У Брэсце выяўлена пражыванне і зімоўка адной з рэдкіх птушак беларускай фауны — сокала сапсана, паведаміў [1] БелТА намеснік дырэктара па навуковай рабоце Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі Віктар Дзямянчык.
«У працэсе выканання нашага праекта па ацэнцы прыродна-экалагічных славутасцяў Брэста мы выявілі зусім унікальную з’яву — рэгулярнае пражыванне і зімоўку сокала сапсана. Яшчэ познім летам мы заўважылі адзіночнага сапсана, а ў гэтую зіму ўпершыню для нашай краіны назіраем адразу тры, у тым ліку маладыя , асобіны», — адзначыў Віктар Дзямянчык.
Сапсан — самая хуткасная птушка на планеце: у палёце ён развівае хуткасць звыш 300 км/г. Адзін час гэты птушыны драпежнік быў на мяжы поўнага знікнення. У Чырвоную кнігу Беларусі яго занеслі 40 гадоў таму. Лічыцца, што ў апошнія дзесяцігоддзі гнездзішчы сапсана зніклі ў нашай краіне. Зрэдку ў летні перыяд яго адзначаюць на верхавых балотах беларускага Паазер’я.
Дзіўна і тое, што сапсаны перанеслі не самую простую зіму. «У адну з начэй у Брэсце была рэкордна нізкая тэмпература — 24 градуса марозу. Мы дзяжурылі ля трубы на выпадак, калі сокал замерзне і ўпадзе, каб яго падабраць і адагрэць. Ён, небарака, сядзеў і павіскваў ад холаду. Але нічога, перанёс. гэта таксама вялікае дасягненне, таму што звычайна гэтыя сокалы адкачоўваюць у паўднёвыя рэгіёны», — заўважыў Віктар Дзямянчык.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/samaja-bystraja-ptitsa-planety-poselilas-v-breste-430440-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/sapsan
[3] https://zviazda.by/be/tags/brest
[4] https://zviazda.by/be/tags/ptushki