Дзень адчыненых дзвярэй правядуць магілёўскія бібліятэкі 24 лютага. Пра гэта БелТА паведаміла [1] загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя К.Маркса Алена Шэпелева.
«У гэты дзень усіх гасцей і жыхароў горада чакае насычаная кніжная праграма. Старт дасць анлайн-адкрыццё Міжнароднага інтэрнэт-конкурсу “100 натхнёных радкоў” (Казахстан — Беларусь) у бібліятэцы-філіяле № 2 імя І.Шамякіна. У гэты дзень упершыню будуць арганізаваны літаратурныя свіч-экскурсіі, дзе чытачы змогуць не толькі пазнаёміцца з бібліятэкай, але і пагуляць: развіць увагу, рэакцыю, канцэнтрацыю, даведацца нешта новае пра розныя літаратурныя падзеі», — адзначыла Алена Шэпелева.
«Пазнаць усе таямніцы прафесіі бібліятэкара можна будзе на акцыі самакіравання, якая пройдзе бібліятэках-філіялах № 4, № 9 і ў дзіцячай бібліятэцы-філіяле № 9, — распавяла Алена Шэпелева. — Акрамя гэтага, мы падрыхтавалі прэзентацыю кніжных навінак, кірмаш забытых кніг, інтэрактыўныя выставы і тэматычныя фотазоны. Усё гэта будзе прадстаўлена ва ўсіх бібліятэках горада».
Насычаная праграма чакае і анлайн-карыстальнікаў. У Instagram-акаўнце @public_libraries_mogilev пройдзе розыгрыш кніжнага бокса. А на старонках @ bibliot6 і @ 9_izmerenie адбудзецца віртуальны круіз у бібліятэку. «Прыняць удзел у фота-чэленджы “Кніга твайго фармату” запрашаюць у Instagram-акаўнце db_pushkina70, а сайт дзіцячай бібліятэкі-філіяла № 9 прапануе наведаць тэматычную прэзентацыю», — адзначыла загадчыца.
У гэты дзень пройдуць розныя квэсты, майстар-класы, інтэрактыўныя гульні і многае іншае. Акрамя таго, наведвальнікі змогуць паўдзельнічаць у апытаннях і анкетаванні — выказаць сваё меркаванне аб рабоце бібліятэк, падзяліцца чытацкімі інтарэсамі і перавагамі.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/svitch-ekskursii-i-jarmarki-zabytyh-knig-mogilevskie-biblioteki-provedut-den-otkrytyh-dverej-429833-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/kniga
[3] https://zviazda.by/be/tags/bibliyateka
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyou