Акцыю па назіранні за птушкамі «Жывая вясна» праводзяць у Беларусі, паведамілі [1] ў грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ).
«Жывая вясна» — міжнародная кампанія глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International, мэта якой — прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да дзікай прыроды, да аховы мігруючых птушак. Вестунамі вясны выбраны сем птушак, якіх дастаткова лёгка пазнаць: белы бусел, вясковая ластаўка, чорны свіргуль, зязюля, ластаўка-зямлянка, шчурка-пчалаедка і вялікі зуёк. Людзі з розных краін будуць назіраць за імі і складаць онлайн-карту іх падарожжа з выраю на радзіму.
У 10-х чыслах сакавіка звычайна вяртаюцца ў Беларусь вялікія зуйкі і белыя буслы, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі, у канцы красавіка і пачатку мая — берагавыя ластаўкі і чорныя свіргулі, у канцы траўня — шчурка-пчалаедка.
АПБ запрашае ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у акцыі. Заўважыўшы птушку аднаго з сямі відаў, можна расказаць пра гэта пры дапамозе формы «Дадаць назіранне» на сайце кампаніі «Жывая вясна» (springalive.net) ці пакінуць паведамленне ў соцсетях Facebook і «УКантакце» на прысвечаных праекту старонках.
Падчас акцыі пройдуць таксама конкурсы, экскурсіі, прэзентацыі, школьныя святы і гульні.
Кампанія «Жывая вясна» стартавала ў 2006 годзе. У мінулым годзе на яе сайт паступіла больш за 1 тыс. назіранняў ад удзельнікаў з 59 краін Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі.
Спасылкі
[1] https://ptushki.org/news/697663.html
[2] https://zviazda.by/be/tags/ahova-ptushak-backaushchyny