube-канале. «Бацькі і блізкія юных спартсменаў, вядома, дапускаюцца на спаборніцтвы, але ім трэба будзе выконваць сацыяльную дыстанцыю і масачны рэжым», — адзначыў дырэктар ВАР. Для зручнасці гледачоў і суддзяў будзе весціся трансляцыя на вялікім экране, які прывязуць з Гомеля. Усе ўдзельнікі перад пачаткам спаборніцтваў павінны будуць прайсці тэст на COVID-19. Гасцей размесцяць у інтэрнаце вучылішча, а падапечных ўстановы адукацыі адправяць дадому на час правядзення Кубка. Валерый Гушчын дадаў, што цырымоніі адкрыцця спартыўнага спаборніцтва і ўзнагароджання пераможцаў пройдуць на свежым паветры.
Прэв’ю: fitsporting.ru
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/sport/view/novopolotsk-primet-tretij-etap-kubka-belorusskoj-federatsii-biatlona-21-24-janvarja-424848-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/biyatlon
[3] https://zviazda.by/be/tags/navapolack