Напярэдадні Дня ўсіх закаханых сямейны тэлеканал «Беларусь 2» запускае ў эфір новы праект «Тры першыя спатканні», які дапаможа адзінокім палавінкам знайсці адно аднаго.
Галоўны герой або гераіня праграмы зараз адзінокія, але маюць за плячыма няўдалы вопыт, які, магчыма, пакінуў непрыемныя ўспаміны, але не парушыў веру ў лепшую будучыню і жаданне знайсці сваё шчасце. Нават калі папярэднія спробы рамантычных знаёмстваў такіх людзей не далі паспяховых вынікаў, то шанц змяніць гэта дасць вядучая праекта «тры першыя спатканні» Кацярына Бардо. Менавіта яна дапаможа ўдзельнікам шоу настроіцца на пазітыўны лад і сабрацца з думкамі перад тым, як зрабіць крок да новай старонкі ў іх жыцці. З яе падачы галоўны герой адправіцца на спатканне з кожным з трох патэнцыйных партнёраў, каб ужо ў працэсе зразумець, насколькі цікавы яму той або іншы прэтэндэнт і ці магчыма з ім у перспектыве пабудаваць гарманічныя стасункі.
Тэматыка і лакацыі сустрэч заўсёды будуць розныя, развіццё падзей — непрадказальнае, а вынікі — залежаць выключна ад дзеянняў, адкрытасці і ўзаемных сімпатый удзельнікаў прэм'ернага рэаліці-шоу.
— Працуючы над першымі выпускамі, наша здымачная група пераканалася, што рэальнае жыццё прапаноўвае нам такія захапляльныя сюжэты, падносіць такія дзівосныя гісторыі, што яны могуць здавацца нават нерэальнымі, немагчымымі, — расказвае сцэнарыст праекта Святлана Аліферка. — Напрыклад, гераіня Ірына прызналася, што яе, як ёй здавалася, шчаслівая сям'я распалася праз каранавірус: муж на час самаізаляцыі пераехаў у загарадны дом і назад ужо не вярнуўся. Самаізаляцыя завяршылася разводам. А ў іншай гераіні — Алены, адносіны з мужам разладзіліся з прычыны таго, што мужчына быў «надта ідэальны». Таму, калі з дапамогай нашага праекта на адну шчаслівую пару ў свеце стане больш, а такое ўжо бывала на праграме «Да пабачэння» — тады бязмежна шчаслівыя будзем і мы!
Рэжысёр праекта Герман Малышчыцкі, які вядомы тэлеаўдыторыі па такіх праектах, як «ПІН_КОД», «Да сустрэчы», таксама не сумняваецца ў поспеху будучага рэаліці-шоу: «Як нам здаецца, нішто не можа быць больш цікавае, чым жыццё і людзі, якія знаходзяцца вакол нас. І наша праграма якраз пра гэта. Пра жыццё, падножкі, якія падстаўляе лёс, дробязі, якія ператвараюцца ў вялікія праблемы альбо становяцца штуршком да рашучых дзеянняў. Мы перакананыя, што гісторыі нашых удзельнікаў нікога не пакінуць абыякавымі».
Рэаліці-шоу «Тры першыя спатканні» будзе выходзіць у эфіры тэлеканала «Беларусь 2» па пятніцах і нядзелях. Прэм'ерны выпуск 12 лютага 2021 года.
Бліц-апытанне для сцэнарыста праекта «Тры першыя спатканні» Святланы Аліферкі:
1. Ці верыце вы ў каханне з першага позірку? — Вопыт падказвае, што такое сапраўды здараецца ў жыцці.
2. Колькі спатканняў патрэбна, каб адкрыць для сябе іншага чалавека? — Тут і мой жыццёвы вопыт і вопыт нашых герояў (а гэта людзі ва ўзросце 40+) паказвае, што часам можна і з першага спаткання зразумець, ці ваш гэта чалавек. А калі ты юны, то, безумоўна, па першым спатканні не варта рабіць выснову. Лепш сустрэцца некалькі разоў.
3. Як захаваць магію пачуццяў, якія аб'ядноўваюць дзве палавінкі ў пару? — Праз цярпенне, перш за ўсё, бо сустракаюцца два розныя чалавекі, і нават калі яны і становяцца дзвюма палавінкамі аднаго цэлага, то ўсё роўна кожны з іх рос у сваёй сям'і, мае сваё ўяўленне пра жыццё. Таксама важную ролю адыгрываюць павага адно да аднаго, выхаванне і ўменне цаніць і прытрымлівацца агульначалавечых каштоўнасцяў.
4. Згадайце ўласнае самае цікавае спатканне... — Гэта было ў студэнцкія гады. Я была студэнткай трэцяга курса факультэта журналістыкі, і мы адзначалі медыум. Пасля свята мяне дадому праводзіў малады чалавек Віталь. І калі мы з ім спускаліся ў метро, то ён у бабулі ў пераходзе купіў мне ўсе яблыкі, якія ў яе былі.
5. Што параіце рабіць тым, хто пакуль што яшчэ без пары? — Ёсць людзі самотныя, якія і не імкнуцца шукаць адносін, бо ім добра самім з сабою. А тым, хто пакуль адзінокія, але спадзяюцца і хочуць пабудаваць адносіны, то варта верыць. Наўрад ці я б раіла ім нейкія пошукі, бо тваё абавязкова прыйдзе да цябе ў любым выпадку. Лепш засяродзіцца на тым, каб табе было камфортна самому з сабой.
Алена ДРАПКО
Фота дадзена Белтэлерадыёкампаніяй
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alena-drapko
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/teletydzen
[4] https://zviazda.by/be/tags/teletydzen