Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Худыка.
Кіраўнік краіны размову пачаў з заўвагі, што пандэмія каранавірусу — гэта божае пакаранне для планеты, якое беларусы не заслугоўваюць.
«Мабыць, мы, беларусы, пакуль гэтага ў такім аб’ёме не заслугоўваем сваімі адносінамі да прыроды. Але тое, што свет звар’яцеў і па-варварску эксплуатуе прыроду, знішчае прыроду — гэта факт. Таму для мяне прырода — гэта абсалютны прыярытэт. Ёсць прырода — ёсць жыццё. Няма прыроды — няма жыцця», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што чым больш па-хамску людзі ставяцца да прыродных рэсурсаў, тым горш жывуць, таму ён і надалей будзе надаваць вялікае значэнне ахове навакольнага асяроддзя.
«Зразумела, што гэта водныя рэсурсы, гэта лес, якім узнагародзіў нас Гасподзь, нашы балоты, што даюць асноўную частку кіслароду ў Беларусі, і гэтак далей. І мы павінны ўсё гэта захоўваць, і самае галоўнае — жыць у гармоніі», — канстатаваў кіраўнік краіны.
Прэзідэнт нагадаў, што прыгажосць айчыннай прыроды неабходна берагчы, захоўваючы парадак за сабою пасля наведвання прыродных і ландшафтных тэрыторый.
«Ахова навакольнага асяроддзя — гэта ваша вотчына і вы самы першы і патрабавальны інспектар да тых, хто працуе ў лесе, перамяшчацца па рэках, рыбачыць на азёрах і гэтак далей. Як там справы? Што вы бачыце, што вас не задавальняе? Як будзем працаваць далей?» — пералічыў Прэзідэнт пытанні, на якія хацеў атрымаць адказы ад міністра.
Кіраўнік краіны нагадаў, што прырода заўсёды нумар адзін — гэта яго ўнутраная ўпэўненасць. «Не можа чалавек нармальна жыць, калі ў яго забруджана ўсё навокал. Не можа. Таму я гляджу на малыя гарады, каб і ў Мінску была чысціня і парадак, каб больш дрэваў высаджвалі, каб па-варварску не адносіліся да гэтых дрэў і іншых насаджэнняў, каб усё было ў парадку», — дадаў ён.
Прэзідэнт папрасіў звярнуць у дакладзе асаблівую ўвагу на гідрамерыялогію. Некалькі гадоў таму, па словах кіраўніка краіны, ён выказваў сваё абурэнне тым, як працуе Белгідраметцэнтр.
«Павінен вам сказаць, што апошнім часам заварушыліся, і я вельмі ўважліва сачу за гэтым. Павінен вам сказаць — на тры дні абсалютна дакладны прагноз і нават на тыдзень. Амаль ніколі не памыляюцца. Ну на паўградуса, градус. Выразна змяніліся. Але неабходна ў гэтым напрамку працаваць, бо былі выдаткаваны сродкі, закуплена новая тэхніка, абсталяванне, людзей у пачуццё прывялі», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Каментарый у тэму
Міністр Андрэй Худык адзначыў, што Прэзідэнт трымае пытанні аховы асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, эфектыўнага выкарыстання зямлі на асаблівым кантролі.
«Разам з тым, вельмі складана трымаць адказ, бо кіраўнік краіны глыбока валодае пытаннямі, за якія адказвае наша міністэрства, а дзейнасць міністэрства шматгранная. Вобразна кажучы, — ад крышталічнага фундамента нашай Зямлі да азонавага слою. Гэта ўсё Мінпрыроды абавязана кантраляваць, кіраваць гэтымі працэсамі, ахоўваць і памнажаць», — запэўніў Андрэй Худык.
Па яго словах, Прэзідэнт даў даручэнні ўзмацняць дзейнасць ведамства па раней вызначаных кірунках. Перш за ўсё, гэта навядзенне парадку на зямлі, развіццё мінеральна-сыравінавай базы, застаецца пад увагай і гідрамерыяралагічная дзейнасць.
«Радуе тое, што становіцца ўсё менш нараканняў грамадскасці да нашага ведамства. Ёсць разуменне з грамадскімі арганізацыямі, нядрэнна, у цэлым, мы працуем з суседзямі і ў тых сусветных канвенцыях, удзельніцай якіх Беларусь з’яўляецца», — дадаў міністр.
Марыя ДАДАЛКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/maryya-dadalka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/prezident
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/ekalogiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/aliaksandr-luka%C5%A1enka
[7] https://zviazda.by/be/tags/andrey-hudyk
[8] https://zviazda.by/be/tags/pryroda