Сідаравічы — невялікі аграгарадок паміж Магілёвам і Быхавам. Менавіта тут знаходзіцца вядомая ў Магілёўскім раёне фермерская гаспадарка Сяргея Куцанава. Ён ураджэнец гэтага населенага пункта, таму і бізнес ствараў на малой радзіме. Фермерства, дарэчы, не адзіны кірунак яго дзейнасці. Прадпрымальнік яшчэ і дамы будуе, і мэблю робіць, і рыбу вырошчвае. Сам справай займаецца і аднавяскоўцам работу дае. І вельмі абураецца, калі нехта называе яго камерсантам. «Не трэба нас блытаць з перакупшчыкамі, — кажа ён. — Я — вытворца, ствараю карысны прадукт, які карыстаецца попытам. І ў гэтым прынцыповая розніца».
Грошы рабіў на... станку
У ліхія 90-я, калі ў звычайны лад жыцця савецкіх грамадзян увайшлі словы «рынак», «камерцыя», было ўсякае. Але ў адрозненне ад некаторых сваіх сяброў, якія пачалі ездзіць па тавары за мяжу і рабіць грошы за кошт «купі-прадай», Сяргей набыў сабе былы ва ўжыванні станок, запрасіў некалькіх работнікаў і запусціў дрэваапрацоўчую вытворчасць. Вопыт работы з дрэвам быў — пасля арміі ўжо паспеў папрацаваць на «шабашках» і нават паспрабаваць сябе ў якасці брыгадзіра. А яшчэ было добрае веданне рынку — у той жа Расіі ў пачатку нулявых на ўра ішлі міжпакаёвыя дзверы з натуральнага дрэва. Першы так званы «цэх» па іх вытворчасці ён будаваў разам з таварышамі на ўчастку сваіх бацькоў. Тыя, хоць і не вельмі ахвотна, але пагадзіліся выдзеліць кавалак зямлі каля свайго дома. Бо бачылі, што сын стараецца. Усё, што стваралася на станку Сяргея Куцанава, ішло на экспарт.
— Заробленыя грошы ўкладваліся выключна ў развіццё, — згадвае ён той перыяд. — Паступова павялічвалася вытворчая база, станочны парк, нарошчваліся аб'ёмы і рос прыбытак. Для таго каб стаць на ногі, спатрэбілася некалькі гадоў. Я добра памятаю, якія шалёныя грошы зараблялі на перапродажы замежных тавараў мае знаёмыя. Яны і мяне клікалі гандляваць тапачкамі. А я ўсё ніяк не мог сцяміць: чаму тое, што заўсёды называлася спекуляцыяй, раптоўна пачалі лічыць бізнесам? Людзі нічога не ўкладалі ў справу, проста багацелі за кошт перапродажу. У мяне бацька — ветэран вайны, камандзір партызанскага атрада. Маці ўсё жыццё працавала ў школе. Я быў выхаваны на тым, што трэба сваёй справай прыносіць карысць. І гэта было прынцыпова. Працаваў на сумленне. Для таго каб не купляць гатовыя дошкі, патрэбна была піларама. Назбіраў грошай і пабудаваў яе. У месяц яна дазваляла пілаваць тысячу кубоў драўніны. І каб загрузіць станкі, трэба было вазіць лес. Прыйшлося купляць лесавозы, арганізоўваць брыгады, якія займаліся нарыхтоўкай. Так мой бізнес вырас да 120 чалавек. Быў і такі перыяд у маёй справе. Зараз абмяжоўваюся 12 работнікамі, якія сумяшчаюць некалькі прафесій.
Сам сабе інвестар
Калі будзеце ў Сідаравічах, абавязкова наведайце вуліцу Рачную, што працягнулася ўздоўж маленькай рачулкі з прыгожай назвай Лазняўка. Сімпатычныя катэджы, якія вы там убачыце, пабудаваныя менавіта Сяргеем Куцанавым і яго аднадумцамі.
— Гэта зараз я селянін, а да 2014 года быў гараджанінам, — усміхаецца Сяргей. — Калі наступіў чарговы крызіс, мы з жонкай вырашылі пабудаваць на маёй малой радзіме дачу. На той час мы ўжо займаліся вытворчасцю драўляных зрубаў. Яшчэ некалькі маіх знаёмых захацелі скласці кампанію. І я стаў распрацоўваць генеральны план. Усе рабіў выключна сам. Адзіная мая ўмовы была, каб усе дамы мелі аднолькавы выгляд. Я ўжо наглядзеўся розных катэджных пасёлкаў і добра ведаў, якая бязглуздзіца можа там сустракацца. Кошт квадратнага метра такога жылля на той момант складаў ад 350 да 500 долараў. Для параўнання: у гарадской кватэры ён каштаваў 1000—1500 долараў. Мы ж рабілі ўсё «пад ключ». Калі пачалі шукаць праектантаў, зразумелі, што спецыялістаў, якія маюць справу з дрэвам, у Магілёве няма. Праект нам распрацоўваў віцяблянін, малады чалавек, які па першай адукацыі быў мастак, а па другой — архітэктар.
Дамы будаваліся з усімі выгодамі і камунікацыямі. На першым паверсе лазня, вялікі спальны пакой, прасторная кухня, сумешчаная з гасцінай і з выхадам на тэрасу. Дамы каштавалі на той момант 70—80 тысяч долараў. Улічваючы іх памеры — 180 квадратаў, цана не такая і высокая. Усяго іх было пабудавана шэсць — пяць чалавек пераехалі туды жыць з Магілёва, а адзін нават з Масквы.
— Дзесьці нам перашкодзіў каранавірус, — прызнаецца Сяргей. — Я прасоўваю свае дамы праз сацсеткі і бачу, што попыт на іх расце. Два гады таму моладзь купляла іх пад крэдыты. Калі б на вёсцы было дзе працаваць, знайшліся б ахвотныя пераехаць. Нават такая мікраарганізацыя з 15 чалавек, як мая, — вялікая справа. З улікам іх сем'яў гэта ўжо нямала. Такіх бы пяць арганізацый — і 200 чалавек забяспечаныя даходамі. Каб маленькі населены пункт існаваў паўнавартасна, у ім павінна жыць чалавек 500—1000 як мінімум. Тады будзе і школа, і ФАП, і ўсё астатняе.
Будучае за вытворцамі
Менавіта на іх робіць стаўку дзяржава. Сяргей Куцанаў падтрымлівае гэта рашэнне, бо па сабе ведае, што гэта такое.
— У мяне тут усё на паверхні, прыязджай і чытай. Усё ўкладзена сюды, — кажа ён, дэманструючы сваю дрэваапрацоўчую гаспадарку. — Магчыма, звонку яна і несамавітая, але ўнутры напхана абсталяваннем, якое дае магчымасць ствараць годную прадукцыю еўрапейскай якасці. Робім зрубы па нарвежскай і канадскай тэхналогіі, кухонную мэблю, аконныя блокі, міжпакаёвыя і ўваходныя дзверы. Апошнія, дарэчы, па сваёй трываласці нічым не саступаюць стальным. І гэта пры тым, што зроблены з натуральнага дрэва. Экалагічна чысты прадукт.
За больш чым 20 гадоў работы на сябе Куцанаў зразумеў, што бізнес павінен быць гнуткі. Грошы трэба ўкладаць у розныя галіны, тады больш шанцаў не пачынаць усё з нуля.
— Самае галоўнае, каб былі зразумелыя правілы гульні, — разважае ён. — Сказалі, што прыватнікам лесу не дадуць, усё пойдзе дзяржструктурам, і гэта нармальна. Я знайду свой шлях. У мяне яшчэ ў запасе некалькі кірункаў — рыбгас, ягады. Навошта я гэта раблю? Таму што ведаю: рана або позна работа з сыравінай становіцца прэрагатывай дзяржавы, і нам яе можа не хапіць. Трэба падшукваць нешта такое, каб самому ствараць сыравіну і перапрацоўваць яе ў канчатковы прадукт.
Вырошчваннем рыбы прадпрымальнік займаецца з 2009 года. У яго распараджэнні 10 азёраў — 150 гектараў воднай гладзі. Рыбаводства — справа тонкая. Пакуль вырасце таварная рыба з лічынкі, патрэбна тры гады. Сяргей такім чынам вырошчвае карпа і шчупака. Свежы тавар цалкам рэалізуецца «з колаў» у Магілёве. Больш цеплалюбівыя амур і таўсталобік завозяцца з Брэсцкай вобласці.
А летась прадпрымальнік вырашыў паспрабаваць зусім новую для сябе справу — вырошчванне дурніц.
— На гэтую ідэю мяне натхніў песімізм, — усміхаецца ён. — 10 гектараў зямлі для фермерскай гаспадаркі — гэта ні пра што, займацца клубніцамі або гароднінай — не маё. А да дурніц я ўжо гады 2-3 прыглядаюся. Яны вельмі цяжка прыжываюцца, але я заўсёды лезу туды, дзе складана канкурэнтам. Для дурніц патрэбна спецыяльная кіслотнасць глебы, а гэта павінен быць спецыяльны торф. У нас у Беларусі дурніц хапае, але, як паказвае аналіз, у свеце гэтай ягады вырошчваецца толькі 10 % ад патрэб. Расія, напрыклад, з вялікім задавальненнем яе набывае. Ягада вельмі карысная, шмат дзе прымяняецца.
Няхай горш, але ж сваё
Сяргей Куцанаў не толькі вытворца, ён яшчэ і народны выбраннік. І нават прадстаўляў свой раён на Усебеларускім народным сходзе. Ён за тое, каб развіваць невялікія населеныя пункты і ствараць там умовы для жыцця. А яшчэ перакананы ў тым, што наша будучыня залежыць толькі ад нас саміх, і яе трэба ствараць сваімі рукамі, не спадзеючыся на дапамогу звонку.
— Што такое гаспадар? — разважае ён. — Вось мы жылі ў СССР, нешта там было дрэнна, нешта добра. Калі ўпершыню пабываў у Польшчы, зайздросціў, якія ў іх прыгожыя машыны, як добра яны жывуць. Але ніколі не ўнікаў у рэаліі, колькі каштуе іх жыццё. Ведаў, што яны зарабляюць па 2-3 тысячы еўра, затое расходную частку не ўяўляў.
Гэта я потым зразумеў, што ўсё прыгожае належыць манапалісту, а не сярэдняму бізнесу. Чалавеку, у якога мільярды, нічога не перашкаджае ўсё скупіць і стаць манапалістам. Таму я прыхільнік таго, што няхай горш, але ж сваё. Трактары, якія былі ў нас 30 гадоў таму і зараз, не параўнаць. Яны не адрозніваюцца ад імпартных аналагаў. Засталося крыху рухавік дарабіць — і будзе ўсё, як трэба. Для гэтага і неабходна канкурыраваць, развівацца. Ну, запусці ў краіну замежніка — яму нашы вытворчасці і дарам не патрэбныя. Яму патрэбны нашы землі і рабочая сіла. Таму я, як гаспадар, за тое, каб захоўваць усё і мець больш свайго. Калі ў мяне ёсць трактарок, няхай ён «не фантан», але я ім чышчу вуліцы. Я ніколі не чакаю каманды зверху. Завеяла снегам дарогі — я выклікаў людзей, і мы іх «прабілі». Не чакаем ЖКГ, таму што не ўсё там так добра. Я ж як дэпутат райсавета павінен клапаціцца пра народ. І яшчэ скажу як дэлегат сходу. Заходнія прапагандысты спрабавалі прызнаць нас нелегітымнымі, але яны моцна памыляюцца. Народ ужо выбраў нас дэпутатамі, ён нам давярае, і мы прадстаўлялі на сходзе менавіта яго інтарэсы.
Нэлі ЗІГУЛЯ, Магілёўскі раён
Фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/pryvatny-biznes
[4] https://zviazda.by/be/gramadstva
[5] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[7] https://zviazda.by/be/tags/magilyouski-rayon
[8] https://zviazda.by/be/tags/pryvatny-biznes