Цікавую імпрэзу зладзілі актывісты нарвскай суполкі “Сябры” ў Дзень роднай мовы — з удзелам паэта Канстанціна Цыбульскага
Хоць каранцінныя абмежаванні ўносяць карэктывы ў дзейнасць беларускіх суполак замежжа, ды актывісты таварыства “Сябры” здолелі адзначыць Дзень роднай мовы разам з сябрамі. Напярэдадні мы разаслалі ўсім запрашэнне на творчую сустрэчу з Канстанцінам Цыбульскім. Імпрэзу зладзілі на платформе Zoom апоўдні 21 лютага.
Канстанцін Цыбульскі — наш сябар. Песні на яго вершы вядомыя, ёсць у рэпертуары гуртоў “Песняры”, “Сябры”, “Бяседа”, “Пліса”, спевакоў. Помніцца, душэўна гучала песня “Зорачка” ў Нарве 6 ліпеня 2019‑га, калі ў гасцях у нас быў ансамбль “Пліса”. І мы, захопленыя творам, зладзілі кантакт з аўтарам верша. Ён прыязна ўспрыняў прапанову аб супрацы, восенню ў Мінску мы сустрэліся. У маі 2020‑га планавалі сустрэцца і ў Нарве, ды перашкодзіў кавід. Сёлета, спадзяемся, зладзім яго творчую вечарыну на сцэне ДК “Ругодив”.
У Zoom-імпрэзе паўдзельнічалі актывісты суполкі “Сябры”, падключылася больш за 30 гасцей з эстонскіх беларускіх таварыстваў (Йыхві, Тарту, Пярну), беларусы з латвійскіх Даўгаўпілса й Рыгі, расійскіх Масквы й Сургута, украінскага Чарнігава, іспанскага Мадрыда, іарданскага Амана. Вось яна, творчасць без межаў! Канстанцін Цыбульскі расказаў пра сваё жыццё ў паэзіі, чытаў вершы, песні спяваў ды адказаў на пытанні. Вітаў імпрэзу і Аляксей Зубко, першы сакратар Амбасады Беларусі ў Эстоніі. Прыемным сюрпрызам для спадара Канстанціна стала тое, што адзін з ягоных вершаў перакладзены на эстонскую мову — тое зрабіла ліцэістка Дарына Дмітрыева, таксама ўдзельніца Zoom-імпрэзы.
Пашырэнне ў свеце роднай культуры, у тым ліку й праз такія сустрэчы, — адзін з важных кірункаў дзейнасці суполкі “Сябры”. Мы лічым, што важна беларусам, дзе б ні жылі, заставацца патрыётамі Бацькаўшчыны. Пра тое, дарэчы, нагадвае і Канстанцін Цыбульскі ў вядомым “Сказе пра ката” [1] “У заморскіх рэстаранах/ Шыкуе блазната…/ А я любіць Айчыну/ Вучуся у ката”.
Віктар Байкачоў, г. Нарва
Спасылкі
[1] https://www.facebook.com/syabrynarva/posts/2568625666785682
[2] https://zviazda.by/sites/default/files/gr-02-2021_small.pdf
[3] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy