Інцыдэнт у пляжнай кавярні
Круглы месяц з-за хмары нагадвае вочка ўваходных
Якое падказвае: нехта на лесвічнай тоіцца
Зазірнуць — кулю ў зрэнку
пры гэтых умовах зусім не ахвота
Калі за дзвярыма схаваўся наёмны забойца
А ты закапала Chenet на межах прыліву
І ўзлезла паверх на адзіным, не сцягнутым у штабель шэзлонгу
А што калі гэта за намі стуль сочаць і так усміхаюцца кпліва
Ўцехам спрадвечным пад гук на рэпіце запененых зонгаў
І так мы з табою заснём, і такімі нас знойдуць на ўсходзе
Скандал, два разводы ў слязах, на ядвабнай сукенцы — ад солі
А-у, я з табой размаўляю. Тарашчыцца годзе
Пайдзі яшчэ сядзь за іх столік
***
Як Іудавы вусны Ісус
Я смактаў карамель тваіх вуснаў
І куцця была наша таемнай
Сярод тузінаў модных тунік
Менавіта ў тваёй я і знік
І шукаць маё цела дарэмна
Пакідаю на памяць свой тэкст
І прыстаўку няпоўную «экс»
Павандрую па свеце ізгоем
Усё забудзецца — выпадзе снег
Чалавек — ён для часу што снэк
Немаўля на малюнку Ф. Гоі
***
Перасцерці спасылкі і вызваліць памяці рэшту
Замовіць для дзевачкі чыстае
бруд-
бруд-
бруд-
брудны марціні
За стойкаю барнай згуляць з незнаёмкай у Цярэшку
Як рабілі раней на Радзіме
Страх адтуль, што ты думаеш, гэта не мае ліміту
А не таму, што твой час немінуча надыдзе
Можа быць, не напішаш ніколі сваю Энеіду
Можа быць, ты — герой у Энеідзе
Жыватворны глыток цяжкай кававай нафты
На ўмывальніку — ейныя ватныя дыскі
І бязважкасць на твары яе што палёт астранаўтаў
І сагнутыя ў мроях меніскі
Перасцерці спасылкі і вызваліць памяці рэшту...
Павел Міхалькевіч нарадзіўся 7 студзеня 1992 года ў Гродна.
Было сказана, што выпадковае, з’яўляючыся непазбежным, складае карысць кожнай справе. Гэта рымэйк культавага: каб вы толькі ведалі, з якога смецця нараджаюцца вершы. Было сказана: рэха нагнаць і ўгаварыць вярнуцца. Ці то ўтаймаваць рэха. Многа было сказана, і мне даспадобы — што і як. Як мне даспадобы дзюшэс. Як і фантан Дзюшана. Як парэз Луча Фантана. Як горад пад вежай пра «Луч»-гадзіннікі. Як корань з мінус адзінкі. Глупства не імкнуцца да таго, што / каго так любіш. Як пісаць інкогніта, не пазначаючы адрасата. Зрэшты, можа, і ў гэтым астатнім нешта ёсць.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/paeziya