Гісторыя беларусаў на Параалімпійскіх гульнях пачалася з 1988 года. Тады ў Сеуле Алег Шэпель, сённяшні старшыня Нацыянальнага параалімпійскага камітэта, заваяваў тры медалі ў спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы. На Гульнях 1992 года ў Барселоне беларусы, выступаючы ў складзе каманды СНД, сабралі адзінаццаць медалёў. Першая суверэнная дэлегацыя беларускіх параалімпійцаў была накіравана на зімовыя Параалімпійскія гульні ў Лілехамеры ў 1994 годзе. А праз два гады — у сакавіку 1996 года — быў створаны Нацыянальны параалімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь, які сёлета адзначае свой 25-гадовы юбілей.
Бацькі-заснавальнікі — людзі, якія даўно ўпісалі свае імёны ў гісторыю беларускага спорту. Мікалай Заічкоў, першы намеснік міністра спорту Беларусі, віцэ-прэзідэнт НАК, быў першым генеральным сакратарам. А першы прэзідэнт Нацыянальнага параалімпійскага камітэта — славуты канькабежац, шматразовы чэмпіён свету Ігар Жалязоўскі. Мікалай Шудзейка і сёння на пасадзе генеральнага сакратара камітэта развівае параалімпійскі спорт. Ён расказаў, чаго арганізацыя дасягнула за чвэрць стагоддзя.
«У сярэдзіне 90-х гадоў мы ўбачылі, што параалімпійскі спорт набывае папулярнасць у свеце, і вырашылі развіваць яго ў незалежнай Беларусі. Сумеснымі намаганнямі, з дапамогай таварыства інвалідаў па зроку, Міністэрства спорту мы стварылі параалімпійскі камітэт. Нягледзячы на вялікую колькасць фінансавых, бюракратычных праблем, мы працавалі з апантанасцю і энтузіязмам. Некаторыя
з гэтых праблем і праз 25 гадоў актуальныя, але і наш энтузіязм не знік», — адзначае Мікалай Мікалаевіч.
Не спортам адзіным
Развіццё параалімпійскага спорту «завязанае» на важных сацыяльных праблемах, што датычацца інтэграцыі інвалідаў у грамадства. Бадай, ці не самая актуальная з іх — безбар'ернае асяроддзе. Па словах Мікалая Шудзейкі, параалімпійскі камітэт унёс значны ўклад у зручнасць беларускіх гарадоў: «Калі мы пачыналі развіццё параалімпійскага руху, пра безбар'ернае асяроддзе ў нас нават ніхто не чуў, на спартыўных аб'ектах не было ніякіх умоў для інвалідаў. І першая цяжкасць, з якой мы сутыкнуліся, — арганізацыя вучэбна-трэніровачнага працэсу. Як спарт-
смену дабрацца да стадыёна, у трэнажорную залу, у гасцініцу? І мы па кроплях збіралі інфармацыю: шукалі міжнародныя стандарты, за мяжой усё фатаграфавалі, пыталіся ў калег. Тады мы працавалі з таварыствам інвалідаў па зроку, для іх гэта таксама была актуальная праблема. Так сумеснымі намаганнямі мы распрацавалі стандарт, які выйшаў у 2010 годзе». Дзяржаўны стандарт «Асяроддзе пражывання для фізічна аслабленых асоб» рэгламентуе стварэнне ўмоў для інвалідаў пры будаўніцтве новых аб'ектаў.
Першай спартыўнай пабудовай, зручнай для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, стаў комплекс «Мінск-Арэна», адкрыты ў 2010 годзе. Сучасныя спартыўныя аб'екты на 100 працэнтаў адаптаваны пад патрэбы інвалідаў. «Супрацоўнікаў параалімпійскага камітэта ўключаюць у экспертныя саветы падчас праектавання пабудоў, з намі раяцца. Нядаўні прыклад — у Мінску будуецца новы лыжны комплекс, і праектны інстытут узгадняў з намі праект. Мы ўваходзім у міжведамасны савет разам з прадстаўнікамі ўсіх міністэрстваў, якія маюць дачыненне да стварэння безбар'ернага асяроддзя. Мы не апошнюю ролю адыгралі ў тым, што транспарт, вакзалы сталі больш зручнымі для інвалідаў. Але і наперадзе яшчэ шмат працы», — адзначае Мікалай Шудзейка.
Вучоба без межаў
Галоўная мэта Нацыянальнага параалімпійскага камітэта — не толькі развіццё спорту, але і падтрымка людзей з інваліднасцю, іх сацыялізацыя. Вялізнае значэнне пры гэтым мае інклюзіўная адукацыя — добры трэнд у сацыяльнай палітыцы, згодна з якім дзеці з абмежаванымі магчымасцямі вучацца ў агульнаадукацыйных школах разам са здаровымі вучнямі. «Старэйшае пакаленне памятае час, калі ў нас «не было інвалідаў», іх не павінна было быць наогул. Ствараліся спецыяльныя месцы пражывання, якія ў народзе ўспрымаліся як «гета». І гэта было страшнай праблемай, якая «адгукаецца» нават сёння. Памятаю, прыехалі ў адну спецыялізаваную школу для дзяцей з парушэннямі зроку, а там у спартыўнай зале няма вокнаў. На пытанне, чаму дзеці пазбаўлены сонечнага святла, нам адказалі, што яны сляпыя і ўсё роўна яго не бачаць. Але ж сонечнае святло патрэбна для росту арганізма, гэта вітамін D.
Выдатна, што Міністэрства адукацыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны з удзелам параалімпійскага камітэта пачалі развіваць інклюзіўную адукацыю. Зразумела, падачу матэрыялу трэба адаптаваць пад асаблівасці здароўя. Але сама вучэбная праграма не павінна быць лягчэйшая, бо гэтыя дзеці нічым не адрозніваюцца ад звычайных, проста ў іх не хапае фізічных магчымасцяў», — адзначае Мікалай Шудзейка. Ён упэўнены: інклюзіўная адукацыя садзейнічае таму, што моладзь становіцца разумнейшай, а грамадства — больш адкрытым.
Толькі ў Мінску працуе пяць школ з інклюзіўнымі класамі. У сталічнай школе № 12 нават створаны музей параалімпійскай славы. «Інклюзіўная адукацыя датычыцца не толькі школ. У каледжы радыёэлектронікі ёсць кафедра для людзей з інваліднасцю, дзе выкладчыкам працуе сляпы чалавек. У Гродне на базе філіяла гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта ёсць аддзяленне, дзе людзі з інваліднасцю вучацца на фізіятэрапеўтаў, спецыялістаў па масажы», — расказвае Мікалай Шудзейка.
Многія параалімпійцы моцныя не толькі на спартыўных арэнах, але і ў вучэбных установах. Больш за 70 спартсменаў маюць вышэйшую адукацыю. Сярэбраны прызёр Параалімпійскіх гульняў у Пхёнчхане Дзмітрый Лобан адразу пасля гульняў паступіў у БДУФК. Алена Сяркульская, якая выступала ў танцах на калясках, працуе на факультэце аздараўленчай фізічнай культуры БДУФК.
Аднак ёсць і праблемы з адукацыяй у параалімпійскім спорце. У беларускіх навучальных установах няма спецыяльных праграм, курсаў для трэнераў, якія будуць працаваць з параалімпійцамі. «Трэнеры, якія прывялі спартсменаў да званняў чэмпіёнаў, прыйшлі да гэтага спосабам спроб і памылак. Яны любяць працу, бо калі душа не ляжыць — ніякія ўніверсітэты не дапамогуць. Калі да нас прыйшла Насця Шляпцова, малады трэнер тэнісістаў на інвалідных калясках, я і падумаць не мог, што яе гэта так зацікавіць. А яна з такой апантанасцю ўзялася за працу! Ігар Фартуноў, трэнер па лёгкай атлетыцы, цікавіцца навінкамі, усё адсочвае, дарэчы, у мінулым сам выступаў. Працуюць з нашымі спартсменамі і трэнеры, якія рыхтавалі здаровых спартсменаў. Па сутнасці, фізіялогія ва ўсіх адна — патрэбна толькі правільна размяркоўваць нагрузку, гэты навык ужо з вопытам развіваецца. Зараз мы распрацоўваем праграмы падрыхтоўкі па розных відах спорту, уключаем туды і тэарэтычны, і практычны вопыт, каб у трэнераў быў хоць які дапаможнік», — дзеліцца Мікалай Мікалаевіч.
Асноўны прынцып інклюзіўнай адукацыі — навучанне разам — датычыцца не толькі школы, але і спартыўных секцый. У большасці здаровыя спартсмены працуюць разам са спартсменамі з інваліднасцю. Разам з Міністэрствам спорту і турызму Нацыянальны параалімпійскі камітэт распрацаваў нарматыўныя дакументы, якія рэгламентуюць працу камбінаваных, інтэграваных груп. Спецыялізаваных спартыўных секцый для дзяцей з інваліднасцю ў краіне няшмат. І, як многае ў параалімпійскім руху, з'явіліся яны дзякуючы энтузіязму. Радзівон Сініцын на базе бабруйскага вучылішча алімпійскага рэзерву трэніруе групу 14 плыўцоў. У магілёўскай СДЮШАР прафсаюзаў «Спартак» трэнер Васіль Гаўруковіч ініцыяваў адкрыццё лыжнай секцыі для дзяцей з парушэннямі зроку. Параалімпійская чэмпіёнка па лёгкай атлетыцы Ганна Канюк на базе гродзенскай СДЮШАР № 2 працуе з групай маладых спартсменаў. Усяго тры спецыялізаваныя групы на ўсю краіну. Але ж важная не колькасць, а якасць…
Пад дахам дома свайго
Важнай вяхой у развіцці беларускага параалімпійскага руху стала адкрыццё ў 2016 годзе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх і дэфалімпійскіх відах спорту. Гэта перавяло падрыхтоўку спартсменаў на прафесійныя рэйкі. Большасць трэнераў перасталі працаваць на грамадскіх пачатках, а былі аформлены як штатныя спецыялісты — цяпер там працуюць 45 трэнераў. Наяўнасць РЦАП дазваляе набіраць спецыялізаваныя групы, арганізоўваць зборы для спартсменаў. Гэта добра, але недастаткова. «У нас няма спецыялізаванага аб'екта для параалімпійцаў. Але, улічваючы наяўнасць безбар'ернага асяроддзя на спартыўных арэнах, ён нам не надта патрэбен. Нам неабходны гасцініца ці інтэрнат, каб спартсмены маглі прыязджаць на зборы і разам жыць, трэніравацца, выконваць спартыўны рэжым. Гэта нармальная практыка падрыхтоўкі да важных стартаў», — дзеліцца Мікалай Шудзейка. Пакуль мары аб уласнай базе разбіваюцца аб самую прымітыўную праблему — матэрыяльнае пытанне, таму не будзе лішняй спонсарская дапамога. Ускладняюць становішча і чалавечыя рэсурсы. Штат Нацыянальнага параалімпійскага камітэта не перавышае пяці чалавек. Дзякуючы энтузіязму і адданасці справе выконваецца важная дзяржаўная задача — сацыялізацыя, падтрымка людзей з інваліднасцю. Як кажа Мікалай Мікалаевіч, увесь свет здзіўляецца, як беларусам удаецца так працаваць і паказваць высокія вынікі. Але ж параалімпійскі спорт можа ўсё…
Новае жыццё — спартыўнае
Здараецца, што людзі, якія ніколі раней не займаліся спортам, пасля траўмы і набыцця інваліднасці пачынаюць. Улад Грыб надта глыбока нырнуў і зламаў пазванкі — набыў інваліднасць, і зараз паказвае нядрэнныя вынікі на спаборніцтвах у кіданні булавы. Юлія Няжура спартсменкай ніколі не была, але трапіла ў аварыю і знайшла сябе ў параалімпійскім спорце. Падобная сітуацыі і ў Ірыны Бараноўскай.
Большасць параалімпійцаў ужо маюць спартыўны вопыт. Ігар Бокій у 14 гадоў хацеў паступаць у вучылішча алімпійскага рэзерву. Але з-за праблем са зрокам не прайшоў медыцынскую камісію. Аднак гэта не перашкодзіла яму стаць 11-разовым параалімпійскім чэмпіёнам па плаванні. Людміла Волчак, Мікалай Без'язычны, Наталля Шавель, Дзмітрый Барташэвіч, Дзмітрый Ходас — спартсмены, якія працавалі дзеля алімпійскіх узнагарод, а заваявалі параалімпійскія. Мікалай Шудзейка ўпэўнены: спорт — найлепшы спосаб сацыяльнай адаптацыі для людзей з інваліднасцю.
Беларусы-алімпійцы на летніх Алімпійскіх гульнях 2016 года заваявалі дзевяць медалёў (адзін залаты), параалімпійцы — дзесяць (восем залатых). З зімовых гульняў — 2018 алімпійцы прывезлі тры медалі (два залатыя), параалімпійцы — 12 (чатыры залатыя). «На Алімпійскіх гульнях прадстаўлена больш краін, чым на Параалімпійскіх, што можа ўплываць на колькасць медалёў. Але з кожным годам краін-удзельніц на Параалімпійскіх гульнях становіцца больш. І ў нас назіраецца медальны спад. Таму зараз мы праводзім змену пакаленняў, адбіраем найлепшых спартсменаў і ў будучыні вернемся да сваіх медальных паказчыкаў», — тлумачыць Мікалай Шудзейка. На пытанне, колькі медалёў плануецца заваяваць у Токіа, Мікалай Мікалаевіч дае ўніверсальны, але філасофскі адказ: не горш, чым на папярэдняй Параалімпіядзе.
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/sport
[4] https://zviazda.by/be/tags/paraalimpiycy
[5] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalny-paraalimpiyski-kamitet
[6] https://zviazda.by/be/tags/yubiley