Плануецца, што прамысловая вытворчасць вакцыны «Спадарожнік V» ад каранавіруса пачнецца ў Беларусі ў канцы сакавіка. Пра гэта распавёў намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Чараднічэнка, паведамляе [1] агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на тэлеканал АНТ.
— 26 лютага выпушчана першая партыя — 15 тыс. ампул, якія зараз у інстытуце імя Гамалеі (Расія) праходзяць экспертызу на ўстойлівасць, эфектыўнасць і г. д., — адзначыў прадстаўнік Міністэрства аховы здароўя Беларусі. — З 30-31 сакавіка мы ўжо пачнем вырабляць вакцыну. Па плане — 500 тыс. доз штомесяц. Гэта даволі вялікія аб’ёмы.
Дзмітрый Чараднічэнка заявіў, што самае галоўнае — насыціць айчынны рынак. У першую чаргу гэта вакцынацыя насельніцтва Беларусі.
— Калі з’явіцца магчымасць для экспарту вакцыны — будзем пастаўляць яе за мяжу. У прыватнасці, гэта прадугледжана дамовай, — сказаў намеснік міністра.
Амаль палову аб’ёму рынку лекаў у рэспубліцы і ў грашовым выразе, і ў колькасці упаковак складаюць прэпараты, вырабленыя ў Беларусі. Самая вялікая іх доля — у шпітальным сектары, меншая — у рознічным.
— Дзякуючы таму, што мы маем уласную фармацэўтычную вытворчасць, мы паспяхова справіліся з першай хваляй пандэміі, а цяпер спраўляемся з другой, — падкрэсліў Дзмітрый Чараднічэнка.
Паводле яго слоў, у 2020 г. беларускія лекавыя прэпараты пастаўляліся ў 31 краіну свету, пачынаючы ад блізкага замежжа і заканчваючы Паўночнай і Паўднёвай Амерыкай.
— Увайсці на рынак іншай краіны, іншага кантынента — гэта даволі складана. Гэта і часовы фактар, і грашовы, але яно таго варта, — дадаў намеснік міністра.
Прэв’ю: 2gkb.by
Спасылкі
[1] https://minsknews.by/promyshlennoe-proizvodstvo-vakcziny-sputnik-v-namereny-nachat-v-belarusi-v-koncze-marta/
[2] https://zviazda.by/be/tags/spadarozhnik-v-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/karanavirus
[4] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-charadnichenka
[5] https://zviazda.by/be/tags/vakcyna