Інвестпраграма сталіцы ў гэтым годзе на 20 % «таннейшая», чым у папярэднім.
Так, гэта факт — аб'ёмы фінансавання інвестыцыйнай праграмы Мінска на бягучы год значна меншыя, чым на 2020-ы. Пра гэта паведаміла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Ірына Гонтарава.
Школа, садкі і метро
За папярэдні год сталіца практычна асвоіла ўсе 100 % праграмы, або 924,1 мільёна рублёў. За гэты час быў забяспечаны ўвод у эксплуатацыю чатырох станцый метро («Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Юбілейная плошча»), а таксама інжынерны корпус. Пабудавана школа ў мікрараёне «Каменная Горка-3» і пасля рэканструкцыі здадзены спецыялізаваны ліцэй МУС.
Здалі ў эксплуатацыю шэсць дзіцячых садкоў (у раёне вуліц Міхалова і Алібегава; праспектаў Дзяржынскага і Любімава; у мікрараёнах Лошыца-9 і Лебядзіны, а таксама два садкі ў жылым комплексе «Маяк Мінска»).
Летась выканана рэканструкцыя 20-й гарадской паліклінікі, галоўнага корпуса кардыяхірургічнага аперблока і блока трансплантацыі ствалавых клетак 9-й гарадской клінічнай бальніцы, неўралагічнага корпуса 5-й гарадской клінічнай бальніцы. Завершана будаўніцтва корпуса Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера. За гэты час рэканструяваны памяшканні ў дзевяці ўстановах аховы здароўя горада з наступнай устаноўкай у іх камп'ютарных тамографаў.
Галоўнае сёлета — дабудаваць
Агульны аб'ём фінансавых сродкаў, прадугледжаных інвестпраграмай на бягучы год, складае 853,1 млн рублёў. З гэтай сумы плануецца прыцягнуць 200 мільёнаў крэдытных рэсурсаў банкаў для будаўніцтва трэцяй лініі метро, 78,6 млн рублёў будзе накіравана на пагашэнне працэнтаў і асноўнага доўгу па раней выдадзеных крэдытах. «Такім чынам, на капітальнае будаўніцтва сёлета застаецца 574,5 млн рублёў, а гэта на 20 % менш, чым летась», — сказала Ірына Гонтарава.
Фінансаванне скарочана ў асноўным за кошт таго, што закладваецца менш праектаваных аб'ектаў. Асноўным прынцыпам гэтай праграмы з'яўляецца канцэнтраванне бюджэтных сродкаў на тых аб'ектах, якія ўводзяцца ў эксплуатацыю ўжо ў гэтым годзе ці крыху пазней.
Найбольш фінансуемыя галіны — транспарт (30 %), ахова здароўя (20 %), адукацыя (16 %), інжынерна-транспартная інфраструктура раёнаў жылой забудовы (17 %), добраўпарадкаванне (12 %). На гэтыя сферы дзейнасці накіроўваецца каля 95 % усіх сродкаў. У транспартным кірунку толькі на будаўніцтва аб'ектаў Мінскага метрапалітэна плануецца накіраваць 231 млн рублёў. У сферы аховы здароўя плануецца ўвесці 14 аб'ектаў на суму 154 млн рублёў з бюджэту горада Мінска. У прыватнасці, гэта новы будынак 9-й дзіцячай паліклінікі на 290 наведванняў у змену, дзіцячая паліклініка ў мікрараёне Сухарава на 480 наведванняў у змену, амбулаторыя ў ВК «Лазурыт», корпус Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера (засталася закупка абсталявання) пасля рэканструкцыі, будынак дзіцячай інфекцыйнай клінічнай бальніцы (4-я чарга), цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі па вуліцы Сямашкі. Працягнецца будаўніцтва шэрагу пераходных аб'ектаў з тэрмінамі ўводу і ў 2022 годзе.
У стадыі праектавання няшмат аб'ектаў аховы здароўя, але яны ёсць. Гэта дзіцячая і дарослая паліклінікі ў складзе комплексу «Mіnsk World» і дзіцячая паліклініка на 480 наведванняў у мікрараёне Лошыца-9. Акрамя таго, у цяперашні час вядзецца праектаванне двух інтэрнатаў для медыцынскіх работнікаў — у граніцах вуліц Галадзеда і Веры Харужай.
На адукацыю — нават больш
Ірына Гонтарава заўважыла, што на праектаванне і ўзвядзенне 37 аб'ектаў адукацыі за кошт бюджэту горада плануюцца інвестыцыі ў аб'ёме 120 млн рублёў, а гэта значна больш, чым у мінулым годзе (98,8 млн рублёў — у 2020-м)
Гэтыя грошы будуць накіраваны на будаўніцтва ўстаноў дашкольнай і сярэдняй адукацыі ў складзе эксперыментальнага комплексу «Mіnsk World», у раёнах жылых забудоў Масюкоўшчына, Лошыца-9, Лебядзіны, а таксама на рэканструкцыю дзевяці міжшкольных стадыёнаў. Усе гэтыя аб'екты плануецца ўвесці ў эксплуатацыю сёлета.
Ірына Гонтарава таксама ўдакладніла, што такія стадыёны (футбольнае поле са штучным пакрыццём, бегавыя дарожкі, пляцоўкі для заняткаў іншымі гульнявымі відамі спорту, трыбуны, пляцоўкі для магчымай устаноўкі мабільных раздзявальняў) з'явяцца ў кожным раёне сталіцы. Сёлета павінны быць уведзены ў эксплуатацыю пяць школ: № 23 па генплане ў межах пр. Дзяржынскага — пр. Любімава, у мікрараёне Лошыца-9, у складзе дзіцячага тэхнапарка ў квартале «Магістр», пасля рэканструкцыі гімназіі № 25 па вуліцы Сядова і будынка па вуліцы Цікоцкага, 57 (у мэтах размяшчэння ў ім кадэцкага вучылішча). Будзе будавацца адзін пераходны аб'ект — школа ў квартале № 18 жылога комплексу «Mіnsk World».
З фінансуемых па інвестпраграме 14 дашкольных устаноў сёлета будуць уведзены толькі дзве — дзіцячы сад у квартале № 19 ВК «Mіnsk World» і дзіцячы сад № 28 па генплане ў мікрараёне Масюкоўшчына-5. Таксама будзе ўведзены цэнтр творчасці дзяцей і моладзі «Ранак». Акрамя таго, ажыццяўляецца праектаванне двух дзіцячых садкоў і адной школы на спецыяльным участку для сталіцы ў Смалявічах.
Значна скарацілася фінансаванне такога кірунку, як фізічная культура і спорт. Летась было 16,1 млн рублёў, а на гэты год запланавана толькі 5,9 млн рублёў. Гэтыя грошы будуць накіраваны на ўзвядзенне інжынерна-транспартнай інфраструктуры для басейна міжнароднага стандарту па вуліцы Кальварыйскай і нацыянальнага футбольнага стадыёна ў межах Партызанскага праспекта і плошчы Ванеева. Таксама завяршаецца будаўніцтва тэнісных кортаў па вуліцы Жудро, 40.
Другі горад-спадарожнік
Старшыня камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Мінаблвыканкама Аляксей Быкаў адзначыў на прэс-канферэнцыі, што ў бягучым годзе галоўны кірунак камітэта — перасяліць грамадзян, якія пражываюць у старых і аварыйных дамах, у новае камфартабельнае жыллё. А потым ужо пераключыць увагу на сацыяльнае і арэнднае жыллё.
А арэнднае жыллё ў Мінскай вобласці, у адрозненне ад сталіцы, будуецца не толькі за кошт сродкаў, што атрымліваюцца ад арэнднай платы жыхароў ужо ўведзеных дамоў. Укладваюцца і сродкі абласнога бюджэту.
Аляксей Быкаў удакладніў, што гаворка не цалкам аб арэндных дамах, а аб асобных кватэрах у шматкватэрных дамах. «Акрамя таго, цяпер ёсць магчымасць накіраваць сродкі ад арэнды на рамонт кватэр, каб потым выдзяляць іх у арэнду работнікам сацыяльнай сферы. Думаю, гэта будзе больш запатрабавана», — дадаў спецыяліст.
Таксама ў кожным райцэнтры падрыхтаваны схемы для комплекснай забудовы з інжынернай інфраструктурай — індывідуальныя дамы ў іх затым прапануюцца для маючых патрэбу. «Гэта перспектыўны кірунак», — падкрэсліў кіраўнік камітэта па архітэктуры і будаўніцтве.
У гарадах-спадарожніках Мінска абласныя ўлады таксама будуюць дамы і сацыяльныя аб'екты, паколькі бачаць, што прыцягненне сталічных інвестыцый ажыўляе рэгіён, а значыць, робіць яго прывабным і для мясцовых жыхароў.
Попыт на кватэры ў горадзе-спадарожніку Смалявічы паказаў, што гэты кірунак паляпшэння жыллёвых умоў для чаргавікоў са сталіцы з'яўляецца перспектыўным: заявак на тры новыя жылыя дамы ў гэтым населеным пункце паступіла ў шэсць разоў больш, чым прапаноўвалася кватэр. Ёсць план дэталёвай планіроўкі мікрараёна, заказчыкам выступае УКБ Мінгарвыканкама. Другі кірунак — Рудзенск у Пухавіцкім раёне, дзе рэалізуецца буйны праект ЗАТ «БНБК», ён дасць новыя рабочыя месцы. Менавіта Рудзенск прапанаваны Мінску як наступная для асваення пляцоўка ў якасці горада-спадарожніка.
Міні-садкі не «прыжыліся»
Убудаваныя ў шматкватэрныя жылыя дамы дзіцячыя садкі малой плошчы менш запатрабаваныя ў насельніцтва, чым асобныя аб'екты. Ірына Гонтарава заявіла, што горад сёння пачынае адмаўляцца нават ад малагабарытных садкоў на 190 месцаў, будуюцца большыя — на 230 месцаў і нават на 350. У горадзе ўжо быў пабудаваны эксперыментальны міні-садок — там занадта дорага.
Старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама растлумачыла гэта тым, што эксплуатацыйныя выдаткі, аплата работы персаналу ў дзіцячым садку малой плошчы вышэйшая. «Дастаткова праблематычна потым абслугоўваць такія ўбудаваныя аб'екты ў складзе жылых дамоў. Павялічваюцца выдаткі на ўтрыманне. І не для ўсіх жыхароў шмадпавярховікаў такое суседства зручнае», — сказала Ірына Гонтарава.
Да таго ж патрэба ў дзіцячых дашкольных установах настолькі вялікая, што іх магчымасці нават у межах аднаго квартала, мікрараёна павінны быць значныя.
У сваю чаргу Аляксей Быкаў звярнуў увагу на спецыфіку забудовы ў раёнах. «У асноўным гэта пяціпавярховыя дамы або індывідуальная забудова. Убудаваны дзіцячы садок у пяціпавярхоўцы эканамічна нявыгадны, а характар індывідуальнай забудовы гэтага зусім не прадугледжвае. Іншая справа — такія аб'екты, як аптэкі і амбулаторыі», — дадаў Аляксей Быкаў.
Кожнаму раёну — па басейне
Намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінаблвыканкама Уладзімір Губарэвіч адзначыў, што ўсе спартыўныя аб'екты ў рэгіёне карыстаюцца попытам. Так, уведзены ў 2020 годзе ў Мар'інай Горцы плавальны басейн за няпоўныя пяць месяцаў паспела наведаць больш за 13 тысяч чалавек. Прычым не толькі жыхары Пухавіцкага раёна, але і прыезджыя.
«У інвестыцыйнай праграме вобласці на 2021—2025 гады запланавана будаўніцтва плавальных басейнаў, у выніку чаго такія аб'екты з'явяцца ў кожным раёне вобласці», — сказаў Уладзімір Губарэвіч.
Таксама летась была ўведзена лыжаролерная траса ў Салігорску, шматфункцыянальная спартыўная пляцоўка ў Дзяржынску, футбольныя міні-пляцоўкі са штучным пакрыццём у рамках рэалізацыі сацыяльнага праекта ў гарадах Беразіно, Крупкі, Капыль і Чэрвень. Адкрыты ролер-трэк у Салігорску і ў пачатку гэтага года — крыты тэнісны манеж на тэрыторыі спарткомплексу «Шахцёр».
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[4] https://zviazda.by/be/tags/investpraekty