Прадстаўніцам прыгожага полу заўсёды хочацца нешта змяніць у сваёй знешнасці. І часам жанчыны рашаюцца на кардынальныя крокі. Напрыклад, на пластыку грудзей. Мы пагутарылі з пластычным хірургам аб тым, ці сапраўды новы бюст здольны змяніць да лепшага жыццё жанчыны.
Прыгажосць з-пад скальпеля
Мамапластыка, або аперацыя па карэкцыі формы і памераў грудзей — адна з самых запатрабаваных эстэтычных аперацый у свеце. Многія жанчыны імкнуцца зрабіць грудзі ідэальнымі нягледзячы на тое, што гэта звязана з болем, рызыкай ускладненняў і немалымі матэрыяльнымі выдаткамі. І гэта нядзіўна: раскошны бюст — безумоўна, упрыгажэнне жаночай фігуры. Хоць змяняючы і «паляпшаючы» сябе (з дапамогай стылістаў, касметолагаў ці тых жа пластычных хірургаў), мы ў рэшце рэшт хочам не знешніх перамен, а чагосьці больш глабальнага — ні многа ні мала шчасця і жыццёвага поспеху. Але ці працуе гэта? Пра тое мы спыталі ў пластычнага хірурга Марыны Курак.
— У сваёй практыцы мне даводзілася назіраць выпадкі «псіхамагіі» — часам чалавеку сапраўды неабходныя нейкія знешнія змены для дасягнення жыццёвага поспеху. Часта жанчыны прыходзяць на мамапластыку з верай у тое, што пасля аперацыі іх жыццё зменіцца да лепшага. Гэта няправільная ўстаноўка, і многія пластычныя хірургі лічаць яе супрацьпаказаннем да аперацыі. Але жыццё паказвае: здараецца (і досыць часта), што, вырашыўшы праблему знешнасці, якая яе мучыла, жанчына становіцца больш упэўненая ў сабе. І, як вынік, досыць хутка знаходзіць і добрую работу, і мужчыну, які яе задавальняе. Тут справа не ў хірургіі, а ў псіхалогіі — у пытанні прыняцця сябе. Калі прыняць сябе жанчыне перашкаджае нейкая асаблівасць яе знешнасці (напрыклад, маленькія, вялікія або «не той» формы грудзі) — эстэтычная хірургія ёй дапаможа. Можна, вядома, прыняць сябе і без пластычных аперацый, але гэтае пытанне ўжо ляжыць за межамі прафесійнай сферы хірурга. Калі ж жанчына не прымае сябе ў прынцыпе — яна будзе зноў і зноў змяняць сябе і заўсёды заставацца незадаволенай вынікам: тут патрэбны ўжо не хірург, а псіхолаг.
Яблык ці груша?
Павелічэнне грудзей да жахлівых памераў — гэтая «фішка» засталася ў 90-х. Сёння асноўны запыт да хірургіі грудзей — у першую чаргу прыгожая форма бюста. Прыгажосць — паняцце, якое ўключае як аб'ектыўны, так і суб'ектыўны фактары. Аб'ектыўна мы арыентуемся на нейкі агульнапрыняты эталон — такія эталоны прыгажосці ёсць у падсвядомасці кожнага, і яны прыкладна аднолькавыя.
— Існуюць пэўныя параметры. Сасок павінен быць вышэй за ўзровень складкі пад грудзьмі. Грудзі не павінны апускацца ніжэй за яе. Што датычыцца аб'ёму, ён павінен адпавядаць целаскладу, росту, вазе і яшчэ шэрагу індывідуальных параметраў цела канкрэтнай жанчыны. Каб наблізіцца да гэтага эталона, камусьці трэба павелічэнне, камусьці, наадварот, памяншэнне, камусьці — падцяжка, а некаторым — падцяжка і павелічэнне або памяншэнне адначасова.
— Такім чынам, калі маленькага росту далікатная дзяўчына з нулявым памерам грудзей прыходзіць да пластычнага хірурга і просіць зрабіць ёй бюст «як у Памэлы Андэрсан» — гэта немагчыма?
— Тэхнічна гэта магчыма. Спатрэбіцца некалькі аперацый. Спачатку трэба будзе паставіць маленькія імплантаты. Скура расцягнецца, і імплантаты можна будзе памяняць на большыя. І так паступова дайсці да жаданага памеру. Але выглядаць вынік усіх гэтых намаганняў будзе непрыгожа, гэта будзе нефізіялагічна і нават небяспечна для здароўя пацыенткі. Асабіста я за выкананне такога запыту не ўзялася б. У першую чаргу мы — урачы, і наш галоўны клопат — здароўе пацыентаў. Прыгажосць у шкоду здароўю — гэта няправільна. Тым больш што ў дадзеным прыкладзе і паняцце «прыгажосць» вельмі сумніўнае.
Бываюць звароты да пластычных хірургаў і з нагоды памяншэння грудзей — такія запыты таксама не рэдкасць. І тут у першую чаргу жанчыну турбуе не эстэтычнае пытанне, а праблема фізічнага камфорту. Вялікія грудзі — гэта нагрузка на пазваночнік, гігіенічны дыскамфорт у гарачае надвор'е. Ды і складанасці з выбарам бялізны і купальніка.
— А адкуль бярэцца гэты эталон прыгажосці ў нашай падсвядомасці?
— На гэты конт існуе мноства тэорый, асноўная з якіх на сённяшні дзень — біялагічная мэтазгоднасць. Яна сцвярджае, што прыгожым нам здаецца тое, што найбольш функцыянальнае з пункту гледжання прыроды. А з пункту гледжання прыроды грудзі жанчыне патрэбны, каб выкарміць сваіх дзяцей. Таму ў грудзей павінен быць аб'ём — у ідэале гэта 350-450 мл.
Дарэчы, хірургі мераюць грудзі не «памерамі» (тымі, якія трэба ведаць кожнай жанчыне пры пакупцы бюстгальтара). «Памер» — гэта «інструмент» мадэльераў і стылістаў. У пластычнай хірургіі грудзі мераюцца на мілілітры.
— А калі казаць аб форме грудзей — што бліжэй да эталону?
— Сёння існуюць дзве формы імплантатаў: круглыя і кроплепадобныя. Круглыя ствараюць эфект «пуш-ап без ліфчыка» — як у глянцавых часопісах. Такая форма імплантаў была на піку папулярнасці раней. Сёння круглыя імпланты не так запатрабаваныя, як кроплепадобныя — іх яшчэ называюць анатамічнымі. Натуральныя малочныя залозы заўсёды маюць асноўны аб'ём у сваёй ніжняй частцы — з-за ўздзеяння прыцягнення зямлі. Круглыя імпланты ствараюць эфект напоўненасці і ў верхняй частцы залозы. Анатамічныя — імітуюць натуральныя вельмі прыгожыя грудзі. Чым больш у пацыенткі ўласных тканак, тым больш натуральны будзе вынік.
Хірург як мастак
Але, акрамя эталона, ёсць яшчэ меркаванне «заказчыцы» аб тым, што прыгожа. І, зразумела, суб'ектыўны погляд «выканаўцы» на гэтае ж пытанне. Таму пластычнага хірурга патрэбна выбіраць, прычым вельмі старанна: у вас з ім павінны быць падобныя ўяўленні аб прыгажосці.
— Зразумела, першапачаткова хірург арыентуецца на стандарты прыгажосці, той самы эталон, пра які мы гаварылі. Але цела кожнага чалавека ўнікальнае, і ў выніку пластыка заўсёды патрабуе персаніфікаванага падыходу.
І вось тут меркаванні кліента і хірурга аб тым, што прыгожа, павінны супасці. У пластычных хірургаў (колькі б гадоў ні працаваў у гэтай сферы спецыяліст) звычайна няма (і не можа быць) вялікага партфоліа з фотаздымкамі работ, якія можна вылажыць у Іnstagram. Бо яго прафесійныя дасягненні — гэта людзі, якія не хочуць афішаваць, што сталі прыгажэйшыя дзякуючы пластыцы. Зрэшты, свае «работы» спецыяліст можа паказаць на кансультацыі. І на кансультацыі ж гатовы выслухаць і скарэктаваць пажаданні кліента.
— Часам пацыенткі апісваюць, якую форму грудзей яны хацелі б атрымаць у выніку аперацыі, а падчас «прымеркі» аказваецца, што на самай справе яны мелі на ўвазе зусім іншую форму.
Падчас кансультацыі робіцца прымерка так званых сайзераў (ад англійскага 'sіze' — памер). Гэта імітацыя імплантаў з угінамі на адваротным боку, якая дае магчымасць «прымерыць» «новыя грудзі» на свае ўласныя. Так можна ўбачыць хоць бы прыкладна, як будзе выглядаць вынік аперацыі.
Прыкладна — таму што вынік залежыць ад вельмі шмат якіх фактараў. Ад таго, наколькі расцягнутыя ўласныя тканкі, ад формы грудной клеткі...
— Ад формы грудной клеткі залежыць вось пастаноўкі імплантатаў, — тлумачыць пластычны хірург.
Калі грудная клетка мае востры вугал, імплантаты будуць «глядзець» у розныя бакі, а не ўперад. І нічога тут не зробіш. Можна, вядома, проста надзець бюстгальтар — але жанчыны, адважваючыся на аперацыю, хочуць, каб грудзі выглядалі ідэальна і без бялізны.
Насіць сучасныя імплантаты (калі няма ўскладненняў) жанчына можа ўсё жыццё. Яны запоўненыя гелем і маюць структуру, якая не дазваляе змесціву імплантата выцечы, нават калі яго абалонка будзе пашкоджана. З такімі імплантатамі можна карміць грудзьмі, займацца экстрэмальнымі відамі спорту і наогул жыць поўным жыццём — так, нібы ў вас свае ўласныя грудзі. Якасныя імпланты маюць таксама мікраполікрэтанавае пакрыццё — дзякуючы яму імплантат не ссоўваецца і ствараецца ўражанне зусім натуральных, проста вельмі прыгожых грудзей. Прычым, часта такія імплантаты немагчыма вызначыць нават навобмацак, расказвае спецыяліст.
Гэта назаўжды?
Аперацыя доўжыцца ад гадзіны да дзвюх. Можа праводзіцца пад агульнай або мясцовай анестэзіяй. Рэабілітацыя залежыць ад асаблівасцяў пастаноўкі імплантата.
— Калі імплантаты ўстаноўлены пад мышцай, аднаўляцца пасля аперацыі пацыентка будзе даўжэй: 15 дзён нельга падымаць рукі, 20 — вадзіць аўтамабіль. Калі ж
імплантаты стаяць пад залозай, рэабілітацыя займае 7—8 дзён.
Імплантаты ўстанаўліваюць пры дапамозе некалькіх варыянтаў разрэзаў. Часцей за ўсё разрэз праходзіць пад грудзьмі, у натуральнай складцы скуры. Гэты спосаб лічыцца найбольш бяспечным. Разрэз па мяжы арэолы саска — варыянт, калі пасля загойвання слядоў аперацыі не застаецца наогул. Але гэты спосаб лічыцца больш рызыкоўным — магчымыя ўскладненні.
Выдаліць імплантаты магчыма, калі праз некалькі гадоў уся гэтая прыгажосць жанчыне надакучыць.
— Вярнуцца да ўласнай формы грудзей ужо не атрымаецца, — расказвае хірург. — Але можна зрабіць падцяжку, і ў вас застануцца прыгожыя невялікія грудзі.
Быццам бы можна толькі парадавацца, што мы жывём у XXІ стагоддзі, калі індустрыя прыгажосці крочыла так далёка наперад. Але, адважваючыся на мамапластыку, варта ўлічваць, што гэта хірургічнае ўмяшанне — а значыць, вы не застрахаваныя ад ускладненняў.
— Таму на кансультацыі я заўсёды раю пацыенткам, перш чым прымаць рашэнне аб мамапластыцы, спачатку ўзважыць яе плюсы і мінусы, — адзначае суразмоўніца.
Ускладненні могуць паўстаць і не па віне хірурга. Ёсць індывідуальныя асаблівасці арганізма, і часам яго рэакцыю немагчыма спрагназаваць загадзя. Напрыклад, калі справа датычыцца келоідных рубцоў. У некаторых людзей толькі пэўныя зоны цела схільныя да келоідаў, на іншых участках утвараюцца норматрафічныя рубцы, але ні сам пацыент, ні хірург не могуць загадзя ведаць пра такую асаблівасць.
Яшчэ адзна рызыка мамапластыкі — развіццё капсульнай кантрактуры. Імплантат, нават самы сучасны, пры ўсёй яго інавацыйнасці — усё ж іншароднае цела ў арганізме. А любое іншароднае цела арганізм імкнецца аддзяліць, адмежаваць ад сябе. І для гэтага стварае капсулу вакол «чужынца». Калі ўсё праходзіць па плане, гэтая капсула тонкая і мяккая, яна непрыкметная і не адчуваецца навобмацак. Але часам адбываецца патаўшчэнне капсулы, яна здаўлівае тканкі і дэфармуе імплантат. У гэтым выпадку патрэбна паўторная аперацыя.
Бюст — дрэнны «падарунак»
Для каго ж жанчыны рашаюцца на мамапластыку? Часцей усё ж для сябе — каб з задавальненнем глядзецца ў люстэрка. Але часам яны хочуць змяніць сябе для каханага. Дзяўчат і жанчын з такой матывацыяй прыходзіць на прыём да хірурга ў сярэднім каля 10 % ад агульнай колькасці пацыентак. Бюст — гэта сімвал сексуальнай прывабнасці, фізічнай прыгажосці жанчыны. Але, як кажуць псіхолагі, на самай справе мужчыны значна больш лаяльныя да формы і памеру грудзей, чым лічаць жанчыны. Калі казаць аб прывабнасці, значна важнейшы за памер і нават форму бюста характар жанчыны, яе харызма і чароўнасць. І праблемы з разраду «мужчыны не звяртаюць на мяне ўвагу, таму што ў мяне непрыгожыя грудзі», як правіла, існуюць толькі ў галаве жанчыны.
— Вядома, матывацыя «зрабіць грудзі для каханага» — не прычына адназначнай адмовы ў аперацыі. І ўсё ж тут патрэбна папярэдняя работа з псіхолагам. Хірургу важна зразумець, наколькі рэальныя чаканні пацыенткі. Калі чаканні нерэальныя — наўрад ці варта брацца за аперацыю. І ў любым выпадку жанчыны, якія мяняюць форму або памер грудзей «для сябе», маюць больш рэалістычныя ўяўленні пра вынік — і, значыць, пасля аперацыі больш задаволеныя.
Мужчыны, дарэчы, далёка не заўсёды ў захапленні ад такога «сюрпрызу» ад каханай, кажа спецыяліст. Ёсць тыя, каму новыя грудзі жонкі вельмі падабаюцца, ёсць і адваротны варыянт — калі мужчына баіцца дакрануцца да жанчыны, таму што яна паставіла імплантаты, або патрабуе выдаліць іх. Словам, прымаць рашэнне аб мамапластыцы пара павінна разам.
Дзіяна РОНІНА
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/dyyana-ronina
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue