Закон
Я ўжо расказваў, што з задавальненнем глядзеў цыкл лекцый пра «Справядлівасць» з Гарвардскага ўніверсітэта. Глядзеў, мабыць, паўгода таму, а ў галаве дагэтуль спрабую разабраць, зразумець, выцягнуць з гэтага правільнае, толькі зноў і зноў падаецца, што гэтага цвёрдага правільнага не існуе: усё размыта, усё цячэ, часцей у берагах закону, але бываюць прылівы і адлівы, і рэчка наша то шырэй, то глыбей, то хутчэй. Паспрабую крыху разабрацца ў гэтым.
Для пачатку пару слоў пра музыку, як звычайна. Ёсць шмат музычных гуртоў і выканаўцаў, пра якіх я не магу пісаць у дадзенай калонцы. Напрыклад, шэраг вельмі правых рускіх гуртоў. Нават не буду згадваць назвы, бо ў сябе ўнутры, у сваім сумленні, буду лічыць гэта рэкламай, прапагандай нацызму. Атрымліваецца самацэнзура. Узнікае чарговае пытанне да таго, наколькі свабода слова — свабода. Ці могуць уключацца ў гэтае паняцце словы нянавісці да пэўнага народа, да пэўных груп людзей? І дзе ўсё ж такі праходзіць мяжа паміж сатырай і той жа нянавісцю? Дзе праходзіць мяжа паміж высмейваннем стэрэатыпаў і проста высмейваннем? Праз якія словы?
Закон. Бачна з загалоўка, што я хачу расказаць (паспрабаваць), што такое закон і якая ў ім патрэба. Пачнём не з «Закона Божага», а з кардынальна іншага боку. З шымпанзэ. Літаральна на днях глядзеў відэа, дзе выдатны антраполаг Станіслаў Драбышэўскі дзяліўся ведамі пра закон у жывёлак (у першую чаргу ў прыматаў) і дайшоў да судовай часткі. У нас закон заўсёды звязаны з асуджэннем, прысуджэннем і пэўнай структурай, якая за гэта адказвае. Бо калі кожны сам пачне судзіць… але пра гэта пазней. У шымпанзэ не ведаюць пакарання за парушэнне законаў, бо і законы дакладна не сфармуляваны, і статкі невялікія, таму рабіць нейкае глупства бессэнсоўна і сабе ж горш, але бывае. Вось у адным статку дзве самкі (маці і дачка) пачалі займацца, мякка кажучы, глупствам: есці чужых дзяцей. Аднойчы за гэтай справай іх злавіла маці ахвяры і, зразумела, кінулася за дапамогай, прывяла моцнага самца, а той выказаў сваю нязгоду з такім вось харчаваннем, і на гэтым усё. Канібалкі працягнулі канібаліць, што прывяло да аслаблення і развалу дадзенага статку.
Музыка. Тэксты. Узроставы цэнз, папераджальныя надпісы, пэўны час, у які песня можа гучаць на радыё. Я вельмі шмат чытаў пра гэта, як чытаў зборнік інтэрв’ю Фрэнка Запы. Нядзіўна, што пасля хіпі, Вудстоку, ЛСД, усіх накрыла цішынёю. Са словам «усіх» я перабольшваю, але вы разумееце, што такое змена пакаленняў. Па сутнасці, тыя ж людзі, якія ў юнацтве аддавалі сябе свабодзе, пачалі кантраляваць гэтую свабоду. Такая логіка гісторыі. Падаваць у суд на аўтараў і выканаўцаў твораў альбо на радыёстанцыі за выкананне, за выстаўленне ў эфір чагосьці, што нехта можа палічыць мярзотным, празмерна правакацыйным і дакладна тым, што нельга слухаць дзіцячаму ці юначаму вуху.
Закон. Неяк Маісей вывеў свой народ з Егіпта, і яны пасунуліся ў доўгі шлях праз пустыню. На гэтым шляху Маісей даў нам (у тым ліку нам) Закон. Вялікі спіс злачынстваў і пакаранняў за гэтыя злачынствы. Чаму? Навошта? Давайце не будзем адкідваць варыянт з Богам, а наадварот, скарыстаемся ім. Навошта Бог даў гэты Закон? Ці можам мы проста пагадзіцца з тыповым павярхоўным меркаваннем, што калі б не было Бога і яго Закону, то ўсе рабілі б што хацелі? Няўжо людзі, як і шымпанзэ са згаданага статка, проста самі знішчылі б сябе? На маю думку, Закон павінен быў аб’яднаць. Рака таго народа мела гісторыю, пэўны выток, мэту, але патрэбна было рэчышча. Неабходна было звязаць гэтыя два пункты адны патокам і не разліцца бессэнсоўна па пустыні. Патрэбна заключыць саюз, дагавор кожнага прадстаўніка з агульнай суполкай, як пасля — кожнага грамадзяніна з дзяржавай. Сказаць, на якіх умовах ён можа ісці з усімі і быць часткай усіх. Парушыўшы ж гэтыя ўмовы, ён абавязаны згодна з законам прыняць пакаранне альбо адразу адмовіцца і…
Музыка. Настаўнікам вельмі складана, як і святарам, і іншым выкладчыкам. Яны павінны быць цалкам цэнзурнымі. Іх публічна агучаныя меркаванні не могуць выпадаць з унармаваных, як бы яны не хацелі, але ім прыходзіцца заўсёды апранацца, есці, хадзіць у краму, пісаць допісы ў Фэйсбук ці «УКантакце» або відэа на Ютуб ад імя сваёй сацыяльнай ролі. Як маці і тата заўсёды ў першую чаргу з’яўляюцца бацькамі і (доўгі час) арыенцірам, так і дадзеныя людзі абавязаныя гэта рабіць. Бо пра якую выхаваўчую мэту можа казаць нявыхаваны чалавек? Бо як можна дзень за днём аб’ядноўваць калектыў, калі ты ярка выражаны індывідуал? Можа, я што блытаю. Можа, да чаго-небудзь не даходжу, але галоўнае, каб гэтыя фрагменцікі з маіх пошукаў і роздумаў разбудзілі пошукі і роздумы ў вас. Разбудзілі пытанні, на якія хацелася б мець просты адказ, але яго няма.
Закон. Ёсць вядомы выраз: Dura lex sed lex. Закон суровы, але гэта закон. Чаму? Вернемся да тэмы з нейкай далёкай мінулай калонкі. Антыгероі. Напрыклад, Дэкстар з аднайменнага серыяла. Думаю, тут да месца будуць некалькі радкоў пра сюжэт з Вікіпедыі: «В возрасте трёх лет Декстер Морган (Майкл Си Холл [1]), ставший свидетелем кровавой расправы над своей матерью, был усыновлён выдающимся полицейским Майами [2] Гарри Морганом (Джеймс Ремар [3]), который, вовремя распознав социопатические [4] наклонности Декстера, научил его направлять растущую жажду убийства в полезное русло — убивать только тех, кто этого заслужил: преступников, избежавших правосудия из-за лазейки в законах или нехватки улик». Упс. Мне падаецца ці гэта прапаганда самасуду? Прапаганда парушэння гэтага самага закону, пра які я пісаў вышэй. Уявіце, як нейкі самец шымпанзэ на аснове сваіх асабістых назіранняў ходзіць і душыць самак, якія, на яго думку, робяць штосьці не так? Вы думаеце вынік будзе адрознівацца ад той, першай, сітуацыі? Уявіце, што Маісей не загадаў стварыць пэўную іерархію з наглядчыкаў за выкананнем закону, а проста прагаварыў законы, пакаранні і даў права караць кожнаму.
Музыка. Цэнзура. Нямузыка. Дэкстар. Атрымаў рэйтынг на тэлебачанні 14+. Я не магу сказаць, што дакладна разумею, як працуе ўзроставы цэнз, але ў «Маладосці» 16+. Зразумела, што, выпускаючы серыял на адкрытае тэлебачанне, стваральнікі павыразалі ўсю ненарматыўную лексіку, мноства сцэн гвалту і не толькі, але хіба гэта мае адносіны да таго, што твор заклікае нас суперажываць серыйнаму забойцу і ў нейкім сэнсе прымаць яго амаральную філасофію?
Закон. Давайце я ў чарговы раз паспрабую ўсё спрасціць. Утрыраваць. Мы — людзі. Мы — цывілізацыя. Мы разам ідзём наперад. Для гэтага патрэбныя абмежаванні, каб ні адно «я» не перашкаджала ісці наперад «мы». Каб кожнае «я» магло падтрымаць гэтае «мы»і рэалізаваць сябе, стаць хваляй у гэтай чалавечай рацэ. Але рака бяжыць, і на месца Старога Запавету прыходзіць Новы. Там, дзе раней можна было забіць суседку, бо яна ведзьма, або цемнаскурага за тое, што ён на цябе паглядзеў… Там нас ужо няма і не будзе. І сярод гэтага ўсяго і нараджаецца свабода слова. Можна свабодна казаць пра ўсё тое, што дапаможа нам пры гэтых абмежаваннях. Заклікаць да людажэрства — гэта не свабода слова. Кепска сфармуляваў. Расплывіста. Але, можа, гэтыя фрагменцікі хоць для каго разгоняць туман над агульным малюнкам.
Дзмітрый ШУЛЮК
Спасылкі
[1] https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A5%D0%BE%D0%BB%D0%BB,_%D0%9C%D0%B0%D0%B9%D0%BA%D0%BB_%D0%A1%D0%B8
[2] https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%9C%D0%B0%D0%B9%D0%B0%D0%BC%D0%B8
[3] https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A0%D0%B5%D0%BC%D0%B0%D1%80,_%D0%94%D0%B6%D0%B5%D0%B9%D0%BC%D1%81
[4] https://ru.wikipedia.org/wiki/%D0%A1%D0%BE%D1%86%D0%B8%D0%BE%D0%BF%D0%B0%D1%82
[5] https://zviazda.by/be/tags/paeziya