У 2020 годзе служба занятасці выдзеліла 1629 беспрацоўным субсідыі на арганізацыю прадпрымальніцкай і рамеснай дзейнасці, аказанне паслуг у сферы аграэкатурызму — на агульную суму 4,7 млн рублёў, паведамілі на сайце Мінпрацы і сацыяльнай абароны насельніцтва.
Большасць атрымальнікаў — 1324 беспрацоўныя — выкарысталі гэтыя сродкі для адкрыцця ўласнай справы. 1249 чалавек, якія атрымалі субсідыю, прайшлі яшчэ і навучанне асновам прадпрымальніцтва. Яшчэ 291 чалавек атрымаў матэрыяльны стымул на рамесніцтва. 14 чалавек хацелі пачаць аказваць паслугі ў сферы аграэкатурызму з дапамогай дзяржавы.
Пры гэтым 10 беспрацоўных арганізавала прыватнае ўнітарнае прадпрыемства, пяць чалавек арганізавала сялянскую (фермерскую) гаспадарку.
Сярод атрымальнікаў субсідый нямала і жанчын — 44,4 %. У прыватнасці 586 беспрацоўных беларусак, дзякуючы дапамозе дзяржавы змаглі арганізаваць прадпрымальніцкую дзейнасць, 131 грамадзянка скарысталася субсідыяй на рамёствы, сем — на арганізацыю паслуг аграэкатурызму.
Арганізацыя самазанятасці аказала падтрымку 16 беспрацоўным ва ўзросце да 21 года, якія ўпершыню шукалі работу, і 49 грамадзянам з абмежаванымі магчымасцямі.
Часцей за ўсё субсідыяй карыстаюцца беспрацоўныя, каб адкрыць бізнес у рознічным гандлі (304 атрымальнікі ў 2020 годзе); аказваць паслугі ў галіне будаўнічых, аддзелачных, электрамантажных, сантэхнічных і іншых рамонтных работ (227 беспрацоўных); аказваць цырульніцкія і касметычныя паслугі (146); для арганізацыі работы грузавога аўтамабільнага транспарту і таксі (107); для абслугоўвання і рамонту аўтамабіляў (60); для вытворчай дзейнасці (54); для сельскагаспадарчай вытворчасці (23); іншых відаў бізнесу (403).
Субсідыя даецца ў памеры 11-кратнай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ), які дзейнічае на дату заключэння з беспрацоўным дагавора аб аказанні падтрымкі.
Пры арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, аказання паслуг у сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці беспрацоўнымі, зарэгістраванымі па месцы жыхарства ў малых гарадах і раёнах з высокай напружанасцю на рынку працы, а таксама ў сельскіх населеных пунктах, субсідыя выдзяляецца ў памеры 15-кратнай велічыні БПМ.
Калі ж бізнес звязаны з укараненнем вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак (аб'ектаў права прамысловай уласнасці: вынаходства, карыснай мадэлі, прамысловага ўзору, сорту расліны, тапалогіі інтэгральнай мікрасхемы), субсідыя роўная ўжо 20 БПМ.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/zanyatasc