Сусветная турысцкая арганізацыя (ЮНВТА) адзначыла, што летась галіна перажыла найгоршы год за ўсю гісторыю назіранняў. Па звестках арганізацыі, сектар турызму страціў 1,3 трыльёна долараў ЗША, пад пагрозай аказалася ад 100 да 120 мільёнаў рабочых месцаў. Але няма ліха без дабра. Беларусы нарэшце змаглі лепш пазнаёміцца са сваёй краінай. Мінулы 2020 год закрыў граніцы, але адкрыў вочы на тое, што побач. Як беларуская турыстычная сфера справілася з выклікамі часу і якія ўрокі з гэтага вынесла, «Звяздзе» расказала Ірына Варановіч, дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
— Ірына Мікалаеўна, як горшы для сусветнага турызму год паўплываў на гэтую сферу ў Беларусі?
— Сапраўды, мінулы год быў выключны для турызму, і трэба было хутка адаптавацца да новых рэалій, вырашаць мноства праблем, з якімі дагэтуль не сутыкаліся. Cпачатку ўсе спадзяваліся, што турыстычны паток ажыве летам 2020 года, але з цягам часу стала зразумела, што ў турыстычнай сферы адбылася катастрофа і сусветны турызм спыніўся. Разам з тым з'явілася магчымасць перагледзець пэўныя моманты, на якія раней не хапала часу. І мы зразумелі, што трэба больш увагі аддаваць унутранаму турызму, інфраструктуры для яго, створаны новыя цікавыя маршруты. Безумоўна, беларусы будуць ездзіць за мяжу, да мора і гор, якіх няма ў нашай краіне. Увогуле, людзям трэба знаёміцца з іншымі краінамі, бо, вярнуўшыся, яны пачынаюць больш цаніць і шанаваць унікальнасць сваёй. Незалежна ад таго, як будзе далей развівацца турызм, мы павінны зрабіць усё, каб людзям было камфортна і цікава ў Беларусі.
— Можна сказаць, што дзякуючы пандэміі ўнутраны турызм у Беларусі атрымаў другое жыццё?
— Я думаю, можна. Сёлета многія інакш паглядзелі на сваю краіну. Відавочны факт, і адчуваю гэта на сабе, што беларусы не ведаюць Беларусі. Многія па дзесяць разоў зляталі за мяжу, але ніколі не былі ў суседняй вобласці. Гэта няправільна, таму што атаясамліваць сябе з краінай, яе грамадствам можна толькі ведаючы і адчуваючы культуру і гісторыю краіны. У нас ёсць мясціны, якія людзі актыўна наведваюць. А яшчэ больш мясцін, якія трэба раскрыць і якія ў будучым стануць папулярныя. Тыя ж Альманскія балоты — першародная прырода... Можа, у нас не захавалася такой колькасці палацаў, як у Германіі, ці кафедральных сабораў, як у Італіі, але нам ёсць чым ганарыцца і што паказаць. Напрыклад, аграсядзібы, якія стараюцца паказаць векавую беларускую культуру, рамёствы, традыцыі.
Важная задача сёння — удасканаліць інфраструктуру на турыстычных лакацыях, прапанаваць людзям сэрвіс высокага ўзроўню. Аб'ект становіцца папулярны, калі турысту там камфортна. Таму 2020 год, нягледзячы на яго трагічнасць, даў магчымасць зрабіць работу над памылкамі і заняцца пытаннямі, на якія не хапала часу. У гэты год скончыўся адзін этап і пачалася падрыхтоўка да новага.
— Што маеце на ўвазе?
— У 2020 годзе мы аднавілі асноўныя дакументы ў турыстычнай галіне. Нам патрэбна было скласці стратэгію развіцця да 2035 года. Была праведзена вялікая работа, пасля калапсу, які адбыўся ў свеце, ніхто не разумеў, як можна штосьці прагназаваць. Нават Сусветная турысцкая арганізацыя не дае ніякіх прагнозаў, а толькі кажа, што турызм вернецца да паказчыкаў 2019 года праз 2-4 гады. У 2020 годзе заканчвалася дзяржаўная праграма на пяцігодку і трэба было ствараць новую з улікам актуальных праблем. Быў неабходны новы план мерапрыемстваў па аднаўленні турызму. Заканчвалася дзеянне ўказа Прэзідэнта аб развіцці аграэкатурызму, і мы працавалі над яго працягам, 4 лютага ён быў падпісаны яшчэ на пяць гадоў.
Не спыняецца работа над законам аб турызме, і там закранаюцца праблемы, якія ў сакавіку мінулага года былі самыя актуальныя — забеспячэнне адказнасці тураператараў і турагентаў перад турыстамі. Калі пачалі закрывацца межы і людзі заставаліся ў чужых краінах без магчымасці вярнуцца дадому, наша каманда літаральна жыла на рабоце. Праз розніцу ў часе мы працавалі і днём, і ноччу. Гэты вопыт паказаў, што такія пытанні павінны быць прадугледжаны ў заканадаўстве, каб беларускія турысты былі абаронены.
— Згодна з дзяржаўнай праграмай «Беларусь гасцінная», у прыярытэце — прасоўванне нацыянальных турысцкіх брэндаў. Усім вядомыя нашы Белавежская пушча, палацы ў Нясвіжы і Міры. Якія новыя, пакуль малавядомыя, мясціны могуць стаць турысцкімі брэндамі?
— У нас ёсць чатыры аб'екты са спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Палацы ў Нясвіжы і Міры, Белавежская пушча на слыху. А ёсць дуга Струвэ, пра якую беларусы калі і ведаюць, то мала хто можа растлумачыць, што гэта такое. Гэта еўрапейцы едуць на яе паглядзець... У Беларусі безліч мясцін, вартых увагі турыстаў. Напрыклад, Косаўскі палац, касцёл у Гервятах і мноства іншых. Своеасаблівым брэндам можна лічыць аграэкатурызм, і ў цэлым экалагічны турызм можа заняць вядучую ролю.
— Некалькі гадоў таму актыўна абмяркоўвалася стварэнне брэнда Беларусі, але гэта пытанне так і не было вырашана. Наколькі краіне неабходны турыстычны брэнд і якая работа праводзіцца ў гэтым кірунку?
— Я магу ўпэўнена сказаць, што ў краіны павінен быць свой турыстычны брэнд, ён дазваляе запомніць краіну і ўсюды яе пазнаваць. Мне вельмі падабаецца прыклад Славеніі. У англійскім варыянце назвы краіны Slovenіa ёсць слова «love». І яны вельмі добра абыгралі і вылучылі, што гэта адзіная краіна, у назве якой ёсць слова «любоў». Славенія — краіна, дзе шмат зеляніны, вады, гэтае багацце таксама падкрэсліваецца. І ўжо краіна асацыюецца з брэндам.
Калі пачалася работа над брэндам Беларусі, мяне яшчэ не было на пасадзе дырэктара дэпартамента па турызме. А ў 2020 годзе не хапіла часу. Сёння мы працягваем работу над брэндам, супрацоўнічаем з рознымі міжведамаснымі органамі. Брэнд датычыцца не толькі турызму, ён уключае шматлікія аспекты, якія раскрываюць і паказваюць краіну.
У Беларусі ўжо ёсць месцы, якія маюць свой брэнд. Напрыклад, «Славянскі базар» атаясамліваецца з васільком. На маю думку, брэнд павінен быць у кожнага рэгіёна, бо яны ж розныя. Беларусь неаднародная, і брэнд павінен гэта адлюстраваць. Мы працуем у згаданым кірунку, і зусім хутка гэта пытанне будзе ўзнята зноў.
— У 2020 годзе стварылі і аднавілі 14 турысцкіх напрамкаў, якія з іх самыя папулярныя?
— Наш дэпартамент як рэгулятар і Нацыянальнае агенцтва па турызме распрацавалі маршруты, якія ахопліваюць усе рэгіёны. У кожным праходзяць адукацыйныя семінары для прадстаўнікоў галіны, дзе разглядаюцца асаблівасці рэгіёна і адпаведны від турызму. Жыровічы дапамагаюць развіваць рэлігійны турызм, на Валожыншчыне ў Мінскай вобласці працуе кластар аграсядзіб. У Налібоцкай пушчы ёсць экалагічная сцежка, якой няма аналагаў. У кожнага рэгіёна ёсць свая адметнасць, якую трэба калі не зрабіць брэндам, то хоць бы добра рэкламаваць, каб як мага больш людзей цікавілася і ездзіла.
Беларусь славіцца медыцынскім турызмам, усе любяць нашы санаторыі. Ва ўмовах пандэміі каранавіруса гэта стала асабліва важна.
У 2020 годзе нашы санаторыі наведала шмат людзей. Туды едуць не толькі, калі ёсць праблемы са здароўем, як гэта было раней, а каб адпачыць, перазагрузіцца. Санаторыі распрацавалі спецыяльныя праграмы па аднаўленні здароўя пасля каранавіруса.
Многія любяць актыўны адпачынак — сплавы на байдарках, катанне на конях, што прапаноўваюць аграсядзібы. Развіваецца вытворчы турызм. Кожнаму будзе цікава на свае вочы ўбачыць, як працуе «Камунарка» ці БелАЗ.
— На сайце Нацыянальнага агенцтва па турызме прадстаўлены і яго незвычайныя віды. Асабліва цікавыя «чорны» — падарожжы па мясцінах з містычнай славай і «джайлоа-турызм» — мікс экалагічнага і экстрэмальнага. Як яны развіваюцца ў Беларусі?
— Напрыклад, наведванне Альманскіх балот — гэта экалагічны турызм. А прагулка па іх на балотаступах — гэта ўжо экс-
трым. Страх праваліцца ў багну ёсць у многіх. Для кагосьці экстрым — сплаў на байдарках. Вось і джайлоа-турызм. Запазычванне назваў з замежных моў добра прыцягвае ўвагу людзей.
Мы са школы ведам, што ў старажытных замках ёсць прывіды — «чорны», містычны турызм. Гэтыя незвычайныя віды развіваюцца дзякуючы экскурсаводам, якія ствараюць такія маршруты. Штогод праводзіцца фэст экскурсаводаў, падчас якога спецыялісты праяўляюць сябе, хто на што здольны. Адсюль і містычныя, і веласіпедныя, і бегавыя, і многія іншыя незвычайныя экскурсіі. І выдатна, што людзі цікавяцца такімі фарматамі, у кожнага ёсць свае аматары. Хачу яшчэ адзначыць, што фэст экскурсаводаў праводзіцца ў многіх краінах, дзе ёсць беларускія дыяспары.
— Як развіваць экалагічны від турызму, каб паказаць людзям усё багацце беларускай прыроды і пры гэтым захаваць належны стан навакольнага асяроддзя?
— У Беларусі добра развіты кемпінгавы напрамак і ёсць спецыяльна абсталяваныя пляцоўкі з душамі, туалетамі, неабходнымі ўмовамі. Напрыклад, кемпінг на возеры Сялява ў Мінскай вобласці адпавядае ўсім міжнародным стандартам.
Усё гэта робіцца, каб людзям было камфортна. Але шмат увагі аддаецца адпаведнасці еўрапейскім і нацыянальным экалагічным стандартам.
Калі ўлічваць усе патрабаванні, можна стварыць умовы, каб людзі праводзілі шмат часу на прыродзе і пры гэтым не чынілі ёй шкоды.
— У Гродне запусцілі мабільны гід Grodno guіde, стварылі буклет «Пашпарт турыста», дзе сабрана неабходная для гасцей інфармацыя. На вашу думку, іншыя гарады падтрымаюць гэтую ініцыятыву?
— Я вельмі спадзяюся... У нашых рэгіёнаў павінна быць спаборніцтва паміж сабой — хто прывабіць больш гасцей. Канешне, для сучаснага турыста мабільны гід больш зручны і карысны, чым друкаваная карта. Гродна паказаў выдатны прыклад па стварэнні ўмоў для прыезджых.
— Ірына Мікалаеўна, вы адзначалі, што ў кожным рэгіёне павінен быць турысцкі інфармацыйны цэнтр. Як вырашаецца гэтае пытанне?
— Нядаўна мы ўзгаднілі з урадам краіны павелічэнне штату Нацыянальнага агенцтва па турызме. У сувязі з гэтым у найбліжэйшы час у кожным рэгіёне з'явіцца па тры спецыялісты. Сёння ў рэгіёнах няма людзей, якія займаюцца турызмам. І гэта вялікая праблема, аб якім развіцці можна казаць, калі няма адказных за гэта людзей? Таму пакуль мы пачынаем з трох спецыялістаў, і ў будучым у кожным рэгіёне будзе адкрыты свой інфармацыйны турыстычны цэнтр.
Арганізаваных турыстычных груп становіцца менш, людзям больш зручна і бяспечна ездзіць кампаніяй сяброў на сваім транспарце. Наша задача даць турыстам магчымасць лёгка і хутка атрымаць інфармацыю аб месцы, куды яны прыехалі.
— Якія беларускія лакацыі сталі самымі папулярнымі ў 2020 годзе?
— У кожным рэгіёне ёсць месцы, якія прымаюць турыстаў. Магчыма, варта зрабіць аналіз. Але ўнутраныя перамяшчэнні неарганізаваных груп вельмі цяжка, амаль немагчыма адсочваць.
Нягледзячы на папулярнасць Белавежскай пушчы, Міра, Нясвіжа, Аўгустоўскага канала, летам 2020 года іх наведала рэкордная колькасць турыстаў. Але гэта не значыць, што іншыя мясціны былі менш папулярныя.
— Як тры гады пад знакам малой радзімы паўплывалі на развіццё ўнутранага турызму?
— Праз пандэмію ўнутраны турызм стаў хіба што не асноўнай часткай трылогіі малой радзімы. Тыя, хто раней у адпачынак выязджаў за мяжу, сёлета паехалі на сваю Бацькаўшчыну.
Мы праводзілі конкурс «Пазнай Беларусь» і атрымалі рэкордную колькасць работ, прысвечаных малой радзіме. Гэта сведчыць аб тым, што людзі актыўна ездзілі туды, дзе нарадзіліся.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/turyzm