У гэтым годзе на праграмным узроўні будуць рэалізоўвацца меры для павышэння статусу жанчын у грамадстве і забеспячэння гендарнай роўнасці. Пра гэта паведаміў журналістам намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў.
Сёння жанчыны складаюць больш за 55 % ад агульнай колькасці работнікаў і рэалізоўваюць сябе практычна ва ўсіх сферах дзейнасці. Каля 40 % працуючых жанчын мае вышэйшую адукацыю, амаль палова кіраўнікоў — жанчыны, сярод спецыялістаў — 73 %.
«Дзяржава робіць нямала для павышэння статусу жанчын, паляпшэння ўмоў працы, павышэння эканамічнай актыўнасці, а таксама аховы іх здароўя. На 2021 год запланаваны шэраг нарматыўна-прававых актаў, якія будуць спрыяць вышэйзгаданаму. Гэта ў першую чаргу нацыянальны план дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці і дзве дзяржаўныя праграмы: «Рынак працы і садзейнічанне занятасці» і «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека». Дадзеныя праграмныя дакументы маюць на ўвазе пашырэнне эканамічных магчымасцяў жанчын — садзейнічанне ім у развіцці прадпрымальніцтва, у тым ліку ў сельскай мясцовасці», — сказаў Валерый Кавалькоў.
Нацыянальны план дзеянняў зацвярджаецца на пяць гадоў, і гэта ўжо шосты план. Адна з Мэт устойлівага развіцця — забеспячэнне гендарнай роўнасці. У адпаведнасці з гэтым і нацыянальны план будзе ўключаць у сябе пералік мерапрыемстваў па гарантаванні жанчынам пэўных эканамічных, сацыяльных прэферэнцый.
Адна з дзейсных мер — выдзяленне дзяржавай бязвыплатных субсідый. Летась амаль 45 % тых, хто атрымаў субсідыі на адкрыццё сваёй справы, склалі жанчыны. А за мінулыя пяць гадоў 3,7 тыс. жанчын атрымалі субсідыю і змаглі пачаць сваю справу. Бізнес-лэдзі выбіраюць самыя розныя сферы дзейнасці — аказанне цырульніцкіх паслуг, арганізацыя кафэ і г. д. Перад гэтым будучыя прадпрымальніцы праходзяць неабходнае навучанне па менеджменце, атрымліваюць дапамогу ў складанні бізнес-плана.
Банк развіцця Беларусі таксама падключаецца да падтрымкі жаночага бізнесу — у мінулым годзе прафінансавана 73 такія праекты на суму Br9,5 млн.
Развіваюцца і механізмы рэінтэграцыі жанчын на рынку працы. У мінулым годзе на прафесійную падрыхтоўку і перападрыхтоўку было накіравана 1,7 тыс. беспрацоўных жанчын. А за апошнія пяць гадоў звыш 14 тыс. жанчын прайшло перападрыхтоўку і змагло стаць больш запатрабаванымі на рынку працы. Каб жанчыны ў дэкрэтным водпуску не страчвалі навыкі, прывабнасць для наймальнікаў у прафесійным плане, дадзена магчымасць павышаць сваю кваліфікацыю ў гэты перыяд. За пяць гадоў 343 жанчыны ў перыяд знаходжання ў водпуску па доглядзе за дзіцем прайшлі курсы павышэння кваліфікацыі, пры гэтым яшчэ і атрымлівалі стыпендыю.
Летась дыстанцыйная работа атрымала прававую аснову — гэта таксама адкрыла дадатковыя перспектывы для жанчын.
Намеснік міністра падкрэсліў, што апошнія восем гадоў узровень беспрацоўя сярод жанчын стабільна нізкі. Але пры гэтым застаецца актуальная праблема двайной занятасці жанчын: на рабоце і дома. Менавіта на яе рашэнне і будуць накіраваны максімальныя намаганні — як заканадаўчыя, так і інфармацыйныя.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/gendernaya-rounasc
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhanchyny