Марозная зіма прынесла беларусам не толькі гарэзлівыя снежныя забавы, але і сур'ёзныя лічбы ў першых за сёлета «жыроўках», якія праз студзеньскае пахаладанне аказаліся «цяжэйшыя», чым чакалася.
Нагадаем, што падрасці «камуналка» павінна была з новага года на 4,2 долара (у эквіваленце), аднак упісацца ў гэтую лічбу ў камунальнікаў не атрымалася, бо на ацяпленне жылфонду праз моцныя маразы спатрэбілася больш гігакалорый, расказалі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Да штогадовага павышэння аплаты жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП) у сярэднім на пяць долараў (для «двухпакаёўкі» з трыма жыхарамі), якое звычайна падзяляецца на два этапы: у студзені (на 4,2 долара) і ў чэрвені (на 0,8 долара), сёлета дадалося марознае надвор'е. Праз дадатковае ацяпленне «жыроўка» ў «двухпакаёўцы» дадаткова пацяжэла яшчэ прыкладна на сем рублёў. Дадайце да гэтай сумы запланаванае з 1 студзеня павелічэнне тарыфаў на электрычнасць (на 10 %), газ (на 14,8 %), водазабеспячэнне (на 11,3 %) і водаадвядзенне (на 11 %), капрамонт (на 38,5 %), тэхабслугоўванне ліфта (на 4,2 %) і можаце самі падлічыць, якая частка ў павялічанай суме плацяжу набегла за дадатковыя гігакалорыі.
У розных кватэрах сумы налічэнняў за студзень павялічыліся ў залежнасці ад плошчы жылля, месцазнаходжання дома, яго энергаэфектыўнасці і рэгіёна пражывання. Памер платы за ацяпленне жылых памяшканняў можа вар'іравацца і ў залежнасці ад умоў надвор'я. А большасць шматкватэрных дамоў у краіне абсталявана прыборамі групавога ўліку расходу цеплаэнергіі. Як вынік, сума аплаты можа мяняцца пры нязменных тарыфах і залежаць ад колькасці зрасходаванага цяпла на абагрэў жылля, растлумачылі ў міністэрстве.
— У сувязі з пахаладаннем у студзені 2021 года расход цеплаэнергіі павялічыўся ў параўнанні са снежнем — адпаведна, падрасла і сума налічэнняў за ацяпленне. Другім радком у росце аплаты ЖКП стала планавае павелічэнне тарыфаў са студзеня. Разам яны і павялічылі суму па-за межамі мяркуемых лічбаў. Аднак гэта не азначае, што ўжо са студзеня павялічылася планавае налічэнне за ацяпленне. Яно, як і меркавалася, адбудзецца ў чэрвені, — расказаў Генадзь АКСЦІЛОВІЧ, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і СМІ Міністэрства ЖКГ. — Да таго ж трэба глядзець, з чаго склалася павялічаная сума по кожнай асобнай кватэры. Напрыклад, вы спажылі ў снежні тры «кубы» вады, а ў студзені — пяць, гэта таксама павялічыць лічбу за студзень.
«Марозная» сярэдняя лічба, якая паспрыяла павелічэнню аплаты студзеньскай «камуналкі», па інфармацыі Белгідрамета, за снежань склала -0,5 °С па краіне і -1,2 °С — па Мінску, а за студзень — -3,7 °С па Беларусі і -4,5 °С — па сталіцы.
— Варта ўлічваць таксама, што мінулагодняе летняе павышенне тарыфаў (з 1 чэрвеня) на ацяпленне мы адчулі толькі з пачаткам ацяпляльнага сезона 2020—2021 гадоў. А сёлета з 1 чэрвеня тарыф на цеплазабеспячэнне і ацяпленне чарговы раз павялічыцца на 0,8 долара ў эквіваленце. І гэты рост мы адчуем на падагрэве вады толькі ў ліпені 2021-га, а тарыфныя сумы за ацяпленне падрастуць толькі ў ацяпляльным сезоне 2021—2022 гадоў, — удакладніў Генадзь Аксціловіч.
У нейкім сэнсе «пашанцавала» тым дамам, дзе няма прыбораў уліку цяпла і плата за ацяпленне — пастаянная велічыня ўвесь ацяпляльны перыяд з кастрычніка да красавіка незалежна ад градуса за акном і колькасці затрачаных на абагрэў жылля гігакалорый. Пераразлік за ацяпленне ў такіх дамах робіцца па выніках ацяпляльнага перыяду.
У Міністэрстве ЖКГ нагадалі, што беларусы могуць звярнуцца ў разлікова-даведачныя цэнтры па месцы жыхарства, калі ў іх узнікаюць пытанні па налічэнні аплаты за ЖКП або ў выпадку няспраўнасці прыбораў уліку расходу цеплаэнергіі. Калі гэта паўплывала на суму налічэнняў, будзе зроблены пераразлік.
Калі сачыць за слупком тэрмометра, то можна заўважыць, што ў лютым марозных дзён яшчэ больш, чым у студзені, хоць месяц і карацейшы. Прагназаваць, ці павялічацца (або наколькі) сумы «жыровак», якія мы атрымаем у сакавіку за люты, — цяжка, але варта быць гатовымі да ўсяго, проста на ўсялякі выпадак. Напрыканцы прывяду дзве лічбы з «жыроўкі» за «асноўныя жыллёва-камунальныя паслугі» ў «двухпакаёўцы» з чатырма пражываючымі. За студзень 2020-га — 58 рублёў, за студзень 2021-га — 62 рублі.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/finansy
[4] https://zviazda.by/be/tags/pytanni-aplaty-zhkp
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhkp