У Віцебскай абласной філармоніі ўпершыню адбыўся праект арганнай музыкі «Еўропа без межаў». Гледачы ў залі (а іх было дастаткова: нягледзячы на пандэмію, народ цягнецца да мастацтва), стоячы дзякавалі музыкантам апладысментамі і прасілі зноў выйсці на сцэну. Такога не было даўно.
Прагучалі творы Баха, Гендэля, Бакерыні, Бетховена, іншых класікаў.
А парадавалі майстэрствам з вялікай літары музыканты з самага старажытнага горада Беларусі — Полацка.
Паказала вышэйшы пілатаж выканання адзіная беларуская арганістка, якой пашчасціла граць у Нотр-Дам дэ Пары, Ксенія Пагарэлая. Імя яе даўно стала знакавым для беларускіх аматараў арганнай музыкі.
Вядомасці Пагарэлай спрыяе шматгадовае служэнне тытулярным арганістам канцэртнай залы Сафійскага сабора, а таксама шырокая гастрольная дзейнасць артысткі. Дзякуючы нязменна высокай якасці ігры, Ксеніі Пагарэлай давяраюць дэбютнае выкананне сваіх твораў айчынныя і замежныя кампазітары, падкрэслілі ва ўстанове культуры. Прызнаннем найвышэйшага ўзроўню майстэрства арганісткі стала запрашэнне даць сольны канцэрт у велічным Саборы Парыжскай Божай Маці ў Францыі.
У дуэце з арганісткай выступіла скрыпачка Вікторыя Бабенка. Яна скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па класе скрыпкі. Актыўна канцэртуе. Вікторыя — салістка камернага аркестра «Еўропа-Цэнтр», пастаянна выступае ў канцэртнай зале Сафійскага сабора.
Аляксандр ПУКШАНСКІ
Прэв’ю: фота аўтара
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/arganny-kancert
[2] https://zviazda.by/be/tags/vicebsk