Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрый Сянько сустрэўся з намеснікам загадчыка міжнароднага аддзела ЦК КПК Цянь Хуншанем, паведамілі [1] ў беларускім пасольстве ў КНР.
Кіраўнік дыпламатычнай місіі павіншаваў Цянь Хуншаня з 70-годдзем з дня ўтварэння міжнароднага аддзела ЦК КПК, адзначыўшы яго ўклад у развіццё супрацоўніцтва Кампартыі з замежнымі краінамі. Ён падкрэсліў, што ў 2021 годзе адбудзецца яшчэ адзін важны юбілей — 100 гадоў з дня ўтварэння Кампартыі КНР.
Цянь Хуншань высока ацаніў развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва ў духу «жалезнага братэрства». Ён звярнуў увагу, што Беларусь за гады свайго суверэнітэту пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі дасягнула вялікіх поспехаў у справе дзяржаўнага будаўніцтва. Цянь Хуншань выказаў упэўненасць, што пад стратэгічным кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна адносіны паміж краінамі выйдуць на новы ўзровень развіцця, запэўніў у нязменнай падтрымцы Кітаем Беларусі ў пытаннях суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці.
Падчас сустрэчы бакі таксама абмеркавалі розныя напрамкі і планы па развіцці беларуска-кітайскага супрацоўніцтва, у тым ліку паміж Адміністрацыяй Прэзідэнта Беларусі і міжнародным аддзелам ЦК КПК, адукацыйнымі і навукова-даследчымі структурамі дзвюх краін.
Спасылкі
[1] https://china.mfa.gov.by/ru/embassy/news/cc62d6e627ccdf75.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/cyan-hunshan
[3] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus