Знаёміцца з рознымі прафесіямі сёння можна нават з малодшага школьнага ўзросту. Былыя палацы піянераў перасталі быць месцамі, дзе дзеці выключна малююць, танцуюць ці спяваюць. Сёння там хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць разнастайныя сучасныя веды, навыкі і ўменні, «прымяраюць» на сябе розныя прафесіі, вырабляюць упрыгажэнні і калекцыі вопраткі, вучацца фатаграфаваць і рабіць радыё- і тэлеперадачы, блогі, мультфільмы, макеты будынкаў, працуюць над навуковымі праектамі і ствараюць мадэлі аўтамабіляў і робатаў. Нават замежныя мовы цяпер можна вывучаць па-рознаму. Напрыклад, пры дапамозе камп'ютарных тэхналогій ці дэбатаў на англійскай мове, ці кінаклуба, дзе пасля прагляду стужак на мове арыгіналу ідзе іх абмеркаванне... А чаму б не запісацца ў «англійскі тэатр», юныя акцёры якога ўдзельнічаюць у міжнародных фестывалях?
Дзе?
Вядома, на спартыўныя, тэатральныя, мастацкія і музычныя гурткі дзіця можна запісаць у суседняй школе ці набраць нумары, пазначаныя на аб'яўках, якія расклеены па ўсім горадзе і праскокваюць у рэкламных роліках у інтэрнэце. Запіс у такія студыі, а таксама ІТ—школы, спартыўныя секцыі можа весціся круглы год. Дадатковая адукацыя сёння добра манетызуецца. Часам заняткі школьніка выліваюцца бацькам у суму, не меншую за платную адукацыю старэйшых дзяцей у сярэдняй ці вышэйшай навучальнай установе. Напрыклад, індывідуальныя заняткі шахматамі ці ігрой на музычных інстументах могуць абыходзіцца у 100—180 рублёў і больш, за сотню перавальваюць месячныя абанементы ў некаторых ІТ-школах, лічбавае маляванне можа пацягнуць на 190, захапленне карэйскай мовай — яшчэ 120 рублёў з сямейнага бюджэту, абанемент на навучанне плаванню (восем заняткаў на месяц) можа каштаваць 165 рублёў, а індывідуальныя заняткі з дзіцем і таго больш. Цэны могуць розніцца ў залежнасці ад таго, у які час (дзень ці вечар, будні ці выхадныя) дзіця наведвае заняткі, ад напаўняльнасці групы і месца. Напрыклад, можна плаціць за мастацкі (танцавальны, шахматны, спартыўны) гурток 60—80 рублёў на месяц альбо знайсці такі ж бясплатны.
Пры выбары заняткаў для нашчадкаў абавязкова разлічвайце свае фінансавыя магчымасці. З цягам часу вам давядзецца знаходзіць сродкі не толькі на аплату ўрокаў. Так, удзел у спаборніцтвах, аплата дарогі ў іншы горад (краіну), дзе будзе выступаць дзіця, закупка касцюмаў для юных танцораў ці формы і інвентару для спартсменаў, матэрыялаў для заняткаў творчасцю — усё гэта выцягвае з бацькоўскіх кішэняў круглыя сумы. Прыцаніцеся, ці ўпэўнены вы, што пацягнеце такое дзіцячае захапленне? Для юнай зоркі, якая выкладваецца на занятках і якой яны падабаюцца, кінуць усё потым з-за недахопу грошай — вялікі стрэс.
Не палянуйцеся разам з малым зазірнуць на старонкі цэнтраў дадатковай адукацыі ў інтэрнэце. У Мінску, напрыклад, яны працуюць у кожным раёне. Вы будзеце ўражаны тым, колькі магчымасцяў адкрываецца для сучасных дзяцей і падлеткаў. І пры гэтым большасць гурткоў для беларускіх школьнікаў бясплатныя! Альбо тыя ж мастацкія гурткі ці цэнтры па вывучэнні замежных моў і сучасных тэхналогій значна таннейшыя за падобныя прапановы ад камерцыйных структур.
Апошні год паспрыяў развіццю адукацыйных паслуг у віртуальнай прасторы. Напрыклад, зараз праз інтэрнэт можна вучыцца маляваць, займацца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю і праграмаваннем, гуляць у шахматы, знаёміцца з сусветным мастацтвам і гісторыяй і нават развіваць суперпамяць. І зноў жа формы падачы матэрыялу тут розняцца — гэта могуць быць інтэрактыўныя платформы, загадзя запісаныя відэаўрокі ці работа з педагогам у жывым эфіры.
Навошта?
З якой мэтай вы хочаце аддаць дзіця на гурток? Адзін шлях, калі яно будзе развіваць здольнасці, якія ўжо мае. Другі — калі вы хочаце навучыць дзіця таму, што ў яго атрымліваецца дрэнна. Напрыклад, павольнаму і няўклюднаму хлопчыку складана гуляць у футбол. Яму трэніроўкі будуць давацца цяжэй, чым спрытным равеснікам, і нават калі ён будзе працаваць больш за іх, не факт, што зможа дасягнуць прызавых месцаў і медалёў. Затое ў параўнанні з іншымі дзецьмі, якія не займаюцца ў спартыўнай секцыі, ён зможа нядрэнна гуляць, ганяць мяч, і хлопчыкі на дваровай пляцоўцы не будуць ужо адмаўляцца браць яго ў сваю каманду.
Даволі часта бацькі жадаюць даць дзіцяці тыя веды і ўменні, якіх не хапала ім самім. Але ці спатрэбіцца ўсё гэта, калі дзіця вырасце? Так, можна шмат часу выдаткаваць на вывучэнне замежных моў. Але не трэба забывацца, што ўжо зараз машынны пераклад дазваляе працаваць з дакументамі. А ў далейшым новыя тэхналогіі дазволяць перакладаць з любой мовы яшчэ на больш высокім узроўні, з іх развіцём звязваюць і знікненне шэрагу прафесій.
У той жа час любы новы занятак прымушае дзіця думаць, эксперыментаваць, шукаць розныя рашэнні. А такія навыкі будуць запатрабаваныя заўсёды.
У дадатак дзеці, якія маюць шэраг захапленняў, вучацца самаарганізацыі, усё ж, каб усюды паспець, важна ўмець размяркоўваць свой час. Дадатковая адукацыя — гэта і новыя знаёмствы, формы работы, нефармальныя зносіны, работа ў камандзе, прыналежнасць да пэўнага калектыву і пачуццё адказнасці, крэатыў, адкрыцці і захапленне вынікам сваёй працы.
Не дзіва, што хлопчыкі і дзяўчынкі пасля школы самі бягуць у разнастайныя гурткі, цэнтры, секцыі, бо там вяртаецца ці абуджаецца цікавасць дзіцяці да навучання, дэманструецца, якім разнастайным можа быць свет, даюцца магчымасці паспрабаваць сябе ў розных ролях, вызначыцца з тым, што падабаецца і што можа атрымлівацца.
Што?
Давайце зазірнем у былыя палацы піянераў. Там сапраўды вельмі шмат змянілася з тых часоў, як мы хадзілі туды самі.
Напрыклад, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці і сёння збірае будучых інжынераў і канструктараў, матацыклістаў і картынгістаў. Толькі зараз там, акрамя спартыўна-тэхнічнага мадэлявання, дзеці вывучаюць і найноўшыя тэхналогіі. З'явіліся тут і першыя дыстанцыйныя заняткі для школьнікаў. З 10-гадовага ўзросту можна далучыцца да мадэлявання транспартнай тэхнікі, а з 14 вывучаць ахоўныя сістэмы і відэаназіранне.
Прапановы, якія сёння маюць цэнтры мастацкай творчасці, што дзейнічаюць па ўсёй краіне, — гэта цэлы сусвет, у якім таленавітыя педагогі прыадчыняюць шматлікія дзверцы на шляху да разнастайных захапленняў і адкрыццяў. Для вельмі многіх навучэнцаў з гэтых заняткаў пачынаецца шлях і ў будучую прафесію.
Гурткі, якія аб'ядноўваюць юных творцаў, — гэта і выдатны выхаваўчы рэсурс. Педагогі сістэмы дадатковай адукацыі вучаць не толькі ствараць сучасныя рэчы, але і знаёмяць з традыцыямі, рэгіянальнымі адметнасцямі. Дзеці сустракаюцца з народнымі майстрамі і калектывамі, цікавяцца гісторыяй і культурай, спрабуюць гэтыя веды перадаваць праз свае вырабы.
З'явілася шмат новых формаў работы. Напрыклад, рэканструяваць старыя абрады і ладзіць народныя святы разам з дзецьмі і педагогамі прыходзяць іх бацькі. Навучэнцы з розных студый рыхтуюць агульныя праекты. Напрыклад, юныя разьбяры па дрэве і дзяўчаты, якія працуюць з тканінамі. Удзельнікі студый дэкаратыўна-прыкладной творчасці дапамагаюць тэатральнаму гуртку — вырабляюць дэкарацыі і лялькі, а будучыя журналісты ствараюць пра гэта сюжэты і артыкулы.
На базе цэнтраў працуюць і аб'яднанні па інтарэсах для моладзі. Нават выпускнікі школ могуць прыходзіць сюды, каб вучыцца маляваць, шыць дызайнерскія рэчы, займацца арт-дэкорам (складанне букетаў і кампазіцый, выраб з палімернай гліны ўпрыгожанняў, стварэнне аўтарскага мыла, дэкупаж, мазаіка, квілінг, ф'юзінг, калаж, выцінанка, фларыстыка і г. д.). Хлопцы і дзяўчаты, якія хочуць стаць рамеснікамі, могуць запісацца ў студыю па пляценні з лазы і бяросты альбо пачаць ткаць на традыцыйных кроснах ці плесці паясы.
У цэнтрах дадатковай адукацыі дзеці і моладзь вучацца шыць, ствараць вопратку, сумкі, аксесуары, распрацоўваюць прынты для тканін. Запатрабавана сёння і fashіon-ілюстрацыя, калі свае дызайнерскія задумкі можна выкласці на паперы.
У тэатрах моды юныя мадэлі вывучаюць асновы дэфіле, макіяжу, сцэнічнае і акцёрскае майстэрствы, удзельнічаюць у паказах калекцый.
Рыхтуюць у цэнтрах і фатографаў, блогераў, арганізатараў свят. Для падлеткаў створаны нават асобны гурток «манікюрны дызайн».
Актыўных дзяцей чакаюць у аб'яднаннях аматараў інтэлектуальных гульняў, клубах вясёлых і знаходлівых, гульцоў у настольныя гістарычныя гульні, турысцкіх гуртках, клубах юных інспектараў і ратавальнікаў.
Самыя маленькія гурткоўцы (з 2-3 гадоў) могуць прыходзіць з мамамі. Сярод прапаноў для малых — заняткі творчасцю, танцамі, рухомыя гульні, аздараўленчая гімнастыка, заняткі з лагапедамі, замежныя мовы.
З 5—7 гадоў дзетак ужо гатовы ўзяць у студыі моды, гурткі, дзе можна вырабляць брошкі, пярсцёнкі, цацкі, сувеніры. А можна паспрабаваць аддаць малога ў дзіцячую лабараторыю «DІSCOVERY», дзе ладзяцца вопыты і эксперыменты ці акадэмію «Я — лідар» (эканоміка для маленькіх, англійская мова і развіццёвыя гульні).
Старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак збіраюць клубы маркетолагаў і бізнесменаў, «Акадэмія фінансаў і менеджменту», школа «Эканоміка турызму».
А хто сказаў, што ў школьным узросце яшчэ рана думаць пра навуку? У сталіцы юныя даследчыкі могуць прыходзіць на сустрэчы аматараў астраноміі, гісторыкі — займацца на базе Нацыянальнай акадэміі навук. Гурткі «Юны хімік. Арганічная хімія», «Фізіялогія клеткі», «Урбаэкалогія», «Батаніка: расліны ў жыцці чалавека», «Біяразнастайнасць расліннага свету: сістэматыка раслін», «Свет рыб», «Батаніка: брыялогія» (вывучэнне імхоў і іх значэння для біясферы), «Птушкі Беларусі», «Эксперыментальная энтамалогія» працуюць таксама на базе НАН Беларусі.
Асобныя гурткі дапамагаюць дзецям разабрацца з псіхалагічнымі праблемамі. Праводзяцца заняткі на развіццё эмацыянальна-валявой сферы дашкольніка, на адаптацыю першакласнікаў да навучання, дзеці і падлеткі вучацца ўзаемадзейнічаць, лепш разбірацца са сваімі эмоцыямі і патрэбамі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/syamya