З сакавіка ў эфіры спецыялізаванай радыёхвалі ў выкананні артысткі Лікі Пташук пачалі ажываць старонкі рамана «Людзі на балоце» — ён распачынае серыю мастацкіх чытанняў знакамітай трылогіі «Палеская хроніка» ў рамках праекта «Літаратурная анталогія».
— Творчасць айчынных класікаў заўсёды прыцягвае нашу ўвагу, — кажа намеснік дырэктара канала «Культура», заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнік Навум Гальпяровіч. — У прыватнасці, да стагоддзя Івана Шамякіна ў нашым эфіры ўжо прагучалі старонкі яго рамана «Трывожнае шчасце», працягваецца мастацкае чытанне аповесці «Шлюбная ноч». А ў сакавіку ўвазе слухачоў будзе прадстаўлены несмяротны твор Івана Мележа «Людзі на балоце». Як вядома, героі «Палескай хронікі» былі шырока прадстаўлены ў кінафільмах, тэлеспектаклях, радыёпастаноўках, а наша новая работа, якая прагучыць на канале «Культура» ў монавыкананні, дапоўніць мастацкае ўвасабленне творчасці класіка беларускай літаратуры.
Нагадаем, праект «Літаратурная анталогія» можна слухаць на хвалях канала з панядзелка да пятніцы ў 14.15, 23.00 і 04.00. На сайце www.radіokultura.by маецца архіў перадачы, дзе змешчаны выпускі, якія прагучалі ў эфіры.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/ivan-melezh
[4] https://zviazda.by/be/tags/kultura
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-kultura