Паняцце «дом» для чалавека мае мноства важных сэнсаў. Гэта дах над галавой, прытулак, абарона ад непагадзі і бур. Гэта сімвал сям'і і ціхая гавань напрыканцы жыцця. Але што рабіць, калі твой дом болей не здольны атуліць і абагрэць, а пераезд у новае жыллё ператварыўся ў мару, якая здаецца недасяжнай?
«Перад людьмі сорамна, што жывём у такіх умовах», — кажа Ларыса Аркадзеўна Кудзіна, гаспадыня адзінай кватэры, якая засталася жылой у трох аварыйных дамах на вуліцы Валгаградскай у Мінску.
Апошнія жыхары выехалі адсюль яшчэ летась. Усе, акрамя Кудзіных — да гэтага часу яны не атрымалі жыллё наўзамен таго, што ідзе пад знос. Пенсіянерка расказвае, што іх дом, нумар 76 па Валгаградскай, і яшчэ два дамы паблізу былі прызнаныя аварыйнымі яшчэ ў нулявых.
— Года не памятаю, але гадоў 15 гэтыя дамы ўжо лічацца аварыйнымі, — згадвае Ларыса Кудзіна.
Ларыса Аркадзеўна ў Мінск прыехала ў 1969-м, а ў гэты дом засялілася ў 1974-м. Усё жыццё жанчына прапрацавала на тэлефоннай станцыі. Яе муж Мікалай Васілевіч — у мінулым вайсковец — карэнны мінчанін. Спачатку, расказвае наша гераіня, сям'я жыла ў паўпадвальнай кватэры на вуліцы Кузьмы Чорнага. Калі тое пайшло пад знос, пераехалі на вуліцу Валгаградскую, у адзін з трох старых дамоў недалёка ад Севастопальскага парку.
— Нам тады казалі: на дзесяць гадоў, а потым дамы будуць рассяляцца і мы атрымаем добраўпарадкаванае жыллё. А аказалася — ледзь не назаўсёды... Нам з мужам па 71 годзе, што мы можам?.. Вось пішам і пішам лісты, а з мяне які пісьменнік?.. Нам адказваюць: чакайце. Ну што ж, чакаем!
Кватэра Кудзіных магла б быць утульнай: відаць, што Ларыса Аркадзеўна — добрая гаспадыня. Яна і цяпер спрабуе падтрымліваць які-ніякі парадак, але дом, у якім жыве сям'я, даўно выпрацаваў свой рэсурс. Шпалеры не трымаюцца на сценах, столь прасядае, на ёй плямы плесні. Старое тут усё: трубы, праводка, перакрыцці, вокны і дзвярныя праёмы.
— Чатыры гады таму мы змаглі прыватызаваць кватэру, — расказвае суразмоўніца. — Як той казаў, паспелі «ў апошні вагон». Зразумела, усю суму выплаціць адразу былі не ў сілах, выплачваем да гэтага часу. Так і жывём. Грошай хапае плаціць прыватызацыю і камуналку. Муж Мікалай не ўстае з ложка — у яго анкалагічнае захворванне. Але камунальныя плацяжы мы заўсёды плацім своечасова. Ні разу ў маім жыцці запазычанасці па камуналцы ў мяне не было.
— Мала таго, што сям'я жыве ў непрыдатных для жыцця ўмовах. З-за адной сям'і ацяпляюцца ўсе тры дамы — у іх агульная ацяпляльная сістэма, — кажа сяброўка Ларысы Аркадзеўны, Таццяна.
Дарэчы, пра сітуацыю, у якую трапіла сям'я Кудзіных, рэдакцыі «Звязды» стала вядома менавіта ад яе. Самі Кудзіны наўрад ці звярнуліся б у газету — няёмка неяк. Але пагаварыць аб сваёй сітуацыі пагадзіліся:
— Мы людзі не скандальныя, ніколі нікуды не звярталіся. Але тут ужо проста няма выйсця!
«Толькі адзін раз адмовіліся»
У кастрычніку 2018 года прыйшла доўгачаканая афіцыйная папера: аварыйныя дамы па Валгаградскай будуць рассяляцца.
— У кастрычніку 2019 нам прапанавалі аднапакаёвую кватэру, — успамінае Ларыса Аркадзеўна. — Былі б мы з мужам толькі ўдваіх, мы б пагадзіліся. Але з намі яшчэ жыве дарослы сын. Анкалагічны хворы, я і сын — як мы будзем спаць у адным пакоі?
Тым больш, жанчына не губляе надзеі, што сын ажэніцца, уладкуе сваё жыццё, і, зразумела, маладой сям'і трэба будзе дзесьці жыць — не ў аднапакаёвай жа кватэры ім усім туліцца.
Словам, адмовіліся. Тут, у аварыйным доме, у Кудзіных кватэра двухпакаёвая — вырашылі на сямейным савеце, што і пераязджаць будуць у два пакоі.
— Мы толькі адзін раз адмовіліся, — кажа жанчына. — Суседзі нашы адмаўляліся па тры разы — і з'ехалі ў новае жыллё. А мы да гэтага часу тут.
У ліпені мінулага года быццам бы ўсё шчасліва вырашылася: двухпакаёвая кватэра ў Сцяпянцы спадабалася Кудзіным і яны далі згоду. Сталі чакаць дакументы на засяленне. Зімаваць спадзяваліся ўжо ў новым жыллі. Чакаюць і сёння. Прайшло сем месяцаў...
А тым часам з трох аварыйных дамоў выехалі ўсе іх суседзі. Зімовымі вечарамі стала неяк страшнавата, дарма што Валгаградская — практычна цэнтр Мінска. Тым больш што кватэры на першым паверсе аблюбавалі бяздомныя. Выбілі вокны і рассяліліся па апусцелых пакоях.
— Што ж, ім таксама трэба дзесьці жыць, — уздыхае Ларыса Аркадзеўна. — Але ж нам страшна, бо і спаліць дом могуць. Вядома, асобы без пэўнага месца жыхарства — не надта адказная публіка. А зрэшты, мы самі цяпер жывём амаль як яны...
Звярнуліся Кудзіны ў Мінгарвыканкам, напісалі ліст. Што ж, зараз усе вокны на першым паверсе іх дома забітыя фанерай. Але пенсіянеры чакалі не гэтага: яны хацелі жыць у кватэры, дзе пры позірку на столь і сцены не баішся, што яны ўпадуць табе на галаву.
«Усе выехалі, мы засталіся»
Ларыса Кудзіна гартае дакументы.
У афіцыйным лісце ад 03.10.2018 КУДП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна г. Мінска» паведамляе, што рашэннем Мінгарвыканкама ад 20 верасня 2018 года для рэалізацыі праекта па будаўніцтве аб'екта «Шматкватэрныя жылыя дамы ў межах Лагойскага тракта, вул. Валгаградскай, Кнорына, Севастопальскай» дзяржаўнаму прадпрыемству УКБ Цэнтральнага раёна Мінска даручана рэалізаваць правы ўласнікаў нерухомай маёмасці, якая падлягае зносу, у тым ліку па адрасе, па якім пражываюць Кудзіны. І што яны маюць права на «атрыманне ва ўласнасць кватэры тыпавых спажывецкіх якасцяў», а таксама ў выпадку, калі рынкавы кошт кватэры, якая выдзяляецца, меншы, чым рынкавы кошт той, што падлягае зносу, — грашовай кампенсацыі ў памеры гэтай розніцы.
У дакуменце ад 07.07 мінулага года гаворыцца, што па рашэнні Мінгарвыканкама Кудзіну Мікалаю Васілевічу, Кудзіну Васілю Мікалаевічу і Кудзінай Ларысе Аркадзеўне (уласнікам 1/3 долі) выдзяляецца двухпакаёвая кватэра па вул. Карвата.
— Я з'ездзіла, паглядзела кватэру, мне ўсё спадабалася. Мы далі згоду, — кажа суразмоўніца.
Радасныя гаспадары сталі збіраць рэчы, рыхтавацца да пераезду з абрыдлага аварыйнага жылля. Але аказалася, што яны занадта спяшаліся...
— З тых часоў і тэлефануем, і пішам, ужо больш за паўгода — калі ж можна будзе пераехаць? Адказ адзін і той жа — чакайце. У рэшце рэшт, у лютым вырашыла напісаць у Адміністрацыю Прэзідэнта. А ўчора зноў тэлефанавала ў УКБ Цэнтральнага раёна. Сказалі патэлефанаваць пасля 10 сакавіка. Як мне растлумачылі, тое рашэнне, якое было па нашым пытанні аб засяленні на Карвата, страціла сілу. Неабходна новае рашэнне. Я проста хачу зразумець, чаму ўсе выехалі, а мы засталіся? Неяк жа з іншымі ўдалося ўсё гэта давесці да канца... А з намі — чаму так атрымалася?
Што расказалі ва УКБ
Каб знайсці адказ на кватэрнае пытанне сям'і Кудзіных, адпраўляемся ва Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска.
— Усю гэтую тэрыторыю мы будзем забудоўваць: у цэлым, у раёне Валгаградскай будзе пабудавана пяць жылых шматкватэрных дамоў, — расказаў намеснік дырэктара КУДП «Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна г. Мінска» Максім Дзянісік. — Завяршэнне праектных работ па гэтых дамах запланавана на снежань 2021 года, і знос старых канструкцый таксама запланаваны на бягучы год. Таму нам гэтаксама, як і сям'і Кудзіных, важна як мага хутчэй рэалізаваць іх права на пераезд у новую кватэру. Сітуацыя, што склалася вакол гэтай кватэры, — нетыповая, такое бывае рэдка. І мы спадзяёмся, яна вырашыцца як мага хутчэй.
— Чаму гэтая сітуацыя ўзнікла?
— Растлумачу, як адбываецца адсяленне з дамоў, што ідуць пад знос. Першапачаткова афармляецца акт выбару месца размяшчэння зямельнага ўчастка і паралельна робіцца ацэнка нерухомай маёмасці на гэтай тэрыторыі. Калі акт зацвярджаецца Мінгарвыканкамам, рыхтуецца рашэнне аб маючым адбыцца адабранні. Гэта рашэнне ў нас было ў 2018 годзе, 20 верасня. Згоду на пераезд у кватэру на вуліцы Карвата сям'я Кудзіных дала 15.07.2020.
— Чаму столькі часу — два гады — паміж дзвюма гэтымі падзеямі?
— У адпаведнасці з заканадаўствам, забудоўшчыку выдзяляецца пэўны набор кватэр. Усё гэта — новыя кватэры, але не заўсёды ў людзей ёсць выбар варыянтаў, паколькі паводле закона кватэра павінна быць супастаўная па агульнай плошчы з той, з якой жыхары выязджаюць. Мы не маем права пагоршыць жыллёвыя ўмовы грамадзян. 15 ліпеня ва УКБ паступіла заява аб згодзе Кудзіных. Справаздача «Белдзіпразема» па гэтай нерухомай маёмасці была перададзена нам 23 жніўня — гэта досыць аператыўна. Пасля гэтага мы падрыхтавалі праект рашэння аб выдзяленні жылога памяшкання ва ўласнасць грамадзян. 7 верасня быў распачаты працэс узгаднення ўсіх дакументаў у Мінгарвыканкаме. Такім чынам, ніякіх затрымак з нашага боку не было. Але тэрмін дзеяння рашэння аб адабранні — самага першага дакумента ў гэтым спісе — складае два гады. Ён скончыўся 20 верасня мінулага года.
Яшчэ б два тыдні, кажа суразмоўнік, і сям'я Кудзіных зімавала б у новай кватэры. А так усю працэдуру прыйшлося пачынаць спачатку.
— Мы звярнуліся па паўторны акт выбару зямельнага ўчастка, і нам яго зацвердзілі ў лістападзе мінулага года. Зараз паўторна ўзгадняем усе неабходныя дакументы. Але цяпер гэта будзе даволі хуткая працэдура. Кватэра ўжо ёсць, і мы плануем, што ў красавіку, самае позняе — у маі Кудзіны пераедуць у яе.
Ну, а Ларыса Аркадзеўна пакуль не рашаецца загадваць наперад і нешта планаваць. Яна кажа, што проста спадзяецца: яе сям'і, па меншай меры, не прыйдзецца правесці ў аварыйным доме яшчэ і наступную зіму...
«Звязда» будзе сачыць за развіццём падзей.
Дзіяна РОНІНА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/dyyana-ronina
[2] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/minsk
[5] https://zviazda.by/be/tags/avaryynasc