У Міністэрстве ўнутраных спраў узнагародзілі фіналістаў конкурсу на найлепшыя фота- і відэаработу аб дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў. Усяго на конкурс было даслана больш за тысячу работ — здымкаў і ролікаў. Журы мусіла адабраць з іх найбольш кранальныя і запамінальныя.
Пераможцаў вітаў намеснік міністра ўнутраных спраў — начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч.
— Вашы работы прымусілі нас паглядзець на сваю працу збоку. Вельмі важна, каб яна ўспрымалася людзьмі як нешта абсалютна натуральнае, бо ахоўваць грамадскі парадак, змагацца са злачыннасцю, абараняць людзей неабходна ў любой дзяржаве. Увогуле, конкурс з'яўляецца часткай вялікай інфармацыйнай работы Міністэрства ўнутраных спраў. Наша задача — не толькі сфарміраваць станоўчы вобраз ведамства, асвяціць праваахоўную тэматыку, але і стварыць у беларусаў перакананасць у тым, што МУС з'яўляецца часткай грамадства.
У намінацыі «За мірную Беларусь!» аўтары распавядалі пра дзейнасць міліцыі і ўнутраных войскаў па падтрыманні міру і бяспекі ў Беларусі. Яшчэ адна намінацыя, «Шлях да зорак», была прысвечана дзецям, якія хочуць у будучыні стаць міліцыянерамі.
Адным з лаўрэатаў конкурсу стала супрацоўніца Дубровенскага аддзела дэпартамента аховы Святлана Дзяржыцкая.
— Сын Мікіта калісьці хацеў стаць міліцыянерам, але, на жаль, планы давялося крыху змяніць. Але, нягледзячы на ўсё, трэба ж ісці да мары. І вось мы зрабілі фотагісторыю аб тым, як сабака дапамагае маленькаму сышчыку знайсці згубленую цацку...
Іншыя намінацыі былі прысвечаны дарожнай бяспецы, выхаванню дзяцей, а таксама гісторыі праваахоўных органаў.
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/silavyya-struktury
[4] https://zviazda.by/be/tags/mus
[5] https://zviazda.by/be/tags/konkurs