У Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна адбылася дыскусійная пляцоўка з удзелам дэлегатаў VІ Усебеларускага народнага сходу. Абласны адкрыты дыялог «Беларусь: учора, сёння, заўтра», прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, атрымаўся вельмі цікавы. Удзельнікі сходу падзяліліся ўражаннямі.
Член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства радыётэлецэнтр «Тэлерадыёкампанія «Віцебск» Алена Панцюхова лічыць, што ў краіне ёсць усе ўмовы для таго, каб карыстацца беларускай мовай. Пра гэта нямала гаварылася і на VІ Усебеларускім народным сходзе.
Начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Пётр Падгурскі заўважыў, што на Віцебшчыне, як і ў краіне ў цэлым, многае робіцца, каб захаваць унікальную беларускую культуру. Беражліва перадаюцца з пакалення ў пакаленне сакрэты рамёстваў, абрады, танцы, песні, народны фальклор, нават рэцэпты страў.
Як лічыць дырэктар Віцебскага філіяла Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО» Аляксандр Дзядзінкін, асаблівасць беларусаў — у любові да свайго краю, месца, дзе з'явіўся на свет. Невыпадкова кіраўніком краіны была ініцыявана трылогія Года малой радзімы.
Вядомая паэтка Тамара Краснова-Гусачэнка ўпэўнена, што ў Беларусі, незалежна ад таго, на якой з дзвюх дзяржаўных моў гаворыш, ёсць магчымасць рэалізаваць сябе як асобу. А двухмоўе для жыхароў краіны — магчымасць быць больш інтэлектуальна, духоўна багатымі. Пры гэтым тыя, хто прыязджае ў Беларусь з-за мяжы, вельмі цікавяцца беларускай культурай, традыцыямі.
Настаўнік хіміі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А. С. Пушкіна Наталля Байдо канстатавала, што шмат увагі ўдзяляецца праблемам моладзі. І яе прадстаўнікі на роўных удзельнічалі ў гістарычным мерапрыемстве — Усебеларускім народным сходзе.
Пасля мерапрыемства ўсе прысутныя напісалі дыктант на беларускай мове, што стала яго вельмі сімвалічным завяршэннем.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Прэв’ю: uo.schoolnet.by
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/vi-usebelaruski-narodny-shod