Адлік смерцяў ад ускладненняў, выкліканых каранавірусам, пайшоў на мільёны па ўсім свеце. Людзі стаміліся ад лакдаўну і беспрацоўя і выходзяць на пратэсты, а надзея перамагчы пандэмію ўсеагульнай вакцынацыяй, падобна, растае на вачах: прэпараты па-ранейшаму недаступныя ўсім ахвотным і ў найбліжэйшы час сітуацыя наўрад ці зменіцца, адзначае lenta.ru. Да гэтага дадаліся і іншыя праблемы: ашуканцы выкрадаюць грошы, прызначаныя пацярпелым ад крызісу, і прадаюць падробленыя вакцыны, а СААЗ прадракае ўзнікненне суперінфекцый, больш страшных, чым цяперашні каранавірус. Чым падаграецца глабальная пратэсная хваля?
Няма прасвету
Пасля ўвядзення ў Нідэрландах каменданцкай гадзіны 22 студзеня ў краіне пачаліся масавыя пратэсты, якія хутка перараслі ў сутыкненні з паліцыяй. Пратэстоўцы, у асноўным моладзь, атакавалі камянямі і кактэйлямі Молатава, паліцыя адказвала вадамётамі і слёзатачывым газам. У шэрагу гарадоў былі разбітыя вітрыны крамаў і прыпынкі грамадскага транспарту, спынены чыгуначныя зносіны, у мястэчку Урк нават падпалілі цэнтр тэсціравання на COVІD. Агульны адлік затрыманых пайшоў на сотні чалавек. Па паведамленнях паліцыі, гэта былі найбуйнейшыя беспарадкі ў краіне за апошнія сорак гадоў.
«Гэта ўсё з-за віруса, які наогул забіў не так ужо і шмат людзей. Многія галадаюць, не могуць працаваць і забяспечваць сябе. Я не лічу гэта ўсё нармальным», — з такой заявай выступіў адзін з пратэстоўцаў на дэманстрацыі супраць каранавірусных абмежаванняў у Бруселі. Мірнае шэсце скончылася затрыманнем каля паўтысячы чалавек, а ў яго ўдзельнікаў выявілі прадметы, якія звычайна не бяруць на мірныя акцыі, — напрыклад, піратэхніку і нажы.
Акрамя Бельгіі, 2021 год пачаўся з пратэстаў жыхароў Даніі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Славеніі, Францыі і Іспаніі. Многія з іх лічаць, што лакдаўн ужо не дапамагае змагацца з распаўсюджваннем COVІD-19. Пры гэтым у асноўным яны выказваюць сваё меркаванне без дапамогі піратэхнікі і нажоў. Так, французскія работнікі сферы культуры зладзілі тусоўку пад электронную музыку ў горадзе Перпіньян, а брытанскія пратэстоўцы ўсталі грудзьмі не за рэйвы, але за пабы: жыхары Оксфарда сабраліся на мітынг, патрабуючы нарэшце адкрыць піцейныя ўстановы.
У студзені ў Швейцарыі прапанавалі ўвесці забарону на забароны з-за каранавіруса. Члены асацыяцыі «Сябры канстытуцыі» сабралі вялікую колькасць подпісаў, каб правесці рэферэндум аб пазбаўленні ўладаў канфедэрацыі права ўводзіць рэжым ізаляцыі і іншыя ковідныя абмежаванні.
У пратэстоўцаў ёсць свая праўда: сітуацыю з COVІD-19 назвалі пандэміяй яшчэ ў сакавіку 2020-га — амаль год таму, а прасвету ўсё яшчэ няма, заўважыла lenta.ru. Многія выходзяць на мітынгі з адчаю: людзі страчваюць работу і цярпенне. Так, Міжнародная арганізацыя працы (ІLO) паведаміла, што колькасць гадзін, адпрацаваных у свеце на піку першай хвалі, скарацілася на эквівалент 500 мільёнаў рабочых месцаў, а заробак — на 10 працэнтаў. Колькасць амерыканцаў, якія атрымліваюць прадуктовыя талоны для бедных, павялічылася на 20 пра-
цэнтаў за апошні год (з 36 да 44 мільёнаў чалавек).
Таўсцеюць і співаюцца
Акрамя таго, пацярпела і псіхічнае здароўе людзей. Па звестках Цэнтраў па кантролі і прафілактыцы захворванняў ЗША, сімптомы трывожнага і дэпрэсіўнага расстройстваў з красавіка да чэрвеня 2020-га выявілі ў значна большай колькасці людзей, чым за той жа перыяд у 2019-м. Напрыклад, па даных за 2019 год прыкладна 19,1 працэнта паўналетніх жыхароў ЗША расказалі аб праблемах з трывожным расстройствам. У 2020-м працэнт павялічыўся да 30,9 — характэрна, што гэта звесткі толькі за першую палову года, і да яго канца колькасць тых, хто пакутуе на трывожныя расстройствы, магла стаць яшчэ большая.
Некаторыя адзначаюць, што заўважылі пагаршэнне стану менавіта падчас лакдаўну, таму гнеў пратэстоўцаў, якія патрабуюць спыніць узмацненне жорсткасці мер па барацьбе з COVІD-19, можна зразумець. «Я лічу, што каранцін быў абсалютным кашмарам. У мяне і так праблемы з псіхічным здароўем з-за траўмы мозга, і з-за яе ж мне трэба кожны дзень шмат рухацца», — падзяліўся праблемамі Рыкі Фрост з горада Мідлсбра ў Англіі.
Вось ужо больш чым 11 тыдняў у Германіі закрыта практычна ўсё за выключэннем аптэк і харчовых крамаў, паведаміла dw.com. Зімовыя вакацыі, што пачаліся перад Калядамі, расцягнуліся з двух тыдняў да двух месяцаў. Лакдаўн немцам парадкам надакучыў. «Многія эмацыянальна выматаныя, не бачаць перспектывы», — сказала dw.com Крысціяне Вопен, старшыня Еўрапейскага савета па этыцы і член групы саветнікаў па праблемах каранавіруса прэм'ер-міністра Паўночнага Рэйна-Вестфаліі. Медыкі рэгіструюць павышэнне колькасці псіхічных расстройстваў і пацыентаў з дэпрэсіяй. А многія, хто вымушаны працаваць на аддаленцы, вядуць нездаровы спосаб жыцця, співаюцца і таўсцеюць, адзначыла dw.com.
Апытанне, якое было праведзена інстытутам ІNSA-Consulere у Берліне і Брандэнбургу, паказала, што 43 працэнты жыхароў гэтых дзвюх федэральных зямель Германіі за час лакдаўну заўважна прыбавілі ў вазе. У сярэднім на 5,5 кілаграма, а 14 працэнтаў з іх — на 10 і больш кіло! Прычына — не толькі сядзячы спосаб жыцця і работа ў хоум-офісе, але і ежа не дзеля спатольвання голаду, але ад нуды і безвыходнасці. Нямецкія эксперты настойліва не рэкамендуюць есці дома на сваім рабочым месцы, нават калі гэта месца — кухонны стол: трэба хоць бы перасесці на іншы яго канец.
Пляцоўка для радыкалаў
Вулічныя пратэсты супраць каранцінных абмежаванняў сталі абавязковым атрыбутам пандэміі каранавіруса ў многіх краінах свету, адзначыла daіly.rbc.ua. Пратэсты перыядычна здараліся ў многіх еўрапейскіх дзяржавах, ЗША, Канадзе, Аргенціне, Аўстраліі, Індыі, Кеніі... Фактычна, пратэсная хваля ахапіла ўсе населеныя кантыненты. На акцыях супраць лакдаўну звычайна збіраецца вельмі пярэстая публіка. У першую чаргу, гэта тыя, хто непасрэдна пакутуе ад абмежаванняў: супрацоўнікі і ўладальнікі кафэ-рэстаранаў-гатэляў, іншых устаноў сферы паслуг, крамаў, турыстычных кампаній. Выходзяць на вуліцы і бацькі, збянтэжаныя закрыццём школ і дзіцячых садкоў.
Але сапраўднай раскошай антыкаранцінныя акцыі сталі для прыхільнікаў розных канспіралагічных тэорый. Дзякуючы пандэміі, абмежаванням і падвышанай увазе СМІ да ўсяго, што звязана з каранавірусам, прыхільнікі розных маргінальных тэорый атрымалі выдатны шанц прыцягнуць да сябе беспрэцэдэнтную ўвагу, заўважыла daіly.rbc.ua. Так, на некаторых еўрапейскіх пратэстах была заўважаная сімволіка прыхільнікаў QAnon. Як адзначаюць еўрапейскія медыя, тэорыя змовы пранікае і ў краіны ЕС, адаптоўваючыся да мясцовых рэалій.
У шэрагу краін ёсць і нацыянальныя асаблівасці антыкаранцінных пратэстаў. Напрыклад, у аўстралійскім штаце Вікторыя сярод удзельнікаў акцый заўважныя прыхільнікі тэорыі пра тое, што ўсё заканадаўства штата, прынятае з 1975 года, нелегітымнае, паколькі не было асабіста падпісана брытанскай каралевай Лізаветай ІІ. Такім чынам, і каранцінныя абмежаванні выконваць ніхто не абавязаны. А ў Італіі ў датычнасці да радыкалізацыі пратэстаў паліцыя абвінаваціла злачынную групоўку Камора.
Але найбольш прыкметнымі на акцыях па ўсёй Еўропе з'яўляюцца прыхільнікі радыкальных палітычных поглядаў, у першую чаргу, ультраправых (хоць і леварадыкалы таксама шмат дзе адзначыліся). Вядома, менавіта яны, а не тыя ж афіцыянты, што засталіся без работы, устрывожаныя бацькі або праціўнікі вакцынацыі, звычайна стаяць за пераходам многіх пратэстаў у агрэсіўныя рэчышчы, аж да прамых сутыкненняў з паліцыяй. Таму менавіта радыкальныя групоўкі па выніках акцый атрымліваюць асноўную ўвагу з боку СМІ.
З закрыццём межаў тэма барацьбы з мігрантамі, адна з ключавых для еўрапейскіх ультраправых, адышла далёка на другі план. Таму на сцяг яны ўзнялі ідэі барацьбы з каранціннымі абмежаваннямі, якія, на іх думку, бессэнсоўныя, шкодныя, несправядлівыя і антынародныя. Ультраправыя ўжываюць вельмі папулярную сярод радыкальных груп практыку «захопу» чужых акцый. Карыстаючыся палітычнай аморфнасцю і неарганізаванасцю большасці «звычайных» пратэстоўцаў, невялікая, але ідэйная і згуртаваная група можа хутка вылучыцца на першыя ролі ва ўсім руху.
Летам мінулага года ўрад Вялікабрытаніі выпусціў цэлую справаздачу, прысвечаную таму, як экстрэмісцкія групы любога кшталту выкарыстоўваюць пандэмію ў сваіх інтарэсах. Прычым гаворка ішла ў першую чаргу не пра вулічныя акцыі, а аб прапагандзе, у асноўным у інтэрнэце.
«Кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы пандэміі могуць стварыць спрыяльныя ўмовы для экстрэмізму. Экстрэмісты будуць спрабаваць капіталізаваць сацыяльна-эканамічныя наступствы COVІD-19 для таго, каб у доўгай перспектыве правакаваць нестабільнасць, страх і падзел у Вялікабрытаніі», — адзначаецца ў справаздачы.
У дакуменце згадваюцца і канкрэтныя прыклады таго, як пандэмію выкарыстоўваюць у ідэалагічных мэтах. Напрыклад, адна з брытанскіх неанацысцкіх груповак заклікала хворых на COVІD-19 спецыяльна заражаць каранавірусам яўрэяў і мусульман. У сваю чаргу, радыкальныя ісламісты прасоўвалі тэзісы аб пандэміі як чароўным «пакаранні» для калектыўнага Захаду, паралельна сцвярджаючы, што за ўсім стаіць брытанская ўлада, якая хоча нашкодзіць мусульманскай меншасці.
Аўтары справаздачы канстатавалі: падчас пандэміі значна больш прыкметнымі сталі адэпты розных канспіралагічных тэорый, ад антывакцынатарскіх да антысеміцкіх. І нярэдка яны аб'ядноўваюцца на папулісцкай платформе супрацьстаяння палітычнаму істэблішменту і дзяржаве, якія нібыта выступаюць супраць інтарэсаў «простых людзей».
Ад Хельсінкі да Окленда
У Славакіі пакуль спрабуюць пазбегнуць татальнага лакдаўну, таму ўлады ўводзяць з 3 сакавіка каменданцкую гадзіну і з 15 сакавіка абавязковае нашэнне рэспіратараў. Не менш цяжкая сітуацыя зараз у Чэхіі. CNN назвала гэтую краіну «маленечкім астраўком гібелі і змроку на эпідэміялагічнай карце свету». Віной таму — новы штам COVІD, які распаўсюдзіўся па ўсёй краіне і паставіў бальніцы на мяжу выжывання. З-за пагаршэння эпідэміялагічнай сітуацыі з 1 сакавіка ўрад на тры тыдні абмежаваў перамяшчэнне жыхароў межамі раёнаў іх пражывання. Забароненыя нават сустрэчы сваякоў, якія асобна пражываюць на тэрыторыі аднаго адміністрацыйнага раёна. Акрамя таго, з першага дня вясны ў краіне ў абавязковым парадку неабходна насіць рэспіратары ў грамадскіх месцах.
Тым часам для некаторых жыхароў Іспаніі прышчэпка становіцца абавязковай. Жыхароў аўтаномнай супольнасці Галісія, якія адмовіліся ад яе, паводле новага закона, абавяжуць заплаціць штраф у памеры да Є60 тысяч. У Германіі каранцінны рэжым падоўжылі да 28 сакавіка. Аб гэтым паведаміла канцлер Ангела Меркель, перадала газета Zuddeutche Zeіtung.
У Фінляндыі абвясцілі рэжым надзвычайнага становішча. У Францыі сітуацыя не лепшая. Прэм'ер-міністр краіны Жан Кастэкс заявіў на мінулым тыдні, што 20 дэпартаментаў у краіне знаходзяцца пад «узмоцненым назіраннем», і паколькі колькасць тых, хто захварэў на COVІD, расце, там будуць уведзены абмежаванні. Нагадаем, па ўсёй краіне і так ужо дзейнічае агульнанацыянальная каменданцкая гадзіна з 18.00 да 6.00.
«Цяжка прадказаць, калі пандэмія пойдзе на спад у Еўропе. Я спадзяюся, што з павелічэннем ахопу вакцынаваных людзей, асабліва найбольш уразлівых, колькасць шпіталізаваных і колькасць смерцяў знізяцца. Магчыма, лета можа стаць паваротным момантам у пандэміі, — заявіў іz.ru эпідэміёлаг Інстытута фармакалагічных даследаванняў імя Марыё Нягрэй Антоніа Клавена.
Тым часам стала вядома, што ў найбуйнейшым горадзе Новай Зеландыі Оклендзе абвясцілі каранцін пасля пацверджанага выпадку заражэння каранавірусам. Для прадухілення распаўсюджвання COVІD-19 закрыты ўезд і выезд з горада з насельніцтвам больш за 1,6 мільёна чалавек. Жыхарам нельга пакідаць свае дамы, за выключэннем паездак па прадукты, у аптэку ці на работу. На ўсёй астатняй тэрыторыі краіны ўводзіцца забарона на правядзенне масавых мерапрыемстваў.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kantynenty