У мінулую суботу прарэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, член Савета Рэспублікі Алег ДЗЯЧЭНКА правёў традыцыйную прамую лінію для жыхароў Магілёўскага і Чавускага раёнаў Магілёўскай вобласці, падчас якой адказаў на пытанні, звязаныя з грамадска-палітычнай сітуацыяй у краіне і падрыхтоўкай да правядзення VІ Усебеларускага народнага сходу.
— Аднак не толькі палітычныя тэмы хвалююць сёння жыхароў вёскі, — паведаміў сенатар. — Дзякуючы прамой лініі вяскоўцы могуць расказаць пра набалелыя праблемы свайго населенага пункта. Гэта вельмі зручна і проста.
Вось гэтым разам на прамую лінію звярнуліся жыхары вёскі Амхавая Магілёўскага раёна з просьбай аказаць садзейнічанне ў вырашэнні праблемы ўстаноўкі электрычных катлоў для ацяплення прыватных домаўладанняў і юрыдычнага афармлення гэтага працэсу.
З вёскі Дубінка Вендаражскага сельсавета Магілёўскага раёна датэлефанаваўся пенсіянер, які прапанаваў увекавечыць на мясцовым мемарыяльным комплексе не толькі імёны землякоў, што загінулі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны, але і франтавікоў, якія ў пасляваенны час жылі і працавалі на тэрыторыі сельсавета, аднаўлялі разбураную эканоміку і сацыяльную сферу.
— Гэта прапанова заслугоўвае асаблівай увагі, — кажа Алег Дзячэнка. — Апошнія з удзельнікаў вайны ўжо ў нашы дні сыходзяць з жыцця і знаходзяць спачын на сельскіх грамадзянскіх могілках. Таму своечасовай з'яўляецца задача захавання памяці і ўшанавання іх імёнаў. Для гэтага патрэбна не толькі вызначыць крыніцы фінансавання гэтага праекта, але і стварыць поўную базу даных аб героях вайны і працы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[2] https://zviazda.by/be/tags/savet-respubliki
[3] https://zviazda.by/be/tags/aleg-dzyachenka