Адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпінам, паведамілі БЕЛТА [5] ў прэс-службе беларускага лідара.
Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся віншаваннямі з нагоды чарговай гадавіны ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем (пад знакам гэтай даты і прайшла сённяшняя размова), падрабязна абмеркавалі розныя сферы супрацоўніцтва.
Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін канстатавалі высокі ўзровень беларуска-кітайскіх палітычных адносін, якія паспяхова развіваюцца ў фармаце давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. З улікам наяўнай высокай дынамікі ва ўзаемадзеянні бакі гатовыя і далей павышаць узровень супрацоўніцтва і ўзгадняюць тэкст адпаведнай дэкларацыі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Старшыні КНР за падтрымку Беларусі на міжнароднай арэне. Як адзначыў у дадзеным кантэксце кітайскі лідар, толькі народ можа вырашаць і вызначаць будучыню сваёй краіны. У цэлым жа стратэгічныя партнёры Беларусь і Кітай будуць разам супрацьстаяць знешнім пагрозам. Беларусь таксама працягне аказваць Кітаю падтрымку па ўсіх ключавых пытаннях.
Значная ўвага ў размове была ўдзелена сітуацыі з пандэміяй COVID-19. Бакі абмяняліся інфармацыяй аб прымаемых мерах па супрацьдзеянні распаўсюджванню інфекцыі. Як адзначыў кітайскі лідар, прычын супакойвацца пакуль няма. Менавіта таму, у адпаведнасці з дамоўленасцямі, Беларусь і Кітай і надалей будуць максімальна адкрытыя і гатовыя да супрацоўніцтва ў гэтым пытанні. Таксама Кітайская Народная Рэспубліка пацвердзіла гатоўнасць паставіць у Беларусь вакцыну ад COVID-19 у патрэбным аб’ёме.
Як безумоўна пазітыўны факт Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР адзначылі рост двухбаковага гандлю. Яны з задавальненнем канстатавалі, што спаду ўдалося не дапусціць у складаных умовах пандэміі і зніжэння дзелавой актыўнасці. У якасці прыкладу ў дадзеным выпадку былі прыведзены пастаўкі беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі на рынак КНР. Асноўнымі пунктамі росту ў цэлым застаюцца прадукты харчавання і прадукцыя дрэваапрацоўкі. З кітайскім бокам працягваецца работа па наменклатуры прадукцыі, якую беларускія прадпрыемствы гатовы пастаўляць у Кітай у 2021-2022 гадах. Створана экспертная група па спрашчэнні гандлёвых працэдур і далейшаму развіццю экспарту.
Паспяхова праведзена работа па напаўненні беларускай экспартнай заяўкі, у якую ўвайшлі 88 пазіцый сельскай гаспадаркі, машынабудавання, хімічнай прамысловасці.
Таксама лідары абмеркавалі тэму павелічэння аб’ёмаў закупкі Кітайскай Народнай Рэспублікай у Беларусі калійных угнаенняў. На адпаведную просьбу беларускага боку кітайскія партнёры адказалі гатоўнасцю актыўна прапрацаваць гэта пытанне.
Акрамя таго, падчас тэлефоннай размовы закраналіся пытанні ўзаемадзеяння з кітайскімі фінансавымі інстытутамі, рэалізацыя з іх падтрымкай шэрагу буйных інфраструктурных і інвестыцыйных праектаў.
У цэнтры ўвагі былі і пытанні далейшага развіцця і рэалізацыі патэнцыялу індустрыяльнага парку «Вялікі камень», які з’яўляецца ключавым элементам ўдзелу Беларусі ў ініцыятыве «Пояс і шлях». Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь традыцыйна будзе актыўным удзельнікам ініцыятывы. Таму стратэгічна важна актывізаваць знакавае супрацоўніцтва ў індустрыяльным парку «Вялікі камень» і істотна пашырыць прысутнасць вядучых кітайскіх кампаній і банкаў у Беларусі.
З мэтай развіцця міжрэгіянальнага супрацоўніцтва прапанавана абвясціць Год рэгіёнаў Беларусі і Кітая і правесці яго на працягу трох гадоў, з 2021-га па 2023 год.
Прэзідэнт Беларусі і Старшыня КНР абмеркавалі і пытанне бліжэйшай вочнай сустрэчы. З гэтай нагоды пазіцыі таксама цалкам супадаюць: як толькі крыху палепшыцца сітуацыя з пандэміяй, такая сустрэча для абмеркавання ўсіх пытанняў адбудзецца. Пакуль жа кіраўнікам міжурадкамісіі дзвюх краін дадзены прадметныя даручэнні — усе пытанні супрацоўніцтва ў цэлым, і асабліва абмеркаваныя сёння па тэлефоне, узяць на асаблівы кантроль з дакладам лідарам дзвюх краін.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/u-svece
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[5] https://www.belta.by/president/view/politicheskoe-sotrudnichestvo-torgovlja-postavka-vaktsiny-lukashenko-i-si-tszinpin-obsudili-kljuchevye-425790-2021/
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[7] https://zviazda.by/be/tags/si-czinpin
[8] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[9] https://zviazda.by/be/tags/kitay