5 сакавіка ў 17:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў адбудзецца адкрыццё выставы расійскага мастака Антона Кетава «Лініі і вуглы». Адкрыццё адбудзецца пры ўдзеле самога мастака, паведамілі [1]ў цэнтры.
У сваіх аб'ектах і кампазіцыях Антон Кетаў спрабуе зазірнуць у свет будучыні з яго новай тэхнічнай эстэтыкай. Яны нагадваюць мадэлі лятучых гарадоў-станцый, складаныя механізмы або нерэалізаваныя архітэктурныя праекты. Выстава з'яўляецца вынікам асэнсавання вопыту авангардных плыняў, мастакоў, архітэктараў і філосафаў пачатку XX стагоддзя. У прыватнасці, працы былі натхнёныя знакамітым праектам лятаючага горада Георгія Круцікава і ідэямі Канстанціна Цыялкоўскага, дынамічным жывапісам Казіміра Малевіча, а таксама ідэямі авангардыстаў пра будучыню на далёкіх планетах.
Антон Кетаў стварае свет будучыні ў традыцыях авангарду. На выставе ў НЦСМ можна будзе ўбачыць працы 2017-2020 гадоў.
Пры стварэнні прасторавых, рэльефных кампазіцый мастак прымяняе свой тэатральны вопыт (у 1995-1999 гадах Антон Кетаў працаваў у тэатральных майстэрнях пад кіраўніцтвам мастака Мікалая Цітова) і выкарыстоўвае тэхналогіі вырабу дэкарацый, што істотна адрозніваецца ад традыцыйных мастацкіх метадаў.
Праект «Лініі і вуглы» — пра гарманічнае асяроддзе і спробы адысці ад засмечанай прасторы ў нашым недасканалым свеце.
Антон Кетаў — жывапісец, графік, скульптар. Нарадзіўся ў 1978 г. у Маскве. Скончыў Вышэйшую тэатральную вучэльню ім. Б.В.Шчукіна і Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Выстаўляўся ў Расіі, Францыі, Бельгіі, Кітаі, Італіі, Грэцыі, Швецыі, Іспаніі. Займаецца таксама афармленнем выстаў і стварэннем музейных экспазіцый.
Выстава будзе доўжыцца па 2 мая.
Спасылкі
[1] http://ncsm.by/calendar/vystavka-linii-i-ugly
[2] https://zviazda.by/be/tags/ncsm
[3] https://zviazda.by/be/tags/vystava