Футбалісты салігорскага «Шахцёра» ўпершыню сталі ўладальнікамі Суперкубка Беларусі, перадае [1] БелТА.
Учора ў паядынку за першы трафей новага сезону на полі ФК «Мінск» чэмпіёны краіны адолелі ўладальніка Кубка барысаўскі БАТЭ ў серыі пасляматчавых пенальці. У першым тайме перавага была на баку барысаўчан, салігорскія футбалісты адказвалі вострымі контратакамі, але нікому не ўдалося дабіцца поспеху. Пасля перапынку «Шахцёр» стаў дзейнічаць больш агрэсіўна, прымусіўшы барысаўчан абараняцца. Аднак у асноўны час лік так і не быў адкрыты — нічыя 0:0. У серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку «Шахцёра» — 5:4. Героем серыі стаў галкіпер салігорскай дружыны Аляксандр Гутар, які адбіў два ўдары, а потым сам забіў вырашальны пенальці.
Футбалісты БАТЭ больш за ўсіх выйгравалі Суперкубак — 7 разоў (2010, 2011, 2013-2017). Салігорскі «Шахцёр» да гэтага тройчы беспаспяхова аспрэчваў трафей. Тройчы Суперкубак брала брэсцкае «Дынама» (2018-2020), а ў 2012-м яго заваявалі футбалісты «Гомеля».
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/sport/view/futbolisty-shahtera-vpervye-stali-obladateljami-superkubka-belarusi-431001-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/futbol
[3] https://zviazda.by/be/tags/bate
[4] https://zviazda.by/be/tags/shahcyor