У Барысаве ў міліцыю звярнуўся 25-гадовы мясцовы жыхар — у адной з забаўляльных устаноў горада ў яго ўкралі букет са 101 ружы.
У той дзень малады чалавек адзначаў у кавярні юбілей свайго сваяка. Там жа, карыстаючыся момантам, вырашыў зрабіць прапанову рукі і сэрца сваёй выбранніцы, уласна кажучы, свае планы барысаўчанін ажыццявіў, паведамляе група інфармацыі і грамадскіх сувязяў Барысаўскага РАУС.
Пасля ўрачыстага моманту букет пакінулі на выхадзе з установы, каб той не перашкаджаў. І толькі бліжэй да поўначы госці заўважылі, што кветкі непрыкметна зніклі.
Супрацоўнікам крымінальнага вышуку спатрэбілася пару гадзін, каб высветліць, што адбылося і хто мае дачыненне да крадзяжу. Аказалася, на чужое паклаў вока 35-гадовы наведвальнік більярднай, якая знаходзіцца ў суседнім памяшканні. Калі мужчына надумаў сыходзіць, убачыў каля дзвярэй кавярні ў вядры белыя ружы і вырашыў забраць букет з сабой.
Дарэчы, шлях да дома зламысніка паказалі апалыя пялёсткі руж.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/kradzezh
[5] https://zviazda.by/be/tags/barysau