У Лоеве, у Музеі бітвы за Днепр, працуе выстава, прысвечаная 100‑годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна
Экспазіцыя “Іван Шамякін. Аўтограф у гісторыі” падрыхтавана да юбілею народнага пісьменніка Беларусі. З Музея бітвы за Днепр нам паведамілі: на ёй прадстаўлены выданні твораў юбіляра з аўтографамі, якія аўтар пакідаў на памяць жыхарам Лоева ды сваякам у часе сустрэч у райцэнтры.
Самы рарытэтны экспанат, які дэманструецца, гэта фотаздымак 1956 года з фондаў музея. Зроблены пасля сустрэчы пісьменнікаў, паэтаў з жыхарамі Лоева. Сустрэча, кажуць музейшчыкі, мела вялікі розгалас: лоеўская газета “Серп і молат” пісала тады, што раённы Дом культуры быў перапоўнены. Прыйшлі на сустрэчу аматары літаратуры, прыхільнікі творчасці пісьменнікаў. На фотаздымку — маладыя Міхась Калачынскі, Піліп Пястрак, Іван Шамякін, Мікола Нагнібеда і Анатоль Вялюгін.
Дэманструецца на выставе й рарытэтная кніга Івана Шамякіна “Апавяданні” (1952), падпісаная ветэрану вайны, лаяўцу Івану Германенку. Каштоўная калекцыя — выданні з шамякінскімі аўтографамі, зычэннямі да лоеўскіх сваякоў. Сямейныя повязі, дачыненні з Іванам Пятровічам былі ў іх вельмі цёплыя ды шчырыя. Нягледзячы на занятасць, пры кожнай магчымасці, пачынаючы з 1960‑х гадоў, пісьменнік дараваў ім свае новавыдадзеныя кнігі. На выставе, у прыватнасці, бачым выданні “Сэрца на далоні” (1964), “Первый генерал” (1971), “Атланты і карыятыды” (1974, 1975) ды іншыя. Прадстаўлены цікавыя архіўныя матэрыялы з перыядычных выданняў, фотаздымкі, багаты ілюстрацыйны матэрыял.
Рыгор Гарэшка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-02-2021_small.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy