У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь адбылося выніковае пасяджэнне калегіі, у ходзе якога разгледжаны пытанні антыманапольнага і цанавога кантролю ва ўмовах новых выклікаў 2021 года, паведамляе афіцыйны сайт МАРГ.
Першы намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мікалай Снапкоў абазначыў ключавыя задачы, пастаўленыя перад МАРГ. Сярод іх — падтрыманне цанавой стабільнасці, захаванне даступнасці сацыяльна значных тавараў, абарона і стымуляванне ўнутранага рынку, удасканаленне сістэмы дзяржаўных закупак, у тым ліку ліквідацыя нядобрасумленнага пасярэдніцтва ў гэтай сферы, адстойванне інтарэсаў беларускіх прадпрыемстваў на рынках краін-партнёраў у рамках міжнароднай павесткі па абароне канкурэнцыі.
Мікалай Снапкоў адзначыў, што падыходзіць да вырашэння пытанняў у галіне цанавога рэгулявання варта сістэмна, ліквідуючы структурныя праблемы, удасканальваючы метадалагічную базу, працуючы над зніжэннем інфляцыйных чаканняў насельніцтва.
Першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец запэўніў, што ў фокусе ўвагі МАРГ будзе падтрыманне цанавой стабільнасці — выкананне прагнознага паказчыка па ўзроўні інфляцыі, даступнасць жыццёва важных для насельніцтва тавараў, дасягненне мэтавага арыенціру па ўзроўні цэн на сацыяльна значныя тавары, а таксама абарона ўнутранага рынку ў адпаведнасці з Дактрынай нацыянальнай харчовай бяспекі, абарона прынцыпаў канкурэнцыі на знешніх рынках і ўзмацненне кантролю ў рэгуляваных сферах.
На падтрыманне цанавой стабільнасці і нізкіх тэмпаў інфляцыі ў сярэднетэрміновым перыядзе накіраваны мерапрыемствы Антыінфляцыйнай праграмы на 2021—2023 гады.
Работа па абароне ўнутранага рынку арганізавана ў адпаведнасці са спецыяльна распрацаваным комплексам мер.
Іван Вежнавец падкрэсліў, што самі па сабе, без карпатлівых намаганняў, уцягнутасці і зацікаўленасці кожнага, прынятыя дакументы працаваць не будуць і не прынясуць жаданага выніку. Толькі сумеснымі намаганнямі можна пераадолець усе выклікі 2021 года для падтрымання нізкага ўзроўню інфляцыі і ўстойлівых тэмпаў эканамічнага росту.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/gandal
[4] https://zviazda.by/be/tags/gandal
[5] https://zviazda.by/be/tags/inflyacyya