У пятніцу 19 лютага на «Беларусь 3» убачым фільм «Міравы хлопец», які выйшаў на кінастудыі «Беларусьфільм» паўстагоддзя таму, у 1971 годзе.
Кінастужка рэжысёра Юрыя Дубровіна расказвае пра маладога інжынера Віктара Логінава, які прыязджае ў адну з краін Усходу ў якасці тэхнічнага прадстаўніка Мінскага аўтазавода і там па збегу абставін трапляе на міжнароднае ралі замест аднаго з прафесійных гоншчыкаў. Сярод майстроў наш хлопец навічок і прадстаўнікі замежных фірмаў не зацікаўленыя ў тым, каб Віктар перамог. Але мужнасць і ўпэўненасць у сабе дапамагаюць інжынеру пераадолець усе перашкоды на сваім шляху, дзе небяспека сыходзіла як ад прыроды, так і ад людзей.
У ролі Віктара зняўся акцёр Мікалай Алялін (ён жа палкоўнік міліцыі ў «Джэнтльменах удачы»). Разам з ім у фільме зняліся Любоў Румянцава, Валянціна Спярантава, Мікалай Яроменка і іншыя. Асобныя натурныя здымкі кінастужкі праходзілі ў Афганістане. Усе прадстаўленыя ў «Міравым хлопцы» аўтамабільныя маркі акрамя МАЗ-516, на якім выступае ў фільме Логінаў, выдуманыя, але самі грузавікі сапраўдныя. Усе чатыры аўтамабілі былі ў свой час закуплены Мінскім аўтазаводам для вывучэння замежнага вопыту. Краіна Нуабарыя, у якой аказваецца малады хлопец у камандзіроўцы, таксама выдуманая. У фільме ўпершыню прагучала песня Веніяміна Баснера «Бярозавы сок» у выкананні «Песняроў».
«Міравы хлопец» — кінаработа, якая выклікае ў аўдыторыі розныя ацэнкі. І ў ім, нягледзячы на час, можна ўбачыць розныя акцэнты. Аднак, галоўнае — гэта тое, што калі мы маем веру ў сябе і ў тое, чым даражым, то перашкоды — толькі часовая з'ява. Глядзіце і рабіце ўласныя высновы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/medyya
[3] https://zviazda.by/be/kultura
[4] https://zviazda.by/be/kino
[5] https://zviazda.by/be/tags/film
[6] https://zviazda.by/be/tags/belarus-3-2