У Беларусі плануюць распрацаваць механізм па нівеляванні ўплыву росту ставак падатку на дабаўленую вартасць на цэны на лекі. Да гэтай працы падключацца і сенатары, паведаміла старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Таццяна Рунец сёння на рабочай сустрэчы з удзелам МАРГ, Міністэрства аховы здароўя, РУП «Белфармацыя», інфармуе БЕЛТА [1].
З 1 студзеня ў Беларусі замест нулявой стаўкі ПДВ для лекаў выкарыстоўваецца стаўка 10%. Таццяна Рунец падтрымала прапановы МАРГ аб прапрацоўцы механізму па нівеляванні ўплыву ПДВ на кошты.
Яна таксама пагадзілася з пазіцыяй Міністэрства аховы здароўя з нагоды таго, што немагчыма ўсталяваць адзіны лімітавы ўзровень коштаў на канкрэтныя лекі і для айчынных вытворцаў, і для замежных. Сенатар лічыць, што тут патрэбен гнуткі падыход.
«Задача не дапусціць росту коштаў на сацыяльна значныя тавары вышэй 4,9% па выніках 2021 года пастаўлена ўсім органам дзяржкіравання, таму мы ў любым выпадку павінны да гэтага разам ісці. Сенатарскі корпус таксама будзе падключацца да гэтай працы. Пэўны вопыт у нас у гэтым плане ёсць, гатовыя працаваць і па леках», - сказала Таццяна Рунец.
На яе думку, трэба будзе ўважліва прапрацаваць стратэгію змены коштаў з айчыннымі вытворцамі. З аднаго боку, нельга перавышаць мэтавы ўзровень інфляцыі, з другога боку, трэба не дапусціць пагаршэння фінансавых паказчыкаў кампаній, адзначыла сенатар.
Прэв’ю: cis.minsk.by
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/economics/view/senatory-podkljuchatsja-k-monitoringu-tsen-na-lekarstva-425786-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/leki
[3] https://zviazda.by/be/tags/koshty