Аб прыярытэтах дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета ў рэалізацыі планаў новай пяцігодкі з яго старшынёй Андрэем Бугровым гутарыць карэспандэнт «МС»
— Андрэй Аляксандравіч, у чым адметнасць і своеасаблівасць новай пяцігодкі для Мінска?
— На VІ Усебеларускім народным сходзе тэме развіцця Мінска на наступныя пяць гадоў было аддадзена шмат увагі. Пра планы яго жыхароў на пяцігодку ёміста і даходліва крыху раней расказаў у сваім выступленні на сходзе ўдзельнікаў усенароднага веча ад Мінска старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. Няма сэнсу паўтараць. Адзначу толькі, што дэпутаты Мінгарсавета задачы на будучую пяцігодку ацэньваюць як вельмі адказныя, напружаныя, але рэальныя.
Так, няпроста будзе мінчанам забяспечыць намечанае развіццё індустрыяльнага патэнцыялу горада на новай тэхналагічнай базе, лічбавізацыю эканомікі, правядзенне актыўнай інвестыцыйнай палітыкі, рэалізацыю комплекснай лічбавай трансфармацыі інфраструктуры ў рамках праграмы «Разумны горад». А яшчэ наладзіць выпуск шырокай гамы новай прадукцыі машынабудавання, прыборабудавання і электронікі, оптыкі, лазернай і цеплавізійнай тэхнікі, новага класа антыбіётыкаў, новых матэрыялаў і пакрыццяў, стварыць яшчэ шмат чаго новага. Усяго не пералічыць.
— А якія прыярытэты ў сувязі з рэалізацыяй гэтых маштабных планаў вызначылі для сябе дэпутаты Мінгарсавета?
— Наша зона адказнасці — сацыяльная сфера, адукацыя, культура, медыцына. Яе далейшае развіццё напрамую залежыць ад укаранення лічбавых тэхналогій у сістэму аховы здароўя ў рамках рэалізацыі праектаў «Разумная паліклініка», «Разумная бальніца» і «Разумная хуткая медыцынская дапамога». Запланавана пабудаваць у Мінску сем паліклінік і шэсць стацыянараў. Дзіцячыя паліклінікі з'явяцца ў мікрараёнах Сухарава-3, Лошыца-9, «Мінск Свет». Таксама ўзвядуць новы будынак 9-й дзіцячай паліклінікі, дзве дарослыя паліклінікі і новы будынак 15-й гарадской паліклінікі.
— Кватэрнае пытанне сярод мінчан не страчвае сваю вастрыню. І гэта нягледзячы на мільёны здадзеных апошнім часам квадратных метраў новага жылля. Шмат надзей сёння ўскладаецца на гарады-спадарожнікі. Наколькі спадзяванні апраўданыя?
— Пазіцыя гарсавета — актыўнае развіццё гарадоў-спадарожнікаў даўно наспела. Менавіта развіццё, а не толькі будаўніцтва жылых дамоў. Там неабходна адначасова адкрываць установы адукацыі, культуры і аховы здароўя. І яшчэ, на мой погляд, у гарадах-спадарожніках трэба рабіць стаўку на стварэнне малых прадпрыемстваў, каб людзі маглі працаваць там, дзе яны пастаянна жывуць. Чакаем інвестараў, якія будуць распачынаць вытворчасць у гарадах-спадарожніках. Там, магчыма, і мінскія прадпрыемствы пачнуць адкрываць свае філіялы. Чаму б і не?
Колькасць насельніцтва сталіцы ўжо перавышае два мільёны чалавек. Месца для новых жылых кварталаў застаецца ўсё менш. А ў горадзе-спадарожніку людзі маюць магчымасць вырашыць сваю жыллёвую праблему. Кошт квадратнага метра там значна ніжэйшы, чым у сталіцы. Напрыклад, забудоўшчык камерцыйнага жылля на месцы былога тралейбуснага парка непадалёку ад плошчы Перамогі заявіў папярэднюю цану квадратнага метра ў эквіваленце 3,5 тысячы долараў ЗША.
А ў горадзе-спадарожніку жыллё абыдзецца ў некалькі разоў танней. Чым не перавага, асабліва для шматдзетных сем'яў? Таму мясцовая ўлада сталіцы лічыць мэтазгодным у першую чаргу больш актыўна прапаноўваць ім жыллё ў горадзе-спадарожніку.
Упэўнены, уласная кватэра, побач рабочае месца, зручныя транспартныя зносіны са сталіцай, безумоўна, падштурхнуць маладыя сем'і мінчан рабіць выбар на карысць Смалявіч, Лагойска ці Заслаўя.
— Маладыя сем'і, ды і не толькі мінчан, звычайна яшчэ маюць патрэбу ў дзіцячых садках і школах у крокавай даступнасці. А іх пакуль не хапае і ў сталіцы, і ў яе прыгарадах. Як дэпутаты мяркуюць выпраўляць сітуацыю?
— Ёсць адпаведная гарадская праграма, і яна будзе выканана. Аднак, калі прааналізаваць сітуацыю ў Мінску ў цэлым, то загрузка школ і садкоў у нас не ўсюды поўная. Скажам, на тэрыторыі старой жылой забудовы Мінска ў тых жа дашкольных установах у групах па 5—7 чалавек.
Гэта практычна індывідуальнае навучанне і выхаванне. Ці возьмем Серабранку. У свой час у мікрараёне назіраўся бэбі-бум, і, натуральна, узводзіліся новыя дашкольныя ўстановы. Цяпер жа ў іх шмат свабодных месцаў. Сёння дэпутаты абмяркоўваюць гэтыя пытанні. Нам яшчэ неабходна павялічыць колькасць ясельных груп, яны ёсць не ў кожным садку. На маю думку, трэба будаваць дашкольныя аб'екты, я сказаў бы, двайнога прызначэння.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Гэта такія будынкі, якія пры неабходнасці можна перафарміраваць. Напрыклад, сёння ў новым жылым масіве гэта, безумоўна, дзіцячы садок. Але час хутка ляціць, і ўжо заўтра патрэба ў месцах знізіцца як у Серабранцы. Што рабіць? Бо грошы ўкладзены салідныя — па сённяшніх цэнах адзін дзіцячы садок абыходзіцца бюджэту горада прыблізна ў чатыры мільёны рублёў. Дык чаму б не пераабсталяваць частку будынка ў адукацыйны цэнтр для дзяцей і падлеткаў. Задача няпростая, але вырашальная і перспектыўная.
Мінскія ўлады таксама гатовыя разглядаць прапановы бізнесменаў з даваннем ім пэўных прэферэнцый. Разам можна знайсці залатую сярэдзіну ў стварэнні дзіцячай адукацыйнай інфраструктуры. Відаць, пашырыцца сістэма прыватных садкоў. У бацькоў павінна быць права выбару. Гэта нармальная практыка. Чаму б бізнесу не будаваць за свае сродкі садкі, каб потым іх здаваць у арэнду. Можна знайсці і іншыя варыянты дзяржаўна-прыватнага ўзаемадзеяння. Было б жаданне.
— Аб бурным росце сталіцы сведчыць і той факт, што пабудаваныя пасля вайны на ўскрайку горада заводы з часам апынуліся ў цэнтры ці амаль што ў цэнтры горада. Ужо не першы год чуюцца прапановы мінчан выносіць такія заводы за межы горада. Якое ваша меркаванне як старшыні Мінгарсавета на гэты конт?
— Як вядома, днямі ўрад Беларусі зацвердзіў пералік горадаўтваральных і сістэмаўтваральных гаспадарчых таварыстваў. Першынство ў гэтым спісе, вядома, за Мінскам — 20 такіх прадпрыемстваў. Сярод іх Мінскі трактарны завод, «Атлант», Мінскі маторны завод, «Керамін» і іншыя. І што, усе 20 ці большасць з іх узяць і перанесці за межы Мінска? Не варыянт. А вы падлічыце, колькі на гэта сродкаў спатрэбіцца!
Аптымальны шлях развіцця такіх прадпрыемстваў — іх глыбокая мадэрнізацыя. І мы чакаем салідных інвестараў, якія на выгадных для горада і сябе ўмовах, узяліся за гэтую б справу.
— Летась, ды і сёлета, значнай частцы жыхароў псавалі настрой, мякка кажучы, дрэнны пах і непразрыстасць вады ў кранах. Што робіцца, каб у будучым мінімізаваць такія здарэнні?
— Пытанні забеспячэння мінчан якаснай вадой пастаянна знаходзяцца ў полі зроку Мінгарсавета. Нашы дэпутаты неаднойчы абмяркоўвалі праблемныя выпадкі з вадой у сваіх камісіях з запрашэннем кіраўніка «Водаканала», патрабавалі хутка прыняць меры і выправіць хібы ў рабоце.
Зараз мясцовыя ўлады горада, у тым ліку і дэпутаты Мінгарсавета, завяршаюць дэталёвую падрабязную распрацоўку плана мерапрыемстваў па рэалізацыі задач, пастаўленых перад сталіцай на VІ Усебеларускім народным сходзе. Там было вырашана да 2025 года поўнасцю забяспечыць Мінск вадой з артэзіянскіх крыніц. Скажу, што зрабіць гэта будзе не проста. Тут ёсць адзін нюанс: на тэрыторыі горада і вакол яго няма ў дастаковых аб'ёмах падземных радовішчаў вады. Яе прыйдзецца па трубах дастаўляць з іншых
раёнаў вобласці. Спатрэбяцца каласальныя сродкі — сотні мільёнаў рублёў.
Работа на найбліжэйшыя гады чакаецца і вялікая, і складаная, але я ўпэўнены, што мінчане будуць ужываць якасную артэзіянскую ваду. Ва ўсякім разе для дэпутатаў Мінгарсавета гэта задача — прыярытэт. У нас жа разумны горад разумных людзей. І ўсё ў нас атрымаецца.
Гутарыў Леанід ЛАХМАНЕНКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/leanid-lahmanenka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[6] https://zviazda.by/be/tags/andrey-bugrou