Даволі незвычайны крадзеж адбыўся ў Слоніме. Там у адзін з дзён у 19-гадовага маладога чалавека проста з пакоя знікла... тахта коштам 300 рублёў. Акрамя таго, зламыснік быў настолькі беспардонным, што выбіў уваходныя дзверы і нават забраў усе падушкі. Падрабязнасці гісторыі паведаміла аддзяленне іфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Інцыдэнт адбыўся познім вечарам у шматпавярховым доме па вуліцы Ефрасінні Полацкай, калі ў кватэры нікога не было. Аказалася, што здзейсніў крадзеж 18-гадовы малады чалавек, які пражывае ў суседнім пад'ездзе. Дома ў пацярпелага ён быў усяго раз, але пра наяўнасць там тахты ўспомніў. Ідэя завалодаць мэбляй прыйшла, калі падазраваны адпачываў з сябрамі. Менавіта тады хлопец зразумеў, што яму неабходна дадатковае спальнае месца. Таксама ён ведаў, што ўладальнік тахты вучыцца ў Гродне, і кватэра пустая.
Вынесці цяжкую мэблю зламысніку дапамаглі сябры, якім ён сказаў, што гэта робіцца з дазволу гаспадара. Карціну таго, што адбылося, аднавілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку Слонімскага РАУС, падазраваны затрыманы, у дачыненні да яго заведзена крымінальная справа па артыкуле «Крадзеж», украдзенае канфіскавана.
Сяргей РАСОЛЬКА
Прэв’ю: pinterest.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-rasolka
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne
[5] https://zviazda.by/be/tags/slonim