Караткевічаўскі год — 2020-ы, — час 90-годдзя з дня нараджэння аўтара неўміручых «Каласоў пад сярпом тваім» і многіх мастацкіх твораў, якія стагоддзямі будуць нагадваць вечнасці пра Беларусь, народ Беларусі, пра адметнасці захавання нацыянальных адметнасцяў людзей, якія жылі і жывуць, будуць жыць у Беларусі, у суверэннай краіне Рэспубліка Беларусь.
«Ёсць замест прыватнай неўміручасці — / Бессмяротнасць нацыі тваёй», — пісаў Уладзімір Сямёнавіч незадоўга перад смерцю, у першай палове 1980-х гг. Караткевічаўскі 2020 год паказаў руплівасць навукова-даследчыцкага, кнігавыдавецкага характару, у выніку якой з’явілася цэлая бібліятэка кніг самога класіка і выданняў пра яго. Адна толькі персанальная энцыклапедыя «Уладзімір Караткевіч» вартая, несумненна, высокіх адзнак!.. Тысяча артыкулаў на яе старонках — грунт для будучых працаўнікоў на ніве караткевічазнаўства, якое, паверце ў гэта, з часам стане не меней прэстыжным накірункам у літаратуразнаўстве — як і пушкіністыка ў Расіі, міцкевічазнаўства ў Польшчы, як шаўчэнказнаўства ва Украіне... Як — коласазнаўства, купалазнаўства, багдановічазнаўства ў Беларусі.
А таксама падаецца ўражлівай у 2020 годзе руплівасць медыйнай прасторы, якая не толькі ў юбілейныя дні, але і на працягу ўсяго года была запоўнена згадкамі пра пісьменніка, расповедамі пра яго жыццё і творчасць. Як адмеціна сённяшняга часу — караткевічаўская тэма ў сацыяльных сетках, на розных Інтэрнэт-рэсурсах. Дзяржава, грамадства, удумлівыя, разважлівыя людзі зрабілі ў гэтым накірунку вельмі і вельмі шмат. Крыху шкада, што не адчулася «жывой» прысутнасці памяці пра самога класіка — праз ўшанаванне яго памяці вечарынамі, мастацкімі імпрэзамі, іншымі культурна-асветніцкімі праектамі. Будзем жыць спадзяваннямі, што да 100-годдзя з дня нараджэння У. С. Караткевіча мы падрыхтуемся шмат шырэй і болей грунтоўна. У многім 2020 пандэмічны год, яго наступствы памяшалі і многім дзеям, і многім магчымым ініцыятывам.
Адна з найболей цікавых гісторыка-літаратурных, літаратуразнаўчых кніг у юбілейны караткевічаўскі год — зборнік выбраных артыкулаў Анатоля Вераб’я «Блізкае і дарагое». Наўрад ці трэба нагадваць чытачу дасведчанаму, зацікаўленаму, які добра валодае ўяўленнямі пра абсягі беларускага літаратуразнаўства ў апошнія паўстагоддзя, што менавіта Анатоль Леанідавіч Верабей з’яўляецца найболей дасведчаным спецыялістам у айчынным караткевічазнаўстве. За гады сістэмнай навукова-творчай працы ён узышоў на тыя вышыні, якія і роўныя аб’екту, прадмету даследавання, і наўрад ці кім будуць пераўзыдзеныя ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Караткевіч — яго любоў, яго захапленне. І гэтым прасякнута ўся кніга, старонкі якой пісаліся на працягу многіх гадоў.
Архітэктоніка зборніка выбудавана наступным чынам. У першым раздзеле «Праблемы жыцця і творчасці», назва якога, здаецца, на першы погляд, дазваляе шырока і рознабакова асвятляць караткевічаўскую тэму, сабраны наступныя артыкулы: «Рыцар сумлення і свабоды» (гэта — прадмова А. Вераб’я да першага тома 25-томнага Збора твораў У. Караткевіча і хутчэй нават прадмова ўвогуле да ўсяго 25-томнага Збора твораў); «Радавод Уладзіміра Караткевіча» (упершыню артыкул надрукаваны ў ліпеньскім нумары часопіса «Роднае слова» за 1995 год); «Высакародная сіла рамантыкі» (першая публікацыя — часопіс «Полымя» за кастрычнік 1993 года); «Патрыятычныя ідэі і вобразы ў прозе Уладзіміра Караткевіча» (выступленне А. Вераб’я 15 лістапада 2001 года на II Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння прафесара Л. М. Шакуна на філалагічным факультэце БДУ); «Уладзімір Караткевіч і фальклор» (артыкул быў напісаны для энцыклапедыі «Беларускі фальклор» і надрукаваны ў першым яе томе); «Сугучча блізкіх галасоў» (пасляслоўе да 15-га тома Збора твораў у 25-ці тамах, дзе былі прадстаўлены пераклады і аўтапераклады У. Караткевіча); «Традыцыі „Аповесці мінулых гадоў“ і „Слова пра паход Ігаравы“ ў творчасці Уладзіміра Караткевіча» ( выступленне 25 лістапада 2005 г. у Оршы на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння У. Караткевіча); «Творчасць Уладзіміра Караткевіча ў кантэксце глабалізацыі» (выступленне на Міжнародным сімпозіуме «Разнастайнасць моў і культур у кантэксце глабалізацыі» у ліпені 2002 г.); «Асаблівасці выдання паэзіі ў 1-м і 2-м тамах Збору твораў Уладзіміра Караткевіча ў 25 тамах» (выступленне на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Сучасная беларуская тэксталогія: актуальныя праблемы і перспектывы развіцця» у лістападзе 2016 года). Уражлівы дыяпазон зацікаўленняў!.. Але ж прыйсці да гэтага можна было толькі праз гады ўчытвання ў творы Караткевіча, за гады асэнсавання яго спадчыны.
Старонкі артыкулаў пераконваюць у тым, што іх аўтар, разглядаючы канкрэтныя творы, сягаючы да агляду ўсіх здзяйсненняў класіка, выступае ў розных навуковых плынях: і як гісторык літаратуры, і як мастацкі крытык, і як філосаф і нават як публіцыст.
«...Уладзімір Караткевіч з’яўляецца, па сутнасці, заснавальнікам беларускай гістарычнай раманістыкі»; «Гісторыя была арганічнай частка духоўнага жыцця У. Караткевіча. Ён шырока абапіраўся на творчую фантазію, не капіраваў з навуковай дакладнасцю гістарычныя падзеі і факты, а ствараў мастацкі летапіс роднай зямлі. Для пісьменніка важна было ўзнавіць дух мінулых эпох, зразумець сэнс гісторыі»; «Уладзіміру Караткевічу ўласціва рамантычнае, фальклорна-легендарнае, міфалагічнае і адначасова канкрэтнае, гістарычнае, па-мастацку дакладнае і дасканалае асэнсаванне мінуўшчыны. Паэтызуючы гісторыю, ён уздымаў пытанні, актуальныя для сучаснасці»... Сёння, калі грамадства выпрабоўваецца (як і выпрабоўваецца дзяржаўнае будаўніцтва суверэннай краіны) на ролю і месца нацыянальнай годнасці, самаідэнтычнасці ў працэсах фарміравання асобы-адзінкі і развіцці ўсёй краіны, актуальнасць і твораў У. Караткевіча і разгляду яго пранікнення ў таямніцы мастацкага прачытання чалавека надзвычай важная, знакавая. Мала зазірнуць у характар, якім кіраваўся пісьменнік, беручы для разгляду той ці іншы гістарычны адрэзак часу, трэба паспрабаваць унікліва паразважаць, што кіравала аўтарам гістарычных аповесцяў і раманаў, якога дзейснага развіцця падзей у выхаванні чытача ён чакаў. І як на мой погляд, Анатоль Верабей па-майстэрску спраўляецца з гэтай задачай.
У кнізе астатнія артыкулы раскладзены яшчэ на тры раздзелы: «Беларускі літаратурны кантэкст»; «Сусветны літаратурны кантэкст»; «Рэгіянальны кантэкст». Крытык імкнецца да разгляду творчасці класіка, яго асобы ў параўнанні са здзяйсненнямі велічынь рознага часу: «Уладзімір Караткевіч і Францыск Скарына» («...патрыятычны пафас, гуманістычны змест, мастацкая дасканаласць моцна яднаюць У. Караткевіча і Ф. Скарыну»), «Уладзімір Караткевіч і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч», «Уладзімір Караткевіч і Янка Купала: традыцыі наватарства», «Традыцыі Якуба Коласа ў прозе Уладзіміра Караткевіча», «Традыцыі Максіма Багдановіча ў творчасці Уладзіміра Караткевіча», «Уладзімір Караткевіч і Максім Гарэцкі», «Уладзімір Жылка і Уладзімір Караткевіч», «Максім Танк і Уладзімір Караткевіч», «Юльян Пшыркоў і Уладзімір Караткевіч», «Уладзімір Караткевіч і Янка Брыль», «Уладзімір Калеснік і Уладзімір Караткевіч», «Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч», «Генадзь Кісялёў і Уладзімір Караткевіч», «Алег Лойка і Уладзімір Караткевіч», «Адам Мальдзіс і Уладзімір Караткевіч»... У раздзеле «Сусветны літаратурны кантэкст» увайшлі артыкулы, у якіх творчасць У. Караткевіча разглядаецца ў параўнанні з прозай і паэзіяй Вальтэра Скота, Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Аляксея Канстанцінавіча Талстога, Генрыка Сянкевіча, Канстанціна Паўстоўскага. А. Верабей зазірае ў рускую прозу XIX стагоддзя, выказвае меркаванні пра веданне, уважлівае прачытанне Уладзімірам Караткевічам раманаў М. Загоскіна («Юрый Міласлаўскі, альбо Рускія ў 1612 годзе»), І. Лажэчнікава («Ледзяны дом»), Ф. Булгарына («Дзмітрый Самазванец», «Мазепа»), твораў А. С. Пушкіна, М. Гогаля... Цікавым падаецца наступнае назіранне крытыка ў дачыненні да паралеляў Караткевіч — Леў Талстой: «...Істотным было само вырашэнне тэмы. Для беларускага пісьменніка важны быў вопыт Л.М. Талстога, у славутым творы якога таксама дзейнічаюць пераважна прадстаўнікі вышэйшых слаёў. Аднак у лепшых з іх дасканала ўвасобіўся нацыянальны характар, традыцыі, звычкі, норавы і светаадчуванне рускага народа».
Заключны раздзел кнігі — зварот крытыка да літаратурна-краязнаўчага асэнсавання жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча. Гэтая частка зборніка артыкулаў — фактычна літаратурна-краязнаўчая кніга, вельмі насычаная і рэльефная, дынамічная, у якой адлюстраваны повязі пісьменніка з Мсціславам, Полацкам, Берасцейшчынай, Віцебшчынай, Гродзеншчынай, Рагачоўшчынай, Масквой і Мінскам. Вядома, што класік беларускай літаратуры шмат падарожнічаў Беларусі, пільна ўглядаўся ў айчынныя краявіды, добра ведаў беларускія рэкі, азёры, на свае вочы адкрываў помнікі мінуўшчыны. Падарожжы, вандроўкі ў самыя дагэтуль невядомыя мясціны сілкавалі мастацкія памкненні аўтара легендарных твораў. Ён імкнуўся, здаецца, прайсці ўсімі сцежкамі. Ды і пісаў свае раманы, аповесці, вершы Уладзімір Караткевіч у розных мясцінах — не толькі ў Мінску, але і ў Оршы, Лісавічах ва Украіне, Маскве, Каралішчавічах, Чалябінску, на Рагачоўшчыне. А. Верабей зазначае: «Ёсць падставы гаварыць, што Рагачоў для У. Караткевіча з’яўляецца тым, чым былі для А. Пушкіна Болдзіна, для Л. Талстога Ясная Паляна, для Янкі Купалы Акопы». Літаратурна-краязнаўчыя артыкулы Анатоля Вераб’я, прысвечаныя жыццю і творчасці класіка, — аснова для будучай працы, якая раскажа літаральна пра ўсе адрасы, усе мясціны, якія можна смела назваць «караткевічаўскімі адрасамі».
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-karlyukevich
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[5] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-karatkevich