Выстава «Простыя рэчы. Імбрыкі» з калекцыі фарфору вытворчасці Мінскага і Добрушскага фарфоравых заводаў 1960-2000-х гадоў адкрылася ў Нацыянальным гістарычным музеі, інфармуе БЕЛТА [1] са спасылкай на вядучага навуковага супрацоўніка музея, куратара экспазіцыі Марыну Казанцаву.
«Чайнік заўсёды быў сімвалам утульнасці, гасціннасці, прыемнага застолля. У музеі сабрана каля 1 тыс. чайнікаў розных часоў і народаў, і сёння мы прадставілі каля 100 прадметаў. Кожны з іх мае сваю адметнасць, яны не паўтараюць адзін аднаго, бо любога мастака адрознівае свой почырк, перавагі, упадабаная колеравая гама, якія выкарыстоўваюцца тэхналагічныя прыёмы. І вельмі радуе, што мы змаглі паказаць менавіта аўтарскія асобнікі», - адзначыла Марына Казанцава.
У музеі сабрана дастаткова вялікая калекцыя фарфоравых чайнікаў: частка з іх паходзіць з усходу (Кітай, Японія) і захаду (Германія, Польшча). Аднак арганізатары засяродзілі ўвагу на беларускіх працах. Наведвальнікам пакажуць узоры-эталоны вырабаў, якія былі зацверджаны да вытворчасці мастацкім саветам Мінскага фарфоравага завода пачынаючы з 1960-х гадоў. Пасля закрыцця завода ў канцы 2000-х калекцыя з больш за 10 тыс. фарфоравых вырабаў, сабраная ў завадскім музеі, трапіла ў збор Нацыянальнага гістарычнага музея.
У музейнай калекцыі фарфору вялікая разнастайнасць у тым, але акцэнт зроблены на беларускіх традыцыях. «Такія традыцыйныя элементы, як васілёк, узор, ураджай, рамонак, вянок, лён, Купалле, характарызуюць цікавасць мастакоў да нашай культуры. Усё гэта яны трансфармуюць у мастацкі вобраз і пераносяць на свой выраб. На выставе экспануюцца творы аўтараў, якія на працягу часу надавалі асаблівы стыль мінскаму фарфору. Сярод іх работы Віктара Гаўрылава, Леаніда Багданава, Валерыя Леантовіч і іншых», - падкрэсліла яна.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/okolo-100-farforovyh-chajnikov-belorusskih-hudozhnikov-predstavleny-v-natsionalnom-istoricheskom-muzee-431546-2021/
[2] https://zviazda.by/be/tags/farfor
[3] https://zviazda.by/be/tags/chaynik