Няўжо гэтую цяжкую хваробу так лёгка абвесці вакол пальца? Як вядома, старэнне — працэс незваротны, але захаваць яснасць розуму да сталага веку цалкам магчыма. Пра простыя правілы, якія дазволяць нам у старасці мець добрую памяць, паразмаўлялі з нейрахірургам, навуковым супрацоўнікам аддзялення пухлін галаўнога мозга РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчыкам кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гуменам Гурбаніджадам.
— Наш мозг амаль цалкам фарміруецца ўнутрывантробна, у адрозненне ад цела, якое расце і развіваецца яшчэ ледзь не два дзесяцігоддзі пасля нараджэння. Мозг займае 2—3 % ад масы нашага цела, але, як ні дзіўна, ужывае амаль чвэрць кіслароду, які паступае ў наш арганізм, — 20—25 %. Пры гэтым галаўны мозг не можа надоўга назапашваць ні энергію, ні кісларод, таму ён вельмі ўразлівы да кіслароднага галадання.
Важна, каб падчас цяжарнасці мозг дзіцяці атрымліваў патрэбны аб'ём кіслароду, бо гіпаксія можа ў далейшым уплываць на развіццё псіхікі і разумовых здольнасцяў. Адна з прычын гіпаксіі — курэнне, якое выклікае змяншэнне колькасці кіслароду ў крыві дзіцяці. А ўсе змяненні ў самім галаўным мозгу незваротныя, бо яго клеткі дрэнна падлягаюць рэгенерацыі, гэта значыць, не аднаўляюцца. І потым чакаць, што на працягу жыцця ўсё адновіцца, не варта. Натуральна, кожная мама хоча, каб дзіця добра вучылася ў школе і атрымала добрую прафесію, таму для гэтага варта старацца з самага пачатку. Хоць, вядома, выключэнні бываюць. У алкаголікаў таксама часам вырастаюць здольныя і таленавітыя дзеці, але гэта выключэнні.
— Што патрэбна для правільнай работы галаўнога мозга ў дарослага чалавека?
— «Паліўнай энергіяй» для яго з'яўляецца глюкоза. Многія думаюць, што калі я буду есці шакалад ці цукеркі, тады мозг будзе лепш працаваць. Гэта вельмі грубая памылка. Насамрэч чым больш мы будзем есці салодкага, тым большая верагоднасць атрымаць дэменцыю ў старасці. Гэта яшчэ і рызыка цукровага дыябету. Глюкоза і цукар — гэта розныя рэчы, якія людзі часта блытаюць. Напрыклад, белы цукар на 100 % складаецца з цукрозы, але гэта не глюкоза. А мозг выкарыстоўвае толькі глюкозу. Наш арганізм, канешне, можа ператварыць і цукрозу, і фруктозу ў глюкозу, аднак спачатку ён выкарыстае тую глюкозу, якая маецца ў гатовым выглядзе.
У той жа час наш мозг бярэ роўна столькі глюкозы, колькі яму трэба. «Глюкозныя вароты» адкрываюцца ў той момант, калі лічыцца, што мозгу трэба падсілкавацца. І калі яму не патрэбна энергія, ён не будзе яе забіраць. Таму чым больш мы будзем ужываць салодкае, тым большая верагоднасць, што яно ператворыцца ў слой тлушчу на нашым целе.
— А колькі нашаму мозгу патрэбна глюкозы?
— Напрыклад, тры сталовыя лыжкі мёду ўтрымліваюць сутачную дозу глюкозы, якая патрэбна нашаму галаўному мозгу. У суткі пры спакойнай рабоце нашаму мозгу неабходна 62—65 грамаў глюкозы, гэта каля 250 кілакалорый. Калі мы хочам атрымаць такую ж колькасць глюкозы з шакаладнага печыва, то з'есці давядзецца каля сямі кілаграмаў.
— Якія ж тады прадукты карысныя для галаўнога мозга?
— Рэзкае павелічэнне ўзроўню глюкозы ў арганізме ці цукру ў крыві небяспечнае, бо мы павялічваем рызыку дэменцыі і цукровага дыябету ў старасці. Таму глюкоза, якая паступае ў наш арганізм, павінна марудна засвойвацца і трапляць у кроў. А прадукты, якія мы ўжываем, павінны быць з нізкім глікемічным індэксам, гэта значыць, з вялікай колькасцю клятчаткі. Напрыклад, у яблычным соку, дзе аддзялілі і выдалілі клятчатку, глікемічны індэкс нашмат вышэйшы, чым у яблыку. Часта пытаюць, ці ёсць розніца паміж растваральнай і нерастваральнай клятчаткай. У гэтым выпадку няма, бо і тая, і іншая выконваюць адну і тую ж функцыю — не павялічваюць рэзка ўзровень цукру ў крыві.
Шмат глюкозы ўтрымліваецца ў фініках, разынках, бураках, вінаградзе, дынях, бананах, моркве. Не абавязкова гэта павінны быць салодкія прадукты — у зялёнай цыбулі, капусце, бабах, фасолі таксама шмат глюкозы. Ёсць прадукты, якія ўтрымліваюць шмат глюкозы і выратоўваюць ласуноў. Напрыклад, чорны шакалад, дзе какавы больш за 70 %, — яго глікемічны індэкс вельмі нізкі. Папкорн таксама лічыцца прадуктам з нізкім глікемічным індэксам.
Таксама для паўнацэннай работы галаўнога мозга аддаваць перавагу прадуктам з нізкім глікемічным індэксам трэба на працягу жыцця.
— Ці патрэбны нашаму мозгу вітаміны і мікраэлементы?
— Для паўнацэннай работы яму патрэбна фоліевая кіслата, нікацінавая кіслата, цынк, магній і гліцын. Можна прымаць вітамінныя комплексы, магчыма, не ўсюды ёсць гліцын, тады яго можна набываць асобна.
Таксама для паўнацэннай работы нервовай сістэмы вельмі важныя вітаміны групы В. Асаблівую ролю выконвае вітамін В12, прычым з узростам наш кішэчнік усё горш яго засвойвае. Таму ў комплексных вітамінах 50+ нашмат большая колькасць гэтага вітаміну. Можна парэкамендаваць яго перыядычна калоць унутрымышачна, так ён трапляе ў арганізм, мінуючы кішэчнік, і добра назапашваецца ў печані. Але прызначыць яго павінен ваш доктар.
Неабходныя і тлустыя кіслоты амега-3. Шмат іх у морапрадуктах і рыбе.
— Яшчэ і ў сале...
— Але гэта не самая здаровая ежа, таму мы не ўсім рэкамендуем яго. Для таго каб сала перапрацоўвалася, трэба вельмі шмат жоўці. А яна, калі выпрацоўваецца ў вялікай колькасці, становіцца густой і крышталізуецца ў камяні. Таму жоўцекамянёвая хвароба ў расіян, украінцаў і беларусаў сустракаецца часта. Калі бутэрброд з салам з'есць вясковы жыхар ці будаўнік, які з раніцы да вечара фізічна працуе на свежым паветры, то такая ежа не нашкодзіць. Для гарадскога жыхара, які ў выхадны ляжыць на канапе перад тэлевізарам, гэта не вельмі карысна. А вось у рыбе і морапрадуктах — тыя тлушчы, якія не нясуць небяспекі для нашай сардэчна-сасудзістай сістэмы, не забруджваюць нашы сасуды і больш камфортныя для нашай стрававальнай сістэмы. Можна амега-3 набываць і ў аптэцы.
— Што яшчэ спрыяе правільнай рабоце галаўнога мозга?
— Фізічная нагрузка. Яна паляпшае кровазварот не толькі ўсяго арганізма, але і галаўнога мозга. Людзі, якія маюць умераную фізічную актыўнасць, у старасці маюць менш праблем з дэменцыяй, чым тыя, хто вёў маларухомы спосаб жыцця.
Усё пералічанае важна рабіць, пакуль дэменцыя не з'явілася. Калі яна ёсць, фізічныя практыкаванні і вітаміны ўжо не выправяць сітуацыі, яны могуць толькі замарудзіць развіццё хваробы.
Вялікую ролю адыгрывае барацьба з гіпертаніяй. Калі павялічваецца ціск, у галаўным мозгу могуць лопнуць дробныя капіляры. І калі мы робім МРТ галаўнога мозга, бачым гэтыя сасудзістыя ачагі, і чым больш іх з'явіцца, тым цяжэй нашаму мозгу паўнацэнна працаваць, гэта яшчэ адзін крок да дэменцыі і дрэннай памяці. Гэтыя ачагі застаюцца ў галаўным мозгу на ўсё жыццё. Таму важна змагацца з гіпертаніяй адразу, як толькі яна з'явілася.
Вялікую ролю адыгрывае рэжым сну. Нескладана заўважыць, раніцай мы запамінаем лепш, чым пасля напружанага працоўнага дня. Прычым важна, каб падчас сну не было парушэння абмену кіслароду. Гэта характэрна для людзей, якія храпуць, маюць дэфармацыі носа, дрэнна дыхаюць, і такія праблемы варта вырашаць. Добра, калі самога сну дастаткова на працягу ўсяго жыцця, а не два дні на тыдзень падчас выхадных.
Чэрапна-мазгавыя траўмы, гарманальныя парушэнні, захворванні шчытападобнай залозы ўплываюць на работу галаўнога мозга і могуць наблізіць нас да дэменцыі. Гэтак жа, як і дэпрэсія, якая таксама пагаршае яго работу. Калі ёсць хранічная ці доўгая дэпрэсія, варта думаць, як ад яе пазбавіцца, не саромецца звяртацца да псіхатэрапеўта.
Некаторыя пажылыя людзі скардзяцца на тое, што з узростам хутчэй бяжыць час, і звязваюць гэта з парушэннем памяці і работы галаўнога мозга. Але гэта не так. Гэта асаблівасці дзялення часу нашым мозгам. Калі трохгадоваму дзіцяці мы скажам, што свежыя клубніцы будуць толькі наступным летам, праз год — а гэта трэць яго жыцця — то яно вельмі засмуціцца. Таму для дзіцяці кожныя пяць хвілін — гэта занадта доўга. Для 50-гадовага чалавека год праходзіць нашмат хутчэй, бо гэта 1/50 яго жыцця. Таму калі пацыенты скардзяцца, што вельмі хутка ляціць час, медыкаменты не прызначаем, раім проста разнастаіць сваё жыццё, прыдумаць розныя падзеі, каб дні адрозніваліся адзін ад аднаго.
— Як на работу мозга ўплываюць шкодныя звычкі?
— Кожны раз пасля алкагольнага ап'янення мы страчваем вялікую колькасць клетак галаўнога мозга. І гэта вялікі ўдар, бо яны не аднаўляюцца. Канешне, іншыя часткі галаўнога мозга могуць узяць на сябе іх ролю, але лепш, каб гэтага не адбывалася. І без таго падчас жыцця ў нас ёсць страты клетак галаўнога мозга — гэта звязана з атручваннямі, гіпертанічнымі крызамі, сасудзістымі паталогіямі мозга.
Трэба сказаць і пра курэнне. Не толькі нікацін мае таксічнае ўздзеянне на наш арганізм. Падчас курэння мы рэзка змяншаем колькасць кіслароду, што паступае ў арганізм, а наш мозг, як памятаем, не любіць кіслароднага галадання. Мала таго, што вялікая колькасць СО2 паступае ў наш арганізм, яшчэ і СО (чадны газ) хутка звязваецца з эрытрацытамі і блакуе паступленне кіслароду. Яго канцэнтрацыя падае ў крыві. І ўсё гэта невялікія крокі да дэменцыі.
— Вядома, што хтосьці лепш запамінае лічбы, а нехта — замежныя мовы. Ці трэба трэніраваць памяць?
— Кожны мозг больш здатны для пэўных работ, у кожнага з нас лепш развіты свой від памяці. І трэба рухацца ў тым кірунку, да якога больш здатны, бо так будзе лягчэй. І адпаведна, падбіраць той занятак, да якога больш схільнасцяў. Бо, відавочна, калі чалавек добра запамінае лічбы, ён, хутчэй, стане матэматыкам, чым літаратарам.
— Што рабіць, калі ўжо з'явіліся праблемы з памяццю?
— Калі справа дайшла да дэменцыі ці хваробы Альцгеймера, тут патрэбна ўрачэбная дапамога. Урач падбірае адпаведны курс лячэння. На жаль, гэта хвароба незваротная, памяць у такім выпадку не вернецца. І лячэнне накіравана на тое, каб не ўскладніць хваробу, каб яна развівалася невялікімі крокамі. Такіх людзей нельга надоўга пакідаць без нагляду, бо яны могуць ствараць праблемы: не выключыць газ, ваду, прас, выклікаць пажар, не закрыць дзверы, выходзячы з дому. Добра, калі ёсць каму глядзець за такім чалавекам. Калі ён адзінокі, і бачыць, што гэта праблема існуе, ён павінен запісваць і ўсюды пакідаць сабе напамінанні: выключыць святло, выключыць газ, не забыць ключы.
— Як вядома, мозг лепш працуе ў людзей, якія штодзённа займаліся разумовай працай, у тых жа навукоўцаў да глыбокай старасці ясная галава...
— Больш за тое, людзі, якія займаюцца разумовай працай, доўгажыхары, бо разумовая работа падаўжае жыццё. Да таго ж лічыцца, што самая складаная работа — разумовая, яна цяжэйшая, чым фізічная. Праўда, сучасная медыцына прыйшла да высновы, што трэніроўка мозга не здольная цалкам спыніць дэменцыю. Але гэта не нагода, каб мозг не трэніраваць. Банальная рэч: рускі эмігрант, які дзесяцігоддзі пражыў за мяжой, ужо крыху няправільна размаўляе па-руску, — без трэніроўкі мозг ад гэтага сышоў. Канешне, у такім выпадку вярнуць мову нашмат прасцей, чым вывучыць наноў. Таму мозг трэніраваць трэба.
Алена КРАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-kravec
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/hvaroba-alcgeymera