Яскравыя кантрастныя контуры, створаныя мяккімі плаўнымі лініямі, моцныя колеры, характары ў сілуэтах — тое, па чым пазнаецца творчасць народнага мастака Георгія Паплаўскага. «Мастак шырокага дыяпазону»: графіка, кніжная ілюстрацыя, акварэлі, літаграфіі, лінагравюры і безліч іншых малазразумелых для далёкіх ад мастацтва людзей найменняў мастацкіх прыёмаў. У яго работах знайшла адбітак не толькі ўласная няпростая біяграфія творцы, але і паступовая змена эпох і пераломныя моманты гісторыі.
Творца нарадзіўся ва Украіне, але ў дзяцінстве пераехаў з сям’ёй пад Бабруйск. Там пайшоў у школу, там жа праявілася яго захапленне мастацтвам і знайшоўся чалавек, які яго падтрымаў — Фёдар Бяляеў, ён выкладаў мастацтва ў студыі пры Бабруйскім Доме піянераў. Адтуль жа Георгій Паплаўскі паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча, дзе сустрэў сваю жонку — таленавітую мастачку-ілюстратарку Наталлю. З вучылішча пачалася кар’ера творцы.
Адні нараджэння ўсё жыццё святкаваў два. Фактычная дата — 15 студзеня, але пры змене дакументаў зрабілі памылку і ў пашпарт занеслі 10 лютага. Сёлета мастак адзначыў бы 90-гадовы юбілей.
Паказваць праўду часу
Адно з самых частых вызначэнняў, што давалі творцу журналісты, — «рамантык суровага стылю» або «суровы рамантык». Мастак расшыфроўваў сваё стаўленне да гэтага наймення так: «Рамантык суровага стылю. Так абазначаюць мой стыль у жывапісе. Мастакі майго пакалення супрацьстаялі “лакіроўшчыкам”. Сама сутнасць прафесіі — перадаць праўдзівае выяўленне свайго часу будучым пакаленням». «Лакіроўшчыкамі» мастак называў тых, хто паказваў чыстых, прыгожых і адпрасаваных рабочых і ўдарніц. Ён бачыў абсалютна іншае — і іншае пераносіў на палотны.
«Я рабіў так, каб не было сорамна ні перад партыяй, ні перад сябрамі. Каб не казалі, што прагінаўся перад ЦК. Паказваў вайну не як трыумф Перамогі, а такой, якой была. Я сам бачыў акупацыю, Бабруйскі кацёл. Мой бацька быў салдатам. Якое каратэ тады было, а ў кіно паказваюць. Карабаціць мяне сёння тое, што моладзь бярэ сюжэты з кніг, камп’ютараў, не імкнецца спазнаць рэальны свет».
Георгій Паплаўскі на сваім досведзе дакладна ведаў, што тэм у рэальным свеце можна было знайсці колькі заўгодна. У яго работах — ваенная тэма, беларуская вёска і айчынныя пейзажы, Чарнобыль, адкрыццё космасу, іншыя краіны, па якіх мастак вандраваў. Але ва ўсіх тэмах ён заставаўся верны аднаму прынцыпу — паказаць праўдзіва.
Творчасць не бывае халтурай
У творчасці Георгія Паплаўскага знайшлося месца не толькі жыццю тут і цяпер. Значная частка яго спадчыны — кніжныя ілюстрацыі: і да твораў беларускіх класікаў і сучаснікаў, і замежных. І ў гэтай справе суровы стыль крыху саступаў рамантызму. «Пайшоў у выдавецтва, паказаў тэчку з малюнкамі. Прапанавалі праілюстраваць цыкл аповесцей і апавяданняў Джэка Лондана “Смок Бэллю”. Я як пачуў — Джэк Лондан! Адразу пагадзіўся. Яго героі — мае героі. Рамантыкі ў душы і ў той жа час дужыя, ад зямлі, могуць выжыць у любых умовах», — расказвае мастак. Джэк Лондан быў толькі пачаткам. І хаця ілюстраваць кнігі Георгій Паплаўскі пачаў, каб палепшыць фінансавае становішча, знайшоў у гэтым шмат свайго: «Да кожнага літаратурнага твора міжволі падыходзіш з трапятаннем. Да прыкладу, Шэкспір. Я працаваў з такімі творамі, як “Сон у летнюю ноч”, “Дванаццатая ноч”, “Утаймаванне свавольнай”. “Сон у летнюю ноч” — там няма краіны, але ёсць эпоха, стыль. Быкаў, ваенная тэма, вядома, — гэта маё. “Новая зямля”, “Сымон-музыка” Коласа — люблю Палессе, сялянскі побыт. Да таго ж у мяне быў дом на хутары Раціні, каля вёскі Масковічы (Браслаўшчына), дзе я жыў кожнае лета, гадоў 50 запар».
Кніжныя ілюстрацыі былі не толькі асабістым мастацкім досведам, але і своеасаблівым досведам супрацы. Георгій Паплаўскі неаднойчы казаў, што працаваць аднолькава лёгка было і з сусветнымі класікамі, і з беларускімі сучаснікамі, хаця з апошнімі даводзілася і спрачацца. Але цяпер такіх сувязей паміж творцамі розных відаў мастацтва ўжо не ўсталёўваецца, і сучасныя мастакі ад гэтага губляюць.
«Усе яны былі свойскімі людзьмі. Ні ў кога не было “фанабэрыстасці”. Прыязджае адзін у госці да Адамовіча. У рэстаране не пабалбатаць, на кухні таксама. Ён жыў у хрушчоўскім доме на першы паверсе. А вось у майстэрні ў Паплаўскага — так. Падоўгу засядаем, жартуем. Адамовіч мне быў блізкі яшчэ тым, што я з-пад Бабруйска, а ён у акупацыі жыў у пасёлку Глуша. Немцы выганялі нас чысціць слуцкую дарогу, і я хадзіў замест мамы. Мне было 12—13 гадоў, яму больш за 25. Мы жартавалі, што маглі сустрэцца рыдлёўкамі, бо, атрымліваецца, чысцілі па кірунку адзін да аднаго. Потым гэты момант увайшоў у яго аўтабіяграфічную дылогію “Партызаны” — адна з першых кніг, над якой я працаваў. Ён хацеў зрабіць гэта як рэпартаж, і трэба было знайсці выразны стыль. Што і звязала нас творча. Я зрабіў цэлы цыкл на гэтую тэму — “Чытаючы Алеся Адамовіча”. Потым ездзіў на здымкі фільма “Ідзі і глядзі”, зрабіў партрэты трох мэтраў, якія пра вайну сказалі больш, чым цэлая плеяда пісьменнікаў, — Элема Клімава, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава».
У працы з ілюстрацыямі аўтар значна менш вольны, бо трэба ўлічваць меркаванне і аўтара тэксту, і разнастайных камісій. Але праблем ніз пісьменнікамі, ні з мастацкімі нарадамі не ўзнікала. Мастак і сам звычайна адчуваў, дзе патрабуецца дапрацоўка. Бо ніколі не ставіўся да ілюстрацыі як да простай халтуркі: «Гэта мая творчасць. Маё жыццё».
У 1968 годзе мастацкае афармленне «Новай зямлі» Коласа было адзначана дыпломам «Найпрыгажэйшая кніга свету» на конкурсе ў Лейпцыгу.
Шукаць і прытрымлівацца сябе
Георгій Паплаўскі — шмат у чым мастак сацрэалізму. І яго было немагчыма, як многіх іншых творцаў гэтага стылю, упікнуць у няшчырасці, вузкім поглядзе на рэчаіснасць і кан’юнктуры.
Хаця ў маладосці даводзілася маляваць і Леніна, і Сталіна. «Такіх заказаў, каб не ў маім духу нешта рабіць, каб самому брыдка, — не было такога. Калі мой стыль стаў пазнавальным, працы з'явілася па горла», — распавядаў творца ў інтэрв’ю. Ніякае мастацтва не можа атрымацца без унутранага імпульсу, асабістага памкнення аўтара. Нават калі гэта заказ, ён не павінен быць дагаджэннем чужым густам, здрадай сабе, лічыў Георгій Паплаўскі: «Вось чаму Бог не даў чалавеку хваста? Каб ён не віляў ім. Адзін час працаваў з моладдзю — пару гадоў у політэхнічным інстытуце выкладаў і ў Акадэміі мастацтваў, каля трыццаці гадоў кіраваў майстэрняй графікі творчых акадэмічных майстэрняў жывапісу, графікі і скульптуры Міністэрства культуры. Мяне здзіўляе, калі пачынаюць працаваць, каб дагадзіць камусьці, па прынцыпе “чаго захочаце?”. Гэта настолькі непрыемна!»
Маладым цяпер цяжэй: можна рабіць што заўгодна, але гарантый, што на цябе звернуць увагу — ніякіх. «Дапусцім, у савецкі час заўсёды ведаў, што мае работы купяць. Мастацкі фонд БССР, СССР, Міністэрства культуры. Супрацоўнічаў з выдавецтвамі і ніколі не сядзеў без дамовы. Цяпер жа моладзь павінна дагаджаць... Я б параіў мастакам-пачаткоўцам усё ж не шукаць рынкі збыту работ, а спазнаць сябе, каб потым не шкадаваць. Калі ты таленавіты — абавязкова ацэняць! Не хачу асуджаць тых, хто з’ехаў па рубель за мяжу. Але гэта не наша, не беларускае, не роднае, там можна толькі чэрпаць натхненне», — дзяліўся мастак.
Бачыць прыцягальнае ў рэальным свеце
У іншыя краіны мастак выязджаў да волі часта і нават жартаваў у розных інтэрв’ю пра «цыганскі ген», які не дазваляе яму сядзець на месцы: «Падарожнічаць люблю. Гэта ў мяне з дзяцінства. Але зараз нейкі “сядун” пачынаецца. Раней, калі затрымаюся на пару тыдняў у Мінску, свярбіць усё: трэба ехаць, трэба ехаць. Ды і зараз. Ляжу ў бальніцы, думаю: усё, пара згортваць гармонік. А выпісаўся — усё роўна імкнуся кудысьці».
Мастак наведаў безліч розных краін свету, прычым цягнулі яго найбольш загадкавыя, далёкія і незразумелыя з пункту гледжання нашага ўмеранага клімату месцы: ад Мексікі да Арктыкі. І ледзь не з кожнай вандроўкі прывозіў мастацкі альбом або графічныя эстампы. Адным з галоўных захапленняў творцы стала Індыя: «Апынуўся там у пачатку 1970-х. Да гэтага быў у Сінгапуры, Інданезіі, на Кубе. Але Індыя! Яна ўразіла так, што ўвесь год ужо дома маляваў яе. Потым яшчэ чатыры разы быў там». Гэта адбілася і на творчасці. За вялікі цыкл малюнкаў, акварэляў, эстампаў «Індыйскі дзённік» і афармленне кнігі старажытнаіндыйскіх прыпавесцей «Тыракурал» Паплаўскаму была прысуджана прэмія Дж. Неру.
Родная Беларусь натхняла мастака не менш. Да любога месца ў свеце, наколькі б блізкім ці далёкім яно ні было, мастак, здаецца, ставіўся як да творчага матэрыялу. З многіх работ, прысвечаных Беларусі, асаблівую адзнаку атрымалі акварэлі «Браслаўскі альбом». У 2002 годзе Георгій Паплаўскі атрымаў Дзяржаўную прэмію.
Адну з шматлікіх праяў творчасці Георгія Па плаўскага — менавіта ваенную тэматыку — можна будзе ацаніць з 12 лютага ў Музеі Вялікай Айчыннай вайны. На выстаўцы прадставяць дваццаць работ з графічных серый «Памяць», «Па матывах твораў Алеся Адамовіча», «Час доўгіх нажэй», «Хроніка аднаго атрада», а таксама 45 арыгінальных малюнкаў, якія малады мастак стварыў падчас службы ў войску. Экспазіцыя будзе працаваць на працягу месяца — да 12 сакавіка.
Падрыхтавала Ганна ІВАНОВА
Друкуецца ў выданні «Літаратура і мастацтва» [3].
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/vyyaulenchae-mastactva
[3] http://zviazda.by/be/edition/litaratura-i-mastactva
[4] https://zviazda.by/be/tags/mastactva