Шклоўскі раён знаходзіцца ў вельмі выгадным геаграфічным становішчы, што садзейнічае яго развіццю. Праз яго ў розных напрамках праходзяць значныя аўтамагістралі, ёсць чыгуначная дарога. Усё гэта спрыяе таму, каб узмацняўся і ўдасканальваўся мясцовы прамысловы і аграрны патэнцыял.
— Зараз вельмі актуальным паказчыкам сталі інвестыцыі ў асноўны капітал, — адзначае намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Сяргей Нізавец. — Улічваючы складанасці перыяду і цяжкасці з прыездам замежных інвестараў, робім стаўку на ўнутраныя рэзервы. На пастаяннай аснове вядучыя арганізацыі і прадпрыемствы Шклова ўкладваюць інвестыцыі ў асноўны капітал, а менавіта ў замену абсталявання, машын, выконваюць будаўніча-мантажныя работы.
Завод газетнай паперы і «Папяровая фабрыка «Спартак», якія ўваходзяць у канцэрн «Беллеспаперпрам», пастаянна знаходзяцца ў стане мадэрнізацыі. Апошняя мадэрнізацыя на «Спартаку» дазволіла скараціць аб'ёмы спажываемай вады з Дняпра і паменшыць сцёкавыя скіды. На ЗГП ідуць наладачныя работы па запуску вытворчасці па вырабе паперы-асновы. Спецыялісты прадпрыемства шукаюць тую структуру паперы, якая будзе адпавядаць усім тэхнічным патрабаванням. Некалькі гадоў таму на ААТ «Шклоўскі льнозавод» быў запушчаны новы цэх. Пастаянна удасканальвае сваю матэрыяльна-тэхнічную базу ААТ «Шклоўскі масларобчы завод». У гэтым горадзе працуюць і паспяховыя прыватныя прамыслоўцы. Сярод іх — «БелФрансІнвест», якое спецыялізуецца на перапрацоўцы вантробаў жывёл.
Добрымі тэмпамі развіваецца гандаль. Вялікую праграму рэалізуе на тэрыторыі раёна ТАА «Табак-інвест». За кошт яго капіталу ў Шклове пабудаваны вялікі гандлёвы цэнтр «Карона», крамы гэтай кампаніі адкрыюцца і ва ўсіх аграгарадках раёна. Іх, дарэчы, 13. 8 з іх ужо працуюць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://zviazda.by/be/gandal
[3] https://zviazda.by/be/tags/shklouski-rayon
[4] https://zviazda.by/be/tags/tabak-invest