Так лічыць Алег Дзячэнка, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Магілёўскай вобласці, дэлегат VІ Усебеларускага народнага сходу.
— Усебеларускі народны сход — гэта яшчэ адна магчымасць дэмакратычна і на высокім узроўні шчыра і адкрыта абмеркаваць пытанні сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця сучаснага беларускага грамадства. Напярэдадні яго былі сабраныя і абагульненыя тысячы прапаноў, якія атрымалі адабрэнне дэлегатаў VІ Усебеларускага народнага сходу.
Найбольш актуальныя тэмы — гэта канстытуцыйная рэформа і партыйнае будаўніцтва. Маё асаблівае меркаванне — не варта спяшацца са стварэннем новых партый. Іх і так дастаткова для паўнавартаснага палітычнага жыцця. З трыбуны Усебеларускага народнага сходу была агучана цікавая прапанова — правесці своеасаблівую «інвентарызацыю» і перарэгістраваць палітычныя партыі. Тыя з іх, якія страцілі давер людзей і існуюць толькі ў дакументах, неабходна неадкладна вывесці за перыметр палітычнага працэсу.
Заслугоўвае ўвагі прынятае рашэнне аб прызнанні Усебеларускага народнага сходу вышэйшай формай народнага прадстаўніцтва і надання яму адмысловага прававога статусу, які будзе замацаваны ў заканадаўстве.
Мы захавалі палітычны курс на пабудову дзяржавы для народа, на абарону сацыяльных заваёў працоўных. Мінулы год усім наглядна прадэманстраваў устойлівасць беларускай сацыяльна-эканамічнай і грамадска-палітычнай сістэмы. Гэта прызнаюць і нашы палітычныя праціўнікі, якія выехалі за мяжу і фактычна пагадзіліся са сваім паражэннем у палітычным жыцці. Народ у сваёй большасці іх не падтрымаў.
Дэлегаты VІ Усебеларускага народнага сходу аднадушна падтрымалі Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2021—2025 гады. Такой грунтоўнай праграмы не было і няма ў нашых палітычных апанентаў.
2021 год аб'яўлены ў нашай краіне Годам народнага адзінства. Перад пагрозай унутраных і знешніх выклікаў усім беларусам неабходна аб'яднацца для абароны нацыянальных інтарэсаў, захавання сваёй ідэнтычнасці, грамадства і дзяржавы.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/parlament
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/pyaty-usebelaruski-narodny-shod-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/aleg-dzyachenka